Пераходных стала менш

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г


У № 16 "К" пад рубрыкай "Родная зямля: час к р э а т ы в у " быў змешчаны артыкул "Ці шмат імпэту назапасіць СДК у ашчаднай касе?". Гаворка вялася пра аграгарадкі Сенненскага раёна, якія з-за недахопу грошай на рамонт устаноў культуры трапілі ў лік пераходных, пра будынак РДК, які маральна і матэрыяльна састарэў. На публікацыю своечасова і слушна адрэагавалі старшыня Сенненскага райвыканкама Эдуард Герасіменка і начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі. У іх адказах, змешчаных у "К" № 23, паведамлялася, што фінансаванне рамонту згаданых аб'ектаў у аграгарадках прадоўжана.

Да таго ж, Мікалай Пашынскі запэўніў рэдакцыю, што ўпраўленне культуры і надалей будзе весці кантроль і супрацоўніцтва па рэалізацыі планавых заданняў Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005 - 2010 гады. І вось - чарговае паведамленне, падпісанае начальнікам упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалаем Пашынскім.

"У Сенненскім раёне завершаны работы і ўведзены ў эксплуатацыю пераходныя аб'екты з 2006 года ў аграгарадках "Ходцы", "Багданава", "Студзёнка". Працягваецца рамонт памяшканняў у клубнай установе вёскі Белая Ліпа. Па пытанні фінансавай дапамогі ў рэканструкцыі Сенненскага раённага Дома культуры інфармуем. У межах сваёй кампетэнцыі ўпраўленне культуры накіравала аблвыканкаму заяўку аб уключэнні аб'екта ў абласную інвестыцыйную праграму. Упраўленне культуры і надалей будзе рэгуляваць пытанні, якія патрабуюць рашэння на абласным узроўні".