Царская брама з... саломкі

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

Восень завітала ў Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах, а разам з ёй — і новая выстаўка “З глыбінь — у будучыню”. Тут адчуваецца атмасфера старажытнасці і архаікі, але, разам з тым, разумееш, што ўсе экспанаты створаны рукамі сучаснікаў.

 

/i/content/pi/cult/232/3197/12-1.jpgДзве таленавітыя жанчыны робяць цудоўныя рэчы, вучаць свайму майстэрству іншых. Гэта дацэнты кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Тамара Васюк і Лідзія Малахава. Яны распрацоўваюць у навуковатворчай лабараторыі "Традыцыйныя рамёствы беларусаў" сучасныя мастацкія тэхналогіі, выкарыстоўваюць і адноўленыя старажытныя. Тамара Васюк - адметны кераміст. Шукае страчаныя архаічныя формы і ўзоры, аднаўляе тэхналогіі. Збанкі і ночвы пад яе рукамі ператвараюцца ў адметныя і незабыўныя мастацкія творы, а звычайны гарлач нагадвае крылатую багіню...

 Саламяныя аплікацыі Лідзіі Малахавай адлюстроўваюць свет сялянскага жыцця з яго паўсядзённасцю, традыцыямі і святамі. Знаёмыя рэчы набываюць мастацкую каштоўнасць, але, разам з тым, не страчваюць глыбіннага зместу і сувязі з сялянскім побытам: паласатыя даматканыя посцілкі на плоце, звычайныя кветкі, гліняны посуд - усё зіхаціць і набывае патаемны сэнс... На выстаўцы таксама прадстаўлены курсавыя і дыпломныя працы іх студэнтаў: акарыны і цацкі, саламяныя царскія брамы і аклады для абразоў, пано, выкананыя ў тэхніцы аплікацыі і роспісу па шкле.

 Экспанаты выстаўкі "З глыбінь - у будучыню" маюць лагічную сувязь з творамі, якія знаходзяцца ў пастаяннай музейнай экспазіцыі. Бо толькі ў нашым музеі, скажам, вы зможаце ўбачыцьцарскія брамы, выкананыя з жытняй саломкі. Менавіта гэтыя творы народнага мастацтва падштурхнулі Алену Шаціла стварыць сваю царскую браму, адметную ад ужо вядомых. А традыцыйныя саламяныя птахі, вядомыя пад назвай "жаваронкі", саступілі месца суч а с н ы м " В а р о нам". З гумарам да іх выканання п а д ы ш л а Юлія Раманоўская. На сумны роздум наводзіць гумарыстычны, на першы погляд, твор Уладзіміра Маторава "Яно". Што яшчэ раз падцвярджае меркаванне: сапраўдны настаўнік вучыць думаць.

Таццяна АНДРЫЕВІЧ,

навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея

На здымках: музейная экспазіцыя; А.Шаціла. "Царская брама".