Сёння ў сістэму Дзяржаўнай архіўнай службы ўваходзяць 6 рэспубліканскіх, 9 абласных, 16 занальных дзяржаўных архіваў, 2 навукова-даследчыя ўстановы, 2 лабараторыі, якія займаюцца рэстаўрацыяй і мікрафільмаваннем архіўных дакументаў, галіновы часопіс “Архівы і справаводства”.
У дзяржархівах нашай краіны знаходзіцца на пастаянным захоўванні болей за 11 мільёнаў архіўных спраў. Найбольш старажытныя з іх — сапраўдныя пергаментныя граматы ХІV — ХVІІ стагоддзяў, а таксама актавыя кнігі судовых устаноў Беларусі ХV — ХVІІІ стагоддзяў. Каля 300 тысяч дакументаў лічацца асабліва каштоўнымі. Штогод у архіўныя ўстановы паступае да 30 тысяч запытаў сацыяльна-прававога характару. Беларускія архівісты актыўна супрацоўнічаюць з калегамі з Расіі, Польшчы, Украіны, Літвы, Германіі, Аўстрыі.
Нацыянальны архіў РБ пераедзе ў новае месца і адзначыць сваё 80-годдзе ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Чакаюць новых памяшканняў і два архівы, якія зараз месцяцца ў помніку архітэктуры барока, былым касцёле святога Язэпа ў Мінску.
Кіраўнік НАРБ В.Селяменеў адзначыў, што Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь — найбуйны ў краіне. У яго фондах захоўваецца каля 1 мільёна спраў. Тут працуюць 153 супрацоўнікі. У архіве сканцэнтраваны матэрыялы па гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя. Сярод іх — дакументы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнай улады, шматлікіх арганізацый. НАРБ штогод выдае 2-3 дакументальныя зборнікі. 23 мая ў НББ адкрыецца выстаўка пад назвай “З гісторыяй на “вы”, дзе будзе прадстаўлена археаграфічная дзейнасць Нацыянальнага архіва РБ: зборнікі дакументаў, даведнікі, каталогі, публіцыстычныя матэрыялы — усяго больш за 100 выданняў.
Многія з іх напісаны ў супрацоўніцтве са спецыялістамі інстытута імя Людвіга Больцмана па даследаванні наступстваў войнаў (Аўстрыя), Фэдэральнай архіўнай службы Расіі, аб’яднання “Саксонскія мемарыялы” (Германія). Выстаўка пазнаёміць таксама з арыгінальнымі дакументамі па станаўленні архіўнай справы, рарытэтнымі матэрыяламі па гісторыі Беларусі.
Наш кар.