“Cапраўдная культурная скарбніца Айчыны”

№ 44 (913) 31.10.2009 - 06.11.2009 г

Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка павіншаваў супрацоўнікаў Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі” з 50-годдзем з дня ўтварэння.

 

"Ваш калектыў - гэта сапраўднаякультурная скарбніца Айчыны, носьбіт, захавальнік і прапагандыст лепшых узораў нацыянальнай і сусветнай харэаграфіі. У ім выхавана не адно пакаленне вядомых артыстаў і балетмайстраў, якія ўзбагацілі беларускае мастацтва", - гаворыцца ў віншаванні. Аляксандр Лукашэнка пажадаў супрацоўнікам калектыву новых творчых здзяйсненняў, невычэрпнага натхнення, здароўя, шчасця і добрага настрою.

 Паводле паведамлення Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Матэматыка ўзлёту

Дзяржаўнаму ансамблю танца Беларусі - 50! Але гэтая лічба- даволі адносная. Бо артысты ў ім больш як удвая маладзейшыя! Самім жа танцам беларускім далёка не адно стагоддзе, а выглядаюць яны ў выкананні ансамбля ніяк не музейнымі рарытэтамі. Бо ўсё гэта - арыгінальныя аўтарскія пастаноўкі. Пераважна - кіраўніка калектыву, народнага артыста Беларусі Валянціна Дудкевіча.

За 50 гадоў Ансамбль перажыў розныя перыяды. Зведаў розныя мастацкія кірункі, творчыя падыходы да фальклору. Нязменным быў хіба поспех у публікі, у тым ліку ў далёкім замежжы: прасцей, мабыць, вызначыць, куды яшчэ артысты не з'ездзілі, чым пералічыць тыя краіны і фестывалі, дзе яны пабывалі. Цяперашняя пазіцыя В.Дудкевіча - арыентацыя, найперш, на маладзёжную аўдыторыю. Гэта не значыць, што людзям "за 30" уваход на іх канцэрты забаронены, наадварот: гэта тая публіка, што ўжо добра ведае ансамблевы "знак якасці". Кіраўнік жа дбае, як прыцягнуць да народных скокаў тых, хто цікавіцца адно камп'ютэрным экранам і, у лепшым выпадку, дыскатэкай. Таму яго пошукі накіраваны на магчымыя спалучэнні фольку з усім суквеццем сучасных эстрадных танцаў і мадэрна. А самі кампазіцыі ператвараюцца ў нязмушаныя сцэнкі-жарты, яскравыя жанравыя замалёўкі і нават філасофскі роздум пра гістарычны лёс краіны і яе людзей. Так што формула "50 на 50" тут не падыходзіць: творчае стаўленне да сваёйпрацы ў калектыве- "на ўсе 100". Майстэрства артыстаў Ансамбля - на мяжы магчымага. Сёння моладзь калектыву без аніякай знешняй цяжкасці выконвае тыя выкрунтасы, што зусім нядаўна лічыліся прыярытэтам хіба асобных салістаў. Але тэхніка вышэйшага пілатажу не дэманструецца, бы нейкі "выставачны ўзор", - яна становіцца натуральнай часткай змястоўна-вобразнага сэнсу кожнай праграмы.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"