“Кнігі-знакі” Хасіпа Пекташа

№ 20 (786) 19.05.2007 - 25.05.2007 г

У Музеі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у рамках культурнага абмену адбылася персанальная выстаўка экслібрысаў прафесара, загадчыка кафедры графічнага дызайна Універсітэта Хаджэтэпе г. Анкары Хасіпа Пекташа.

 /i/content/pi/cult/115/320/H.Pektash.jpg
Экслібрыс — гэта практычна пашпарт кнігі, ён прызначаны для таго, каб ідэнтыфікаваць яе ўладальніка. Але, акрамя
чыста прыкладной функцыі, экслібрыс усё часцей набывае самастойнае мастацкае значэнне. Непасрэдна ў кнігу ён уклейваецца вельмі рэдка. Сёння экслібрыс — гэта малафарматны твор, прадмет экспанавання, калекцыянавання і абмену. Многія маладыя беларускія графікі актыўна асвойваюць сакрэты стварэння экслібрысаў і паспяхова прадстаўляюць свае творы гэтага жанру ў міжнародных конкурсах.

Таму выстаўка аднаго з вядомых і цікавых экслібрыстаў Турцыі Хасіпа Пекташа ў Беларусі выклікала вялікую цікавасць нашых мастакоў. Хасіп Пекташ актыўна прапагандуе мастацтва экслібрыса ў Турцыі і за яе межамі. Ён з’яўляецца прэзідэнтам Аб’яднання экслібрыстаў Анкары і Мастацкага музея Хаджэтэпе, аўтарам кнігі і складальнікам шэрагу каталогаў пра сучасны экслібрыс, арганізатарам першага і другога міжнародных конкурсаў экслібрыса ў Анкары ў 2003 і 2007 гадах.

Яго экслібрысы сведчаць, што сёння ў гэтай форме графічнага мастацтва вылучаюцца найперш не нацыянальныя матывы або арнаментыка, а агульная, зразумелая для ўсіх без слоўных тлумачэнняў тэматыка кахання, прыроды, музыкі, гарадскіх відарысаў. Удасканальваюцца і мастацкія сродкі выканання: тэхнічныя навацыі, выкарыстанне магчымасцей лічбавага друку, камп’ютэрнай апрацоўкі. Яны часам становяцца самадастатковай характарыстыкай сучаснага экслібрыса. На пытанне, што першынствуе ў творах Хасіпа Пекташа, адказвае аўтар тэксту да яго каталога, прафесар Істамбульскага універсітэта Сіткі М.Эрынк: “Перад мастаком заўжды будзе стаяць дылема: тэхнічнае ўдасканаленне на мяжы магчымасці або мастацкасць, глыбіня раскрыцця, вобразнасць выявы. Нягледзячы на першынство адбіткаў графічных станкоў і працу над тэхнічна дасканалымі “мініяцюрамі”, эмоцыі, укладзеныя ў работы Хасіпа Пекташа, здаюцца натуральнымі, а не “зробленымі.”

Н.Ш.