“...Камедыя” ды гравюры

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

У працяг праекта “Італьянскае Адраджэнне” ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з прэзентацыі выстаўкі“Італьянская кніга на беларускіх землях часоў Боны Сфорцы” адбылося ўрачыстае адкрыццё Тыдня італьянскай мовы.

Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італьянскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Джуліо Прыджоні, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і сувязях з грамадскасцю Людміла Кірухіна. У выставачную экспазіцыю ўвайшлі старадрукі, выдадзеныя ў Італіі ў другой палове XV - XVI стст. У прыватнасці, экспануецца кніга Дантэ Аліг'еры "Боская камедыя", выдадзеная ў Фларэнцыі ў 1481 годзе. Экземпляр адметны тым, што з'яўляецца першым ілюстраваным выданнем "Боскай камедыі", зробленым італьянскім друкаром Мікола дэ Ларэнца ў родным горадзе паэта, а таксама адным з самых ранніх выданняў з гравюрамі на метале. Джуліо Прыджоні перадаў у дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі шэраг выданняў, у тым ліку кнігі і электронныя дакументы, прысвечаныя нацыянальным традыцыям, культуры Італіі.