“Лічба” пакуль... не “вылупілася”

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

Гэтымі днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі завяршае сваю працу Першы Міжнародны фестываль лічбавага мастацтва “Terra Nova”. Дзесяткі твораў лічбавага жывапісу і фатаграфіі, камп’ютэрнай графікі і відэа-арту, анімацыйных фільмаў і кароткіх метраў, рэкламных ролікаў і музычных кліпаў былі прадстаўлены гледачу менш чым за два тыдні. Актыўная цікавасць да фестывалю з боку маладых мастакоў і проста аматараў мастацтва дае магчымасць арганізатарам ужо сёння думаць пра працяг мастацкага фэсту ў наступным годзе.

 

/i/content/pi/cult/232/3187/7-2.jpg
У.Фядотка. “Рамантычны партрэт на фоне
тоўчаных смарагдаў і гранатавага пылу”.
Чаму лічбавае мастацтва так цікавіць нашых сучаснікаў? Як заўважыць мяжу паміж сапраўдным мастацтвам і дылетанцтвам, схаваным за ўдалым камп'ютэрным эфектам? Гэтымі і многімі іншымі пытаннямі задаліся ўдзельнікі выніковага мерапрыемства фестывалю - "круглага стала".

Адзначу, дарэчы, што сапраўднай дыскусіі, якую звычайна прадугледжвае такая форма вядзення дыялога, не адбылося - размова атрымала, хутчэй, пазнаваўчы характар. Лічбавыя тэхналогіі, хаця і запаўняюць амаль усё наша жыццё, як праява мастацтва для нас паранейшаму застаюцца чыстай старонкай. "На жаль, пакуль мы ставімся да лічбавага мастацтва як да нечага, што яшчэ толькі нараджаецца, як да чагосьці яшчэ не "вылупленага", - кажа куратар фестывалю Фёдар Ястраб. - Але ж трэба ўлічваць імклівасць развіцця тэхналогій. Ужо сёння можна казаць пра пэўную гісторыю лічбавага мастацтва, у тым ліку і ў Беларусі". Разам з пытаннямі развіцця лічбавага мастацтва ў нашай краіне ўзнімаліся і больш агульныя. А іх сапраўды шмат. Ды і, здаецца, чым больш інтэнсіўна "тэхналагічнае" мастацтва ўваходзіць у паўсядзённае жыццё, чым часцей мастацтвазнаўцы сутыкаюцца з ім у прафесійнай дзейнасці, тым больш і больш іх з'яўляецца. Як знайсці мяжу паміж уласна мастацтвам і мас-артам? Якое месца ў такім выпадку займае аўтар, часта - калектыўны? Як мастаку знайсці ўнутраны кампраміс паміж творцай і тэхнікам? Ды і, нарэшце, станоўчая гэта з'ява на сучасным этапе развіцця творчасці ці, наадварот, адмоўная? Дызайнер, выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандр Шчэпетаў лічыць, што камп'ютэрныя тэхналогіі павінны быць толькі сродкам для выканання задумы, але законаў кампазіцыі і колеру, як і іншых мастацкіх пастулатаў, ніхто адмяняць не збіраецца. "Таму перш за ўсё нашы студэнты вучацца разумець і ствараць традыцыйнае мастацтва. І толькі калі гэты этап засвоены, можна прымяняць тэхнічныя ўменні", - лічыць дызайнер.

/i/content/pi/cult/232/3187/7-4.jpg
А.Зубоф. “Puzzleland”.
Зразумела, даць дакладныя адказы на ўсе пастаўленыя пытанні немагчыма. Але цікавыя, глыбокія думкі наконт лічбавай плыні мастацтва, якімі дзяліліся ўдзельнікі размовы, па меркаванні Фёдара Ястраба, павінны стаць асновай тэарэтычных ведаў, якіх па-сапраўднаму нехапае такому звычнаму, нават паўсядзённаму, і ўсё ж такі новаму для нас віду мастацтва. Таму напрыканцы сустрэчы куратар выказаў прапанову: пад час працягу фестывалю ў наступным годзе зрабіць акцэнт не толькі на прэзентацыі практычных твораў, але і на такога кшталту сустрэчах, размовах, магчыма, нават лекцыях.