Музейшчык з ласкі Божай

№ 20 (786) 19.05.2007 - 25.05.2007 г

22 мая Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларуст і ўся культурная грамадскасць краіны ўрачыста адзначыць 100-годдзе з дня нараджэння Алены Васільеўны Аладавай (1907 – 1986) - заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, шматгадовага дырэктара гэтага музея, выдатнага збіральніка і прапагандыста, даследчыка і захавальніка высокіх духоўных каштоўнасцей, якімі сёння па праве ганарыцца наша Айчына. Наш карэспандэнт папрасіў дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея РБ Уладзіміра ПРАКАПЦОВА распавесці не толькі пра маючую быць культурную падзею, але і пра тое, як у шматкаляровай музейнай арбіце праходзіць 2007-ы год – Год Аладавай.

 /i/content/pi/cult/115/318/Aladava2.jpg
— Уладзімір Іванавіч, вы не паспелі асабіста пазнаёміцца з Аленай Васільеўнай, тым не менш, з’яўляецеся не толькі годным прадаўжальнікам яе музейнай справы, але і палымяным прыхільнікам яе асноватворнага жыццёвага крэда: аддаваць музею ўсё жыццё да рэшты.
Можа, кажу занадта гучна,
але ж гэта так?

— Так, Алена Васільеўна як унікальная асоба, чалавек-легенда з’яўляецца для мяне яркім прыкладам высакароднага служэння нацыянальнай культуры. І не толькі таму, што трэць стагоддзя яна, пачынаючы з 1944-га, паспяхова ўзначальвала Дзяржаўную карцінную галерэю — Дзяржаўны мастацкі музей, які стаў па якасці калекцый беларускага і рускага выяўленчага мастацтва адным з лепшых у Савецкім Саюзе. Яна была цудоўным арганізатарам музейнай справы, таленавітым збіральнікам унікальных твораў розных краін і народаў, выдатным прапагандыстам гэтых каштоўнасцей і наогул чалавекам, душа якога шырока была адкрыта свету, — вось хто такая Аладава! У гэтых адносінах ёй, па сутнасці, не было роўні ў савецкім музеязнаўстве другой паловы ХХ стагоддзя. Яна была Асобай. Таму невыпадкова, што год 2007-ы ў нас аб’яўлены Годам Аладавай. Яна заслужыла гэта па праве…

— І пачаўся гэты год з выхаду ў свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура” фундаментальнай кнігі “Алена Аладава. Музей — яе лёс” (ад рэдакцыі: аўтары канцэпцыі і складальнікі — Б.Крэпак, У.Пракапцоў, Н.Усава)…

— Так, мне здаецца, гэтая кніга, што выйшла ў серыі “Беларусь мастацкая”, атрымалася. І, карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць Міністэрству інфармацыі за фінансавую падтрымку гэтага праекта, выдаўцам на чале з дырэктарам выдавецтва Уладзіславам Мачульскім і ўсім тым мастакам, мастацтвазнаўцам, музейшчыкам, іншым дзеячам культуры, архівістам, родным Аладавай, якія выступілі з успамінамі пра Алену Васільеўну і з глыбокімі навуковымі даследаваннямі пра яе феномен як арганізатара і натхняльніка ўсіх музейных працэсаў 1940 — 70-ых гадоў. Прэзентацыя кнігі адбылася ў канцы студзеня сёлетняга года. Яшчэ адна прэзентацыя, само сабою, адбудзецца і 22 мая — у дзень нараджэння Аладавай. У гэты ж дзень мы прэзентуем і ілюстраваны альбом “Повязь часоў. Сто жывапісных партрэтаў з фондаў НММ РБ”, падрыхтаваны Нінай Марчанка, нябожчыкам К.Зеляным і супрацоўнікамі музея. Большасць прадстаўленых у альбоме палотнаў былі сабраны дзякуючы асабістым высілкам Алены Васільеўны…

— Кніга “Алена Аладава. Музей — яе лёс” выйшла невялікім накладам — усяго 1000 экземпляраў. І, натуральна, многія чытачы, якія цікавяцца мастацтвам, з ёй яшчэ пазнаёміцца не паспелі. На жаль, цяперашняя інтэлектуальная моладзь сёння наогул наўрад ці ведае аб тых першапраходцах, хто ствараў і развіваў нашу нацыянальную культуру, хто пракладваў нялёгкія духоўныя шляхі ў сучасны свет. Я маю на ўвазе не толькі Аладаву, але і яе калег — старэйшых нашых мастакоў-”аксакалаў”, імёны якіх сёння добра-такі падзабыты. Як дырэктар музея, як мастацтвазнаўца і мастак, раскажыце чытачам “К” аб тым, што для вас асабіста значыць такая унікальная з’ява, якая называецца “Аладава”? Я ведаю, што, стаўшы дырэктарам музея ў пачатку 1998 года, вы адразу ж звярнуліся ў Міністэрства культуры, Беларускі саюз мастакоў і Мінгарвыканкам з прапановай усталяваць на фасадзе музея мемарыяльную дошку Аладавай… Што вамі кіравала? Вы ж нават асабіста не ведалі гэтую жанчыну?

— Асабіста не ведаў. Але ведаў яе як унікальнага дырэктара аднаго з найбуйных мастацкіх музеяў свету. І быў проста здзіўлены, чаму за 12 гадоў пасля смерці Алены Васільеўны гэтага ніхто да мяне не зрабіў. І, дарэчы, за гэты час можна было б падрыхтаваць і выдаць і кнігу пра яе, нягледзячы на тое, што такая кніга павінна была выйсці ў 2000 годзе ў адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў краіны. Дый — на жаль! А тады ж яшчэ жылі многія старэйшыны нашага мастацтва, якія маглі б падзяліцца сваімі ўспамінамі і развагамі пра Алену Васільеўну… Вяртаючыся да мемарыяльнай дошкі, скажу, што ўжо 21 мая таго ж 1998 года выйшла адпаведнае ўрадавае распараджэнне, а праз месяц — 26 чэрвеня — адбыўся ўрачысты акт устаноўкі бронзавай дошкі з барэльефам Аладавай, выкананай па праекце скульптара Івана Міско. Гэта быў мой першы крок па ўвекавечанні памяці Алены Васіьеўны…

— Якія яшчэ акцыі ў гэтым кірунку былі праведзены пад вашым кіраўніцтвам?

— У свой час мною было прынята рашэнне аб правядзенні штогадовых Аладаўскіх чытанняў, якія сталі ўжо традыцыйнымі, дзе музейная моладзь са старэйшымі калегамі выступаюць з паведамленнямі і дакладамі па розных пытаннях музейна-даследчыцкай дзейнасці. Такія чытанні ў чарговы, пяты раз будуць праведзены і ў юбілейны дзень нараджэння Алены Васільеўны. Мы з міністэрствамі сувязі і інфармацыі падрыхтавалі таксама эксклюзіўны паштовы канверт з выявай будынка музея і маркай з партрэтам Аладавай, урачыстае гашэнне якой з маім удзелам адбудзецца 22 мая на Галоўпаштамце.

Акрамя таго, па нашай просьбе Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь сёлета выпусціць і спецыяльную манету, прысвечаную юбілею Алены Васільеўны.

— Юбілейныя ўрачыстасці будуць праходзіць у будынку музея на фоне…

— На фоне цудоўнай выстаўкі жывапісных твораў рускіх мастакоў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў СА збораў Траццякоўскай галерэі і нашага музея пад назвай “Палоннікі красы”. Экспазіцыя якраз і прымеркавана да юбілею Аладавай.

— Хто яе арганізатары?

— Мы яе арганізавалі сумесна з Міністэрствам культуры РБ, Міністэрствам культуры і масавых камунікацый Расійскай Федэрацыі, Камітэтам па культуры Масквы, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэяй, Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі і Пасольствам Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Афіцыйнае адкрыццё выстаўкі адбудзецца 24 мая, але ўжо 22-га яе змогуць паглядзець усе ўдзельнікі юбілейнага Аладаўскага свята.

— Уладзімір Іванавіч, можна сказаць, што вы быццам віртуальна адчуваеце прысутнасць Алены Васільеўны побач з сабой — як яе паслядоўнік на дырэктарскай пасадзе і проста як чалавек, для якога яна з’яўляецца ўзорам сапраўднага служэння Яго Вялікасці Мастацтву?

— Можа падацца містыкай, Але папраўдзе адчуваецца яе прысутнасць побач — і ў рабочым кабінеце, і ў музейных залах, і пры фарміраванні экспазіцый, і пры прэзентацыі новых кніг, альбомаў і каталогаў, і калі ў фае музея ў тысячны раз узіраюся ў яе бронзавы партрэт, вылеплены з натуры Заірам Азгурам… Ведаеце, акурат гэтая яе прысутнасць прымушае мяне быць больш патрабавальным да сябе, да якасці сваёй працы і працы маіх супрацоўнікаў. І калі мы ў музеі і для музея робім штосьці добрае, я пытаюся ў сябе: а ці спадабалася б гэта Алене Васільеўне?

— Так, сапраўды Мастацкі музей стаў для Аладавай яе лёсам… Ці можна сказаць, што гэты музей стаў і вашым лёсам?

— Хачу думаць, што гэта так. Я цалкам аддаю сябе музею. І хочацца для яго зрабіць яшчэ больш. Хочацца, каб ён быў узорам музейнай справы. Каб на найвысокім узроўні мы маглі экспанаваць нашы творы, у тым ліку і сабраныя Аладавай, не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Каб музей заўсёды быў візітоўкай, своеасаблівым “паўпрэдам” нашай дзяржавы. Я разумею, што для гэтага трэба цалкам аддаваць сябе справе, якой служыш. Акурат такой была Алена Васільеўна… Хіба гэта не прыклад для пераймання? Яшчэ думаю: калі б дажыла яна да сённяшняга дня, была б задаволена тымі агромністымі пазітыўнымі пераўтварэннямі і зменамі, якія адбыліся, скажам, за апошнюю пяцігодку ў нашай музейнай “гаспадарцы”, пачынаючы ад уводу другой чаргі будынка і з’яўлення новых экспазіцый нацыянальнага беларускага і замежнага мастацтва і заканчваючы новымі унікальнымі сучаснымі тэхналогіямі, пра якія 20 гадоў таму ніхто і марыць не мог… Вядома, без асабістай падтрымкі Прэзідэнта краіны, без падтрымкі Урада нічога б гэтага не было…

— І апошняе пытанне. Значыць, праз тры дні, у аўторак, 22 мая, у музеі мы адзначым дзень нараджэння Алены Васільеўны. Якая канкрэтна праграма свята?
— Пасля ўскладання кветак на магілы Алены Васільеўны і Мікалая Ільіча Аладавых на Маскоўскіх могілках у 17 гадзін у нашым музеі пачнецца юбілейны вечар. У праграме — канцэрт студэнтаў Акадэміі музыкі, успаміны пра Аладаву сяброў і калег, паказ слайд-фільма і дакументальнага фільма пра жыццё Алены Васільеўны, прэзентацыя новых кніг.

Увесь наступны дзень, 23-га мая, будзе працаваць Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Аладаўскія чытанні — 2007”.

У юбілейных мерапрыемствах прымуць удзел вядомыя беларускія мастакі, крытыкі, музейшчыкі, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, мастацтвазнаўцы Траццякоўскай галерэі Таццяна Карпава, Таццяна Юдзянкова, Галіна Чурак, Людміла Маркіна, Наталля Праснова, Ганна Ашкіназі, з Рускага музеяг. Санкт-Пецярбурга — Алена Карпава; прыедзе і мой даўні сябра і калега — дырэктар Літоўскага мастацкага музея Раман Будрыс…

І, карыстаючыся нагодай, хачу запрасіць усіх журналістаў вашай газеты 24 мая на вернісаж “Палоннікі красы”. Упэўнены, вы не пашкадуеце — выстаўка папраўдзе класная!
— Дзякую. 

Гутарку вёў Барыс Крэпак