“Першыя “Дарогі...” — у Беларусі”

№ 42 (910) 17.10.2009 - 23.10.2009 г

Пасля спектакля адбылася размова нашага карэспандэнта з пачэснай госцяй прэм’еры — Кларай МАНЮШКА.

 

/i/content/pi/cult/231/3163/15-2.jpg- Спадарыня Клара, ці складана быць прапраўнучкай славутага кампазітара? Вы, мабыць, больш як хто іншы адчуваеце свой абавязак перад памяццю таленавітага продка, які пакінуў значны след у культуры некалькіх краін.

- Я проста вельмі люблю гэтую музыку і намагаюся зрабіць усё магчымае для яе папулярызацыі. На вялікі жаль, у Францыі (а я жыву там ужо 30 гадоў) Манюшка не быў шырока вядомы, нават прозвішча яго часам вымаўлялася недакладна: сапраўды, бывае складана вымаўляць некаторыя незнаёмыя гукі, якіх няма ў тваёй роднай мове. Але цяпер - усё іначай. Выйшла нават кніга знакамітага французскага музыказнаўцы. Пішучы пра Манюшку, ён перафразаваў словы Шумана пра Брамса і пачаў так: "Ці ведаеце вы Манюшку? У Польшчы такое пытанне ўвогуле не ўзнікла б". Далей ён апісвае жыццё кампазітара, яго оперы, спыняючыся на самых адметных арыях і ансамблях. На жаль, самі оперы Манюшкі пакуль не ішлі на французскай сцэне, але, зноў-такі, сёння і гэтае пытанне зрушылася з месца. Французская публіка чакае, найперш, "Графіню" і "Страшны двор".

- Дадам, што ў СССР опера "Страшны двор" упершыню была пастаўлена менавіта ў нас - у Вялікім тэатры оперы і балета, яшчэ ў 1952 годзе, прычым на беларускай мове, у перакладзе народнага паэта Беларусі Максіма Танка. Рэжысёрам выступіла наша легендарная оперная прымадонна Ларыса Александроўская, а партыю Ганны спявала яшчэ адна народная артыстка СССР - цяпер прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Тамара Ніжнікава.

 - Што ж, можа, французы не ўбачаць гэтую оперу менавіта ў тым выглядзе, якой хацеў яе бачыць сам Манюшка, але кожная эпоха мае права на сваё прачытанне.

 - Дарэчы, як вы ўпадабалі нашу пастаноўку "Латарэі"?

- У гэтай оперы так шмат аптымізму! Нават не ведаючы гісторыі яе стварэння, можна адразу адчуць, што яна напісана маладым чалавекам, накіраваным у будучыню, поўным жыццёвых сіл і энергіі. Таму выкананне яе зусім маладымі спевакамі, яшчэ студэнтамі, - гэта, пэўна, менавіта тое, што патрэбна. Я вельмі ўражана ўбачаным: цудоўная інтэрпрэтацыя! Шкада толькі, што опера гучыць так рэдка. Але, трэба спадзявацца, пасля гэтай прэм'еры гледачы будуць бачыць яе часцей.

/i/content/pi/cult/231/3163/15-3.jpg- Выне толькі выступаеце як піяністка, але і ўзначальваеце французскую Асацыяцыю імя Станіслава Манюшкі. Адпаведна, яе мэтай з'яўляецца папулярызацыя творчасці майстра, імя якога яна носіць?

- Наша асацыяцыя займаецца музыкай і культурай. Вядома, абсалютна ўсё ахапіць немагчыма, але мы арганізоўваем і праводзім канцэрты адораных дзяцей, наладзілі шчыльную культурную сувязь паміж гарадамі-пабрацімамі Польшчы і Францыі. Ужо два гады, як у нас праходзіць Міжнародны конкурс славянскай музыкі імя Станіслава Манюшкі. Зразумела, што абавязковай праграмай на ім становіцца выкананне не толькі славянскіх твораў, але і непасрэдна музыкі Манюшкі. Сёлета пераможцам конкурсу стаў прадстаўнік Кітая, летась - 12-гадовая дзяўчынка з Коста-Рыкі, якая цудоўна сыграла манюшкаўскі "Калаўрот" і Санату Шастаковіча. Шкада, што ўдзельнікаў з Беларусі на гэтым конкурсе пакуль не было. Але сёлета старшынёй журы мы запрасілі мастацкага кіраўніка вашай філармоніі, прафесара, вядомага піяніста Юрыя Гільдзюка. Таму, думаю, у наступныя гады з'явяцца і вашы канкурсанты. Тым больш, што мы плануем пашырыць узроставыя межы конкурсу: ён будзе ахопліваць ужо не толькі дзяцей, а сем узроставых груп - ад 5-ці да 30-ці гадоў, адпаведна, узрасце і прэміяльны фонд. Да таго ж, гэты конкурс цяпер будзе праходзіць у розных краінах. Двойчы ён адбываўся ў Францыі, у тамтэйшым Польскім пасольстве, будынак якога лічыцца адным з самых прыгожых у свеце, з запрашэннем паслоў розных краін, уключаючы Беларусь, Расію, Узбекістан. Наступны такі конкурс пройдзе ў Вільнюсе, а яшчэ праз год - у вас у Мінску. Пакуль на ім спаборнічаюць толькі піяністы, але плануецца, што далучацца і вакалісты: усё ж Манюшка - найперш, оперны кампазітар, дый разнастайных твораў для голасу і фартэпіяна ў яго - безліч.

- У Чэрвені, непадалёк ад мястэчка Убель, дзе нарадзіўся Манюшка, некалькі разоў праводзіліся фестывалі і конкурсы "Убельская ластаўка", прымеркаваныя да дня нараджэння кампазітара. Спачатку ў іх удзельнічалі юныя піяністы, потым - маладыя вакалісты. Увогуле ж, творы Манюшкі гучаць у нас вельмі часта, многія яго рамансы і песні перакладзены на беларускую мову.

- Прыемна гэта чуць. Думаю, пасля майго візіту сумесных творчых праектаў паболее. Бо я даўно ўжо выношваю ідэю фестывалю "Дарогамі Манюшкі". З многімі краінамі дамоўленасць ужо дасягнута. Вельмі хоча нам дапамагчы нават Таварыства Манюшкі ў Японіі. Але распачынацца такі фестываль павінен менавіта ў Беларусі: тут кампазітар нарадзіўся, тут склаліся яго эстэтычныя густы, тут былі напісаны многія творы. Таму цяпер, калі я наведала вашу краіну і асабіста сустрэлася з многімі зацікаўленымі асобамі, пачынаючы з вашага міністра культуры Паўла Латушкі, спадзяюся, правядзенне такога "вандроўнага" фестывалю стане рэальнасцю.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА  

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"