Адразу ў ратацыю

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

Як паведамляе “К” музычны рэдактар Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Таццяна Якушава, з 1 кастрычніка канал распачаў музычны конкурс “Маладыя таленты Беларусі”. Журы ўзначальвае галоўны дырэктар першага канала Антон Васюкевіч. Апрача супрацоўнікаў музычнай рэдакцыі, у журы былі запрошаны галоўны дырыжор канцэртнага аркестра “Няміга” Аляксандр Сасноўскі, загадчык кафедры вакальнага аддзялення Мінскага музычнага вучылішча імя М.І. Глінкі Адам Мурзіч, загадчык кафедры спеваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкіЛюдміла Колас, кампазітар Алена Атрашкевіч...

Лепшыя салісты і калектывы мяркуецца вызначаць па трох намінацыях: "Эстрадны вакал", "Акадэмічны вакал", "Інструментальная музыка (акадэмічная і эстрадная)". У конкурсе бяруць удзел маладыя людзі ад 10 да 25 гадоў. Лепшых вылучаць цягам трох этапаў. Першы (папярэдні адбор) доўжыцца да красавіка 2010 года. Канкурсанты, што прайшлі адбор, запрашаюцца да ўдзелу ў перадачы Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. На другім этапе, цягам красавіка 2010 года, вызначаюцца фіналісты.
На заключным жа гала-канцэрце канкурсанты выступяць у суправаджэнні сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі. Па выніках канцэрта і галасавання журы будуць вызначаны пераможцы. У намінацыі "Эстрадны вакал" магчыма прысуджэнне спецыяльнага прыза па выніках інтэрактыўнага галасавання. Лаўрэаты конкурсу атрымаюць магчымасць запісаць па два творы ў Вялікай студыі Дома радыё. Кампакт-дыск будзе называцца "Маладыя таленты Беларусі". А творы з яго мяркуецца ўключыць у ратацыі музычных перадач Беларускага радыё.