Падкрэсліць веліч Перамогі

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

У межах святкавання 65-годдзя Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылася прэс-канферэнцыя, пад час якой абмяркоўваўся шэраг пытанняў, што закраналі найбольш важныя аспекты мінулага і бліжэйшых перспектыў установы.

У прыватнасці, адбылася мультымедыйная прэзентацыя новага будынка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якую правёў аўтар праекта, архітэктар Віктар Крамарэнка. Каля музея будзе створана плошча Пераможцаў, якую ўпрыгожыць фантан з 170 струменямі вады, што сімвалізуюць 170 населеных пунктаў рэспублікі, вызваленых ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у час Вялікай Айчыннай. Акрамя гэтага, з правага боку будынка будзе закладзены парк Перамогі. Як адзначыў Віктар Крамарэнка, знешняе аблічча будынка мусіць падкрэсліць веліч Перамогі. Па яго словах, будынак будзе ўяўляць з сябе "архітэктурны салют", на прамянях якога напішуць імёны герояў Савецкага Саюза, размесцяцца скульптурныя рэльефы. Пачатак узвядзення новага будынка музея запланаваны на вясну 2010 года. Мяркуецца, што, пры дастатковым фінансаванні, праз тры гады праект будзе рэалізаваны.
Трэба адзначыць, у межах святочных мерапрыемстваў адбылося адкрыццё выстаўкі "Музей і час", прысвечанай гісторыі музея, а таксама правядзенне Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Вялікая Айчынная вайна ў гістарычнай памяці і музейных экспазіцыях".