“Пацалунак” паміж Небам і Зямлёй

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

З 16 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь экспануецца выстаўка скульптуры Андрэя Вераб’ёва пад назвай “Паміж Небам і Зямлёй”.

 

Творы А.Вераб'ёва заўсёды прысвечаны чалавеку, сучасніку, эмацыянальна тонкаму і нават крохкаму, нелюбімаму дзіцяці эры ўсеагульнага прагматызму, які нязменна востра адчувае імгненнасць сваёй прысутнасці на зямлі. Верагодна, менавіта з гэтай прычыны мастак так надрыўна шукае паразумення, пачуццёвасці, любоўнага яднання ці хаця б іх ілюзій, які марыць пра сусветную гармонію, увасобленую ў ягоным утрапёным "Я". Таму не выпадкова яго творчасць так выразна падзяляецца на дзве асноўныя лініі: гэта пранізліва-экспрэсіўная аўтапартрэтная серыя ды блізкая ёй па сэнсе тэма Маскі і кранальна-даверлівая паводле сваёй адкрытасці галерэя любоўна-эратычных работ.

У шэрагу аўтапартрэтаў вобраз мастака распадаецца на мноства разнастайных абліччаў, станаў і настрояў. I кожны з іх - гэта найперш сам творца, якім ён быў або як адчуваў сябе ў нейкі пэўны дзень ці час ("Аўтапартрэт з прыкметамі старэння", "Настрой у дзень саракагоддзя"). Разам з тым, усе работы згаданага кола - штосьці значна большае і сур'ёзнае, чым проста рэалізаваная ў матэрыяле, натуральная для любога чалавека, цікавасць да самога сябе; мэта мастака відавочна знаходзіцца па-за яго асобай. Хутчэй, можна казаць пра імкненне пільнага вывучэння на прыкладзе мадэлі самай падатлівай і паслухмянай - сябе - феномена чалавека ў цэлым.

Адсюль - уласцівы і аўтапартрэтам, і маскам амаль што рытуальны, пазачасавы і пазапрасторавы стан, як быццам сам-насам з вечнасцю, і гуллівая складанасць вобразнага зместу, дзе побач з асноўным, відавочным аспектам утойваецца цэлы свет празрыстых адценняў думак і эмоцый, якія праступаюць адна праз адну выключна раптоўна, "неўзабаве", нібыта ў момант цудоўнага азарэння, і таму спараджаюць вытанчаную мігатлівасць сэнсаў і інтэрпрэтацый ("Бясконцасць у форме маіх галоў", "Паміж Небам і Зямлёй", "Унутры"). Апаэтызаваная, абласканая, абагаўлёная цялеснасць, чыстасардэчнавыстаўленая напаказ, уладарыць у любоўных творах мастака. Гэта людзі - пластычныя знакі, формы якіх паўтараюцца і прадаўжаюцца адна ў другой, яны магчымыя толькі ў суіснаванні і ў ім жа трансфармуюцца ў аб'екты новыя і самадастатковыя ("Пацалунак", "Удваіх"). Гэтыя творы поўныя той адначасова трапяткой і радаснай атмасферы, таго гарманічнага спакою і паўнаты жыцця, якія нярэдка адсутнічаюць у аўтапартрэтах. Разнастайнасць у Вераб'ёва тут - у свабодзе імправізацый, у бясконцых варыянтах адной і той жа тэмы, якая, занатоўваючы толькі кароткае імгненне хуткаплыннай рэчаіснасці, распавядае пра сэнс жыцця і, адначасова, - пра намаганні забыцца на яго.

 Ірына СКВАРЦОВА,

 кандыдат мастацтвазнаўства