Бяспройгрышная “Латарэя”: што выйграў Манюшка?

№ 42 (910) 17.10.2009 - 23.10.2009 г

14 кастрычніка ў Малой зале імя Р.Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў межах XVIII фестывалю “Адраджэнне беларускай капэлы” адбылася прэм’ера аднаактовай камічнай оперы С.Манюшкі “Латарэя”, прымеркаваная да 190-годдзя з дня нараджэння кампазітара. Падзея сабрала сапраўдны бамонд. Прыехала на прэм’еру і Клара Манюшка — прапраўнучка кампазітара, вядомая піяністка, старшыня французскай Асацыяцыі, што носіць яго імя.

 

/i/content/pi/cult/231/3162/15-1.jpgА пачалася гэтая гісторыя яшчэ ў 1840 годзе, калі была напісана гэтая опера, ці, паводле аўтарскага азначэння, "фрашка" (у перакладзе "драбніца, пусцяковіна, забаўка"), блізкая "аперэтцы", як тады называліся невялікія музычныя спектаклі жартоўнага зместу з размоўнымі дыялогамі. - Прэм'ера, - распавядае кандыдат мастацтвазнаўства, даследчык беларускай музыкі ХІХ стагоддзя Святлена НЕМАГАЙ, - прыпала на 8 верасня 1841 года ў старым тэатры ў Гародні. Але ёсць некаторыя факты, што сведчаць і пра прэм'еру гэтага твора ў Вільні. У прыватнасці, выконвала яго Кампанія драматычных артыстаў Віленскага тэатра пад кіраўніцтвам Вільгельма Шмідгофа - нямецкая вандроўная оперная трупа, у рэпертуары якой пераважалі творы заходнееўрапейскіх кампазітараў. Дый сам Манюшка, вярнуўшыся з Берліна, дзе праходзіў навучанне, з 1840 года трывала асталяваўся ў Вільні. Тут ён на той час жыў і працаваў: даваў прыватныя ўрокі, быў арганістам у касцёле Святога Яна. Але па маёнткавых справах ён шмат часу праводзіў і ў губернскім Менску - горадзе, дзе прайшлі яго юнацкія гады, дзе ён калісьці вучыўся ў гімназіі, выступаў у музычным салоне, які ўтрымлівала яго сям'я.

 - Дарэчы, дом, дзе ён жыў, знаходзіўся акурат насупраць цяперашняй Акадэміі музыкі: на яго аўтэнтычнай сцяне цяпер знаходзіцца адпаведная шыльда. А побач з Акадэміяй, дзе сёння - адноўлены гатэль "Еўропа", у 1852 годзе праходзіла прэм'ера "Сялянкі" Дуніна-Марцінкевіча, у стварэнні музыкі да якой удзельнічаў Манюшка - у 1844 годзе. Дый пад час сваіх ранейшых прыездаў ён шчыльна супрацоўнічаў з гэтым славутым паэтам і драматургам...

- Так, у студзені 1843 года ён напісаў музыку да "Чарадзейнай вады" Дуніна-Марцінкевіча. Але да нас дайшла толькі ўверцюра да гэтай аперэты. Не пашанцавала і іншым раннім тэатральным спробам кампазітара: некаторыя з іх так і не знойдзены, ад іншых засталіся ці асобныя нумары, ці рукапісы, якія цяжка паддаюцца "расшыфроўцы". А такіх твораў было багата! Ужо ў 15 гадоў Манюшка напісаў маленечкую аднаактоўку "Канторскія служачыя". У 20 гадоў - "Начлег у Апенінах", а следам, цягам года, - "Ідэал, ці Новыя каштоўнасці" і "Латарэю". У 1841 годзе - ажно чатыры "аперэткі". Пазней - яшчэ тры. Ён нават не паспяваў уладкоўваць іх пастаноўчы лёс.

- А вось "Латарэя" была не толькі пастаўлена, у тым ліку ў Менску ў 1843 годзе, але і выдадзена. З Польшчы, наколькі мне вядома, вы прывезлі партытуру, клавір і кніжачку з лібрэта - усё гэта было выдадзена ў Варшаве ў 1908-м.

 - "Латарэю" Манюшка абраў і для сваёй, так бы мовіць, "прэзентацыі" ў польскай сталіцы, куды ён потым пераездзе на сталае жыхарства. Але будзе гэта толькі ў 1858 годзе, а паказ "Латарэі" ў Варшаўскай оперы прайшоў ужо ў 1846-м. Газета "Варшаўскі кур'ер" пісала: "Аўтар музыкі гэтай "Латарэі" меў значны выйгрыш - задавальненне публікі". Ведаў сабе цану і сам кампазітар. Знаходзячыся ў Менску ў 1843 годзе, дзе якраз пачала рыхтавацца тутэйшая пастаноўка "Латарэі", ён пісаў да жонкі: "Музыка цяпер - уся мая зброя! Толькі яна за мяне прамаўляе". А пасля пастаноўкі - сцісла: "Латарэя" - падабалася!"... Упадабалі "Латарэю" і цяперашнія гледачы, і самі выканаўцы. Адчувалася, з якой любоўю і зацікаўленасцю рыхтавалася прэм'ера, здзейсненая ансамблем салістаў "Класік-Авангард" на чале з Уладзімірам Байдавым (які толькі злёгку падкарэкціраваў партытуру, прыстасаваўшы яе да поўнага складу свайго калектыву), Дзяржаўным камерным хорам пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай, рэжысёрам-пастаноўшчыкам (і выканаўцам ролі Шляхціцкага) Андрэем Каламійцам. Сярод салістаў былі і добра вядомыя Уладзімір Громаў, Віктар Скорабагатаў (апошні - у цалкам размоўнай невялічкай ролі, якую ён "зляпіў" надзвычай каларытна: на кінаэкран, дый толькі!), і зусім маладыя артысты, колішнія і цяперашнія выхаванцы Акадэміі музыкі: Міхаіл Русіноўскі (ён літаральна выратаваў прэм'еру: замяніў раней запрошанага знанага артыста, які ў апошні момант не змог удзельнічаць), Яўгенія Каральчук з ансамбля "Купалінка", Сяргей Клачкоў, Яўген Глебаў.

А як тэатральна пачувалі сябе артысты хору ў нязвыклых для сябе ролях! У кожнага - свой характар, свае прычыны спадзявацца на выйгрыш у латарэі. Публіка была так уражана, што артыстам давялося паўтарыць "на біс" ажно два апошнія музычныя нумары. Шмат роздуму пакінула пастаноўка і знаўцам. У музыцы відавочна суседнічалі агульнакласіцысцкіяі славянска-рамантычныя павевы. А пашыраная роля хору, для якога кампазітар напісаў ледзь не палову ўсіх нумароў, вымушала ўзгадаць традыцыі рускай оперы.  

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"