Тураўская восень

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

26 кастрычніка ў Магілёве распачнецца кінатыдзень, прысвечаны беларускаму рэжысёру і сцэнарысту, народнаму артысту Беларусі і СССР, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі СССР і Дзяржаўнай прэміі Беларусі, магіляўчаніну Віктару Тураву. Кінапраграма носіць назву “Тураўская восень”.

"Магілёўскі кінавідэапракат" ладзіць кінадні ў гонар рэжысёра, пачынаючы з 2001 года. І сёлетняя восень не стала выключэннем: цягам тыдня ў кінатэатрах Магілёва "Радзіма" і "Ветразь" прадэманструюць слынныя стужкі майстра, у мерапрыемствах прымуць удзел калегі рэжысёра. Сваю згоду выступіць на кінапаказах ужо далі намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навукова-тэхнічным прагрэсе, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Святлана Сухавей, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Юрый Цвяткоў.
 - "Віктар Цімафеевіч Тураў - гэта знакавая для нас, магіляўчан, постаць, - адзначыла начальнік аддзела рэпертуарнага планавання "Магілёўскага кінавідэапракату" Людміла Белавусава. - З яго імем звязаны найбольш яскравыя, непаўторныя старонкі нашай нацыянальнай культуры: ягоныя карціны "Я родам з дзяцінства", "Вайна пад стрэхамі", "Людзі на балоце", "Подых навальніцы", "Шляхціч Завальня" - гэты залаты фонд беларускага кіно. Нагадаю і пра рэжысёрскі дэбют майстра: стужку "Праз могілкі" , якая ў 1994 годзе была ўнесена UNESCO ў Спіс ста лепшых фільмаў аб Другой сусветнай вайне. Кіно Турава - гэта тое мастацтва, якое да гэтай пары цікавае гледачам як старэйшага, так і сучаснага пакалення. І мы лічым сваім абавязкам яшчэ і яшчэ раз гаварыць аб творчасці майстра. Стартуе "Тураўская восень" вядомай стужкай кінакласіка "Я родам з дзяцінства", да якой рэжысёр ставіўся вельмі пяшчотна і якую ў тым самым, апошнім для яго, 1996 годзе ён асабіста выбраў для паказу на сваім творчым вечары.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"