І з вераю...

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

22 і 23 кастрычніка на сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра адбылася прэм’ера драматычнай балады “…І Вера” паводле рамана Васіля Быкава “Кар’ер”. Аўтарам інсцэніроўкі і рэжысёрам спектакля з’яўляецца Віктар Куржалаў.

 

Не сакрэт, што надаць сцэнічнае жыццё празаічнаму твору - задача, складаная для любога рэжысёра. І ўдвая няпростай яна становіцца тады, калі аўтар - такі класік, як Васіль Быкаў, - фігура сусветнай велічыні. Пастаноўка магіляўчан - не проста даніна памяці тым, хто вызваліў нашу краіну ад страшэннай навалы фашызму, але і размова з гледачамі, у першую чаргу - з маладым пакаленнем беларусаў, пра тое, што сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці і душэўная чысціня маюць значэнне не толькі на вайне. Яны - вышэй за ўсё, бо толькі дзякуючы ім працягваецца жыццё на гэтай планеце, а ў нас жыве вера ў Чалавека, сцвярджае рэжысёр спектакля. У новай рабоце Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, поруч з маладымі акцёрамі, заняты і такія мэтры сцэны, як заслужаны артыст Расіі Аляксандр Палкін і заслужаная артыстка Беларусі Зоя Бурцава.