Драма і... блокбастэр

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

Дата і месца сусветнай прэм’еры маштабнага кінапраекта Саюзнай дзяржавы “Брэсцкая крэпасць” абраны невыпадкова: першы паказ стужкі адбудзецца менавіта ў сценах Брэсцкай крэпасці 22 чэрвеня 2010 годаі распачнецца а 4-й гадзіне раніцы.

Па словах прадзюсера Тэлевяшчальнай арганізацыі "Саюз" і аднаго з аўтараў сцэнарыя фільма Канстанціна Вараб'ёва, большасць здымак ужо завершана, і праца над стужкай адбываецца згодна з графікам.
- Мы вельмі непакоіліся адносна надвор'я, - распавёў ён. - Бо ад яго, на жаль, залежаць нават самыя сур'ёзныя кінапраекты. Дождж ідзе - здымкі стаяць... Але з сёлетняй восенню нам пашчасціла. Для таго, каб узнавіць на экране атмасферу першых дзён жахлівай вайны, спатрэбіліся самыя маштабныя кінематаграфічныя сродкі. Па словах Канстанціна Вараб'ёва, дэкарацыі да стужкі можна параўнаць паводле іх памераў хіба з дэкарацыямі да класічнага фільма Сяргея Бандарчука "Вайна і мір".
- А вось самалёты давядзецца паказваць з дапамогай графікі, - дадаў ён. - На жаль, баявыя машыны тых гадоў сёння ўжо не здатныя падняцца ў паветра. Да канца лістапада працягнуцца камбінаваныя здымкі, якія потым лягуць у аснову камп'ютэрнай графікі. У гэтай стужцы з бюджэтам каля сямі мільёнаў долараў выкарыстоўваюцца самыя сучасныя кінатэхналогіі. Яе стваральнікі справядліва мяркуюць, што без атракцыённых для вока гледача спецэфектаў дастукацца да яго свядомасці ў наш час не атрымаецца. І менавіта гэтае спалучэнне сучаснай кінамовы з гістарычнай праўдай будзе вылучаць фільм з шэрагу іншых твораў на ваенную тэматыку.
- Паводле жанру, гэты фільм - драма. Але паводле формы - блокбастэр, - адзначыў Канстанцін Вараб'ёў. Чакаецца, што прэм'ерныя паказы карціны пройдуць не толькі ў кінатэатрах гарадоў Беларусі і Расіі. Цікавасць да стужкі ўжо сёння праяўляюць і ў Заходняй Еўропе. Маштабная промакампанія яшчэ толькі наперадзе, але ж першыя, папярэднія, водгукі стваральнікі фільма ўжо атрымліваюць.