Музы будуць жыць у Мінску

№ 20 (786) 19.05.2007 - 25.05.2007 г

Увесну і ўлетку Апалон водзіць карагод з музамі. Юныя прыгожыя музы, дочкі Зеўса і Мнемасіны, выконваюць песні, а каранаваны лаўровым вянком Апалон іграе на залатой кіфары. Уся прырода, як зачараваная, слухае іх чароўныя спевы… Легенда пра муз натхняе чалавецтва і дасюль.

 /i/content/pi/cult/115/317/Operny-teatr.jpg
Рэканструкцыя будынка Тэатра оперы і балета набліжаецца да завяршэння. Мінчане чакаюць заканчэння рамонту з цярплівым хваляваннем. Відавочна мяняецца аблічча твора Іосіфа Лангбарда, пабудаванага на ўзвышшы сталіцы ў 1937 годзе.

У першапачатковым праекце на фасадзе будынка былі скульптурныя выявы чатырох муз. Па незразумелых прычынах праект так і застаўся праектам — ці то грошай у маладой рэспублікі не хапіла, ці то з іншай прычыны. Гісторыя захоўвае падрабязнасць умяшальніцтва ў праект усесаюзнага старасты Міхаіла Калініна, якому паказалі макет будучага тэатра. Расказваюць, маскоўскі госць пацікавіўся, колькі месцаў у глядацкай зале. І пачуўшы адказ “Дзве тысячы”, кінуў: “Многа, вам і тысячы хопіць!” Ніхто не смеў спрачацца з усесаюзным старастам, тым больш, што грошы на будаўніцтва давала Масква. Праект перарабілі. Але паколькі знешнія габарыты будынка засталіся ранейшымі, у тэатры з’явілася гіганцкае фае.

Аб неабходнасці ўпрыгожыць фасад тэатра музамі доўга спрачаліся. Беларускія скульптары змаглі б папрацаваць у сааўтарстве з вялікім Лангбардам праз 70 гадоў. Той-сёй сумняваўся ў неабходнасці стварэння выяў муз, маўляў, нездарма іх не памясцілі. Пераканаў усіх Валянцін Елізар’еў:

— Трэба ажывіць тэатр!

Аргументы маэстра падтрымала новае кіраўніцтва Міністэрства культуры, і быў аб’яўлены конкурс, які з гонарам выйгралі два карыфеі — Генадзь Буралкін і Аляксандр Фінскі. Яны прадставілі чатырох муз — тэатра, музыкі, танца і паэзіі— на пасяджэнне Рэспубліканскага мастацка-экспертнага савета па манументальным мастацтве.

16 мая члены савета сабраліся ў майстэрні Генадзя Буралкіна, дзе на пастаменце былі выстаўлены ганарлівыя музы.

Не буду пераказваць у падрабязнасцях меркаванні членаў Савета — у мастацтва свае законы. Скажу толькі, што тры музы прайшлі беспярэчна, а чацвёртая — муза танца — будзе “дапрацоўваць” свой вобраз.

Аблічча сталіцы Беларусі мяняецца літаральна на вачах і, заўважце, у лепшы бок. Плошча Незалежнасці з гіганцкім падземным чатырох’ярусным гандлёвым цэнтрам хутка набудзе свой беларускі сімвал. Скульптары — жонка і муж — Алена Хараберуш і Леанард Пакульніцкі прадэманстравалі ў гэты ж дзень Савету свой праект: тры буслы вылятаюць з гнязда, распасцёршы крылы.

Ужо сёлета мінчане і госці сталіцы будуць мець магчымасць убачыць гэта.


Юрый ІВАНОЎ
Фота аўта