Найшоў фармат на камень...

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

Айчынная дакументалістыка — бадай, самая паспяховая на сённяшні дзень частка беларускага кінамастацтва. Аб гэтым сведчаць штогадовыя поспехі нашых студый і іх рэжысёраў на розных міжнародных фестывалях. Імёны Віктара Аслюка, Міхаіла Жданоўскага, Галіны Адамовіч і іншых творцаў абавязкова з’яўляюцца на старонках каталогаў шматлікіх форумаў, годна прадстаўляючы нашу краіну ў кінематаграфічным свеце. Але пра росквіт дакументалістыкі як галіны казаць не даводзіцца: шырокі глядач беларускіх дакументалістаў не ведае і стужкі іх не глядзіць. Пры гэтым нельга сказаць, што ён не мае такой магчымасці.

 

/i/content/pi/cult/232/3181/5-1.jpgБеларускія дакументальныя стужкі паказвае тэлебачанне, іх рэгулярна дэманструюць у кінатэатрах. Відавочны рух і на рынку гандлю відэадыскамі: беларуская дакументалістыка за апошні год з'явілася ў продажы. Тым не менш, яна - сапраўдная "terra incognita" для большасці гледачоў. Што вельмі крыўдна: менавіта пра суайчыннікаў зняты і на іх разлічаны стужкі студыі "Летапіс" РУП "Беларусьфільм", прадукцыя РУП "Белвідэацэнтр", іншых вытворцаў. Відавочна, што справа - не толькі ў мастацкім узроўні і ўзроўні падрыхтоўкі кадраў для нашага кіно. А ў чым жа яшчэ?

 О tempera...

Жыццё не стаіць на месцы. Апошнія некалькі дзесяцігоддзяў былі асабліва важнымі ў сэнсе культурных змен. Аўдыёвізуальная рэвалюцыя не дазваляе больш выбіраць спосаб атрымання інфармацыі пра наваколле - большую частку яе сучасны "сярэдні" чалавек у развітых краінах атрымлівае праз той ці іншы экран. Ды вось калі ў краінах, дзе камерцыйная форма тэлебачання адразу паставіла крыж на іншых экранных формах падачы інфармацыі, дакументалістыка адразу апынулася на другарадных ролях. У СССР жа яна паспяхова развівалася, у тым ліку і ў мастацкім накірунку. Пік развіцця беларускай дакументалістыкі прыпаў на самы канец 1990-х, калі яна стала важным чыннікам грамадскай думкі, а самі стужкі збіралі ці не сотні тысяч гледачоў. Можна прыгадаць хаця б стужку Анатоля Алая "Не плачце пра мяне", якая выклікала вялікі розгалас не толькі ў асяродку арт-багемы.

Без права на альтэрнатыву

 Але сітуацыя імгненна змянілася са з'яўленнем на постсавецкай прасторы камерцыйнай мадэлі тэлебачання. Дакументалісты-традыцыяналісты з іх пранікнёна-даверлівай інтанацыяй і ўхілам у публіцыстыку апынуліся на ўзбочыне не толькі грамадскага, але і мастацкага працэсу. Балем стала правіць тэлежурналістыка, прапануючы асноўнай масе гледачоў відовішчы і эмоцыі на любы густ. - Пад уплывам тэлевізійных стандартаў поле для высокамастацкай дакументалістыкі ўвесь час памяншаецца, - гаворыць галоўны рэжысёр студыі РУП "Белвідэацэнтр", кіраўнік яго мастацкага савета Аляксандр Карпаў. - Цяпер вельмі цяжка знайсці спецыялістаў, якія цалкам разумеюць, як трэба здымацьдля вялікага экрана. Нават вопытныя рэжысёры, папрацаваўшы на тэлебачанні, прыходзяць да нас са старонкамі гатовага тэксту, спадзеючыся падагнаць пад апошні візуальны рад. Што казаць пра моладзь! Калі рэжысёраў для пастановак знайсці яшчэ можна, то з якасна падрыхтаванымі аператарамі, гукааператарамі значна цяжэй. Зусім кепска - са сцэнарыстамі: іх у нашай краіне проста не рыхтуюць... З меркаваннем рэжысёра можна пагадзіцца, але не трэба забываць і пра тое, што менавіта тэлебачанне на сённяшні дзень - асноўны заказчык і пакупнік дакументальнай прадукцыі, і ад каналаў залежыць у тым ліку і тое, з якім працэнтам рэнтабельнасці будуць працаваць нашы дакументальныя студыі. Пакуль эканамічныя паказчыкі - ці не самае балючае месца ў нашых кінавытворцаў увогуле і ў дакументалістаў у прыватнасці. Канкурэнцыя за ўвагу гледача - вельмі вялікая, і адчуваюць сябе ў гэтым сэнсе беларускія дакументалісты вельмі няўпэўнена, нават пры ўсёй падтрымцы дзяржавы. Нягледзячы на тое, што, да прыкладу, "Белвідэацэнтр" за восем месяцаў гэтага года прадаў каля 16 тысяч адзінак сваёй прадукцыі агульным коштам на 121 млн. рублёў (за ўвесь мінулы год было ўсяго 75 млн.), пра акупнасць вытворчасці казаць пакуль не даводзіцца. Так, справа з продажам дыскаў зрушылася з мёртвай кропкі, актыўна працуюць са стужкамі "Белвідэацэнтра" кінапракатныя ўстановы, але тэлебачанне ўсё роўна застаецца самым жаданым "кліентам". Іншыя магчымыя рынкі (напрыклад, прастора продажу фільмаў як метадычных дапаможнікаў) пакуль не распрацаваны. Дыскі "Белвідэацэнтра" з ахвотай за свае грошы набываюць выкладчыкі, але да цэнтралізаваных закупак з боку ўстаноў адукацыі справа пакуль не дайшла. З дыскамі "Летапісу" сітуацыя нашмат больш складаная - з-за таго, што фільмы студыі здымаліся пераважна на кінастужку, і іх перагон на лічбавыя носьбіты каштуе вялікіх грошай, якія звычайна не па кішэні прыватным асобам. Такім чынам, адзіны на гэты момант спосаб выйсці да шырокага гледача і эканамічнай мэтазгоднасці для беларускіх дакументалістаў - тэлебачанне.

Уся справа - у гадзінніку?

 - Попыт на дакументальны прадукт з кожным годам толькі павялічваецца, - сцвярджае дырэктар Дырэкцыі Першага канала Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Аляксандр Капёнкін. - Але сучасны глядач - вельмі патрабавальны, і асноўная ўмова з'яўлення тых ці іншых дакументальных стужак на нашым канале - іх якасць. На жаль, беларускія дакументалісты не заўсёды могуць прапанаваць прадукт патрэбнага ўзроўню і фармату. Цяпер вельмі запатрабаваны цэлыя дакументальныя цыклы, якія можна прадставіць пэўнай катэгорыі гледачоў у пэўныя часавыя "нішы". Яшчэ адно патрабаванне - тэматычная разнастайнасць. Трэба адзначыць, што ёсць кірункі, у якіх "Летапісу" і "Белвідэацэнтру" няма роўных. Маюцца на ўвазе тыя ж стужкі пра Вялікую Айчынную вайну, якія мы з задавальненнем ставім, напрыклад, у святочную праграму. Але калі справа ідзе пра звычайны расклад, то часта беларускія стужкі ў яго папросту не "ўлазяць"... - Справа - у стандартным абмежаванні па часе, - тлумачыць кіраўнік галоўнай рэдакцыі ліцэнзійных праграм і кінапаказаў НДТРК Ларыса Малахава. - Нам патрабуюцца стужкі даўжынёй ці 26 хвілін, ці 52: на фільмы іншай працягласці тэлевізійны расклад не разлічаны. А беларускія вытворцы, бывае, прапануюць творы зусім не стандартнай даўжыні, працаваць з імі вельмі складана. Праблема і ў тым, што тых стужак, якія прапануюць беларускія дакументалісты, нам яўна недастаткова. Нават калі паказваць толькі па адной карціне на тыдзень, трэба мінімум 52 стужкі ў год. Таму абысціся аднымі беларускімі дакументалістамі мы не можам і вымушаны глядзець і за мяжу. Акрамя таго, "Летапісу" і "Белвідэацэнтру" даводзіцца канкурыраваць і з самім тэлебачаннем: у структуры Белдзяржтэлерадыёкампаніі працуе творчая група студыі дакументальнага кіно, фільмы-рэпартажы ствараюць журналісты Агенцтва тэлевізійных навін. - Там, дзе гэта магчыма і мэтазгодна, мы будзем карыстацца паслугамі сваіх падраздзяленняў, - гаворыць Аляксандр Капёнкін. - І толькі тое, што не зможам рабіць самастойна, будзем заказваць у іншых арганізацыях.

Гэтае страшнае слова "фармат"

 Рацыянальны падыход кіраўніцтва тэлеканалаў да дакументальнага кіно ў сваім эфіры цалкам зразумелы. Незразумела толькі тое, што рабіць з самім кінамастацтвам, якое не заўсёды ўпісваецца ў "пракрустава ложа" фармату. Бо пад "фарматам" на тэлебачанні ўспрымаюць не толькі хронаметраж твораў, але, у першую чаргу, спосаб выказвання. Малы памер экрана і перавага аўдыёінфармацыі над візуальнай якраз і адрознівае тэлевізійны прадукт ад стужак для кінатэатральнага паказу. "Скрыня з малюнкамі", як трапна называюць тэлевізар яго праціўнікі, значна абмяжоўвае выразныя сродкі творцы і негатыўна ўплывае на аўтарскае "Я". - Мастацтва ніяк не можа быць "фарматызавана"! - упэўнена кіназнаўца Галіна Шур. - Кіно трэба нарэшце аддзяліць ад журналістыкі. Тое, што сёння выдаецца тэлеканаламі - як нашымі, так і расійскімі - за "дакументальнае кіно", гэта не мастацкія выказванні, а - тэлепраграмы: гэта значыць, пэўная сума ведаў пра нейкія з'явы ці прадметы. З сапраўдным кіно ўсё складаней. Яно не павінна "заганяцца" заказчыкамі ў нейкія рамкі. У Еўропе і ЗША гэта ўжо зразумелі. "Фарматная" хвароба прайшла на заходніх тэлеканалах некалькі дзесяцігоддзяў таму. Схема "інфармацыя + інтэрв'ю з удзельнікам падзей" больш не працуе. Наогул, як толькі нейкі "фармат" канчаткова замацоўваецца, ён адразу перастае быць актуальным і толькі псуе працу сваімі застылымі рамкамі. - Да тэлевізійнай дакументалістыкі трэба падыходзіць з мастацкіх пазіцый, - салідарная з кіназнаўцай кіраўнік творчай групы "Студыя дакументальнага кіно" Белдзяржтэлерадыёкампаніі, рэжысёр Надзея Гаркунова. - Я ўпэўнена, што тэлевізійнае кінамастацтва можа быць цікавым шырокаму гледачу, трэба толькі самому тэлебачанню надаваць больш увагі сваім стужкам, ствараць адпаведную рэкламу і анонсы. Але хуткага росквіту дакументалістыкі на тэлебачанні ўсё роўна чакаць не трэба: якасць падрыхтоўкі маладых кадраў у галіне тэледакументалістыкі вельмі нізкая. З апошнім згодна і Галіна Шур: - У раскладзе заняткаў майстэрні рэжысёраў-дакументалістаў, што ў гэтым годзе была набрана ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, толькі адзін курс гісторыі сусветнай дакументалістыкі, працягласцю ў семестр. Пра якое майстэрства можа ісці гаворка ў такім выпадку?

 * * *

 Сапраўды, спадзявацца на мастацкую якасць тэлевізійнага прадукту ў бліжэйшыя гады вельмі цяжка. Нездарма тэндэнцыі, якія пануюць у апошняе дзесяцігоддзе ў свеце "фестывальнага" кіно, і не толькі дакументальнага, ідуць "ад супрацьлеглага", вітаючы самую простую фіксацыю рэальнасці без каментарыяў персанажаў і закадравага дыктарскага голасу. Менавіта такімі з'яўляюцца стужкі члена Еўрапейскай кінаакадэміі Віктара Аслюка, чые творы ўявіць на тэлеэкране амаль немагчыма. Дарэчы, кінатэатральная аўдыторыя высокамастацкага дакументальнага кіно на Беларусі ўжо пачала афармляцца, прынамсі, у буйных культурных цэнтрах. Пакуль яна невялікая, але з ёй таксама трэба працаваць вытворчым арганізацыям кшталту "Беларусьфільма" і "Белвідэацэнтра". Безумоўна, дакументальныя паказы ў сталіцы не павінны абмяжоўвацца кінаклубамі і штомесячнымі вечарамі ў "Цэнтр-відэа". А пакуль адзінага дакументальнага цэнтра няма, даводзіцца ўскладаць надзеі на тое ж тэлебачанне.