Рэпетыцыя бенефісу

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

У мастацкім салоне “Оліаrt”, які дзейнічае ў Віцебскай абласной бібліятэцы, адбылася творчая імпрэза актрысы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа Раісы Грыбовіч.

"Я - цэлы свет, я - цэлая планета" - так назвала Раіса Сцяпанаўна сваю сустрэчу з сябрамі, калегамі і прыхільнікамі тэатра. Сапраўды, гэтая незвычайная жанчына, якую віцябчане называюць другой Зінаідай Канапелькай, - таямнічая зорка, паўнюткая загадкавасці і нечаканасцей. Гучалі ўспаміны актрысы пра бацькоў, далёкую пару дзяцінства...
Пасля сканчэння васьмі класаў Мерчыцкай сярэдняй школы дзяўчына даслала дакументы ў Горкаўскае тэатральнае вучылішча. Адтуль прыйшоў адказ, што спазнілася: экзамены скончыліся. Ды не ў характары Раісы было сядзець склаўшы рукі. Сястра падказала, што ў Пінскім будаўнічым вучылішчы ствараецца ансамбль "Палескія зоры". Грыбовіч вырашыла і артысткай стаць, і прафесію набыць. Неўзабаве паступіла ў Гродзенскае вучылішча мастацтваў, пасля трапіла на работу ў драматычны тэатр Віцебска. Яшчэ адзін крок у творчым сталенні нашай гераіні - вучоба ў Маскоўскім дзяржаўным тэатральным інстытуце на курсе легендарнай Эліны Быстрыцкай. Вечар атрымаўся на славу і, па словах Грыбовіч, стаўся рэпетыцыяй будучага бенефісу.
Наталля ФЕНЧАНКА, вядучы бібліятэкар Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна