Зорка ўзыдзе!

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, абласнымі ўпраўленнямі культуры сумесна з Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй, Другім нацыянальным тэлеканалам і Сталічным тэлебачаннем праводзіцца Рэспубліканскі конкурс маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю”.

Як паведамілі "К" у Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, на сённяшні дзень распрацавана Палажэнне аб правядзенні конкурсу, а таксама вызначаны і зацверджаны склад арганізацыйнага камітэта. Яго старшыня - міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка. Праграмы конкурсу зацверджаны і разасланы ва ўсе абласныя ўпраўленні культуры і Мінскае гарадское ўпраўленне культуры, ва ўсе ўстановы адукацыі галіны, у Міністэрства адукацыі. Згодна з імі, у спаборніцтве могуць удзельнічаць навучэнцы, студэнты і выкладчыкі навучальных устаноў культуры і мастацтва, іншых навучальных устаноў, таленавітая моладзь краіны ва ўзросце ад 16 да 31 года.
Усяго ў конкурсе будуць вызначацца пераможцы па 12 намінацыях. Конкурс будзе праходзіць у тры этапы і распачнецца ў лістападзе бягучага года. Першы і другі з'яўляюцца адборачнымі і праводзяцца раённымі (гарадскімі) аддзеламі культуры выканкамаў і абласнымі ўпраўленнямі культуры. Трэці этап з'яўляецца заключным і пройдзе ў красавіку2010 года ў Мінску.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"