Хто падасць сігнал з Сігнала?

№ 42 (910) 17.10.2009 - 23.10.2009 г

Язэпа Драздовіча сёння многія ведаюць па жывапісных палотнах, частка з якіх дэманструецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Некаторыя ведаюць яго і як стваральніка чароўных маляваных дываноў. І толькі адзінкі здагадваюцца пра навуковыя здабыткі творцы, які нарадзіўся 121 год таму, “у пятніцу на Пакровы”. А тым часам з’яўляюцца новыя даследаванні унікальнай спадчыны Язэпа Драздовіча.

Не так даўно значнасць распрацовак Драздовіча пацвердзілі вядучыя спецыялісты Расійскай акадэміі навук з Інстытута астраноміі імя Штэрнберга, члены рэдкалегіі часопіса "Зямля і сусвет". У гэтым быў перакананы і дырэктар Луўра Анры Луарэт пад час візіту ў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, калі вылучыў "касмічныя" работы майстра - за "неардынарнае бачанне свету". Як можна прасачыць па біяграфіі асветніка, сваё захапленне зорным небам у Драздовіча праявілася яшчэ ў юнацтве, але займацца астраноміяй ён здолеў толькі ў пачатку 1930-х гг., калі застаўся беспрацоўным і пэўны час жыў у Вільні. У 1931 г. Драздовіч выдае першую на беларускай мове кнігу па астраноміі "Нябесныя бегі", якую ўпрыгожвалі 15 астранамічных лінарытаў (на іх былі паказаны "адлегласцевая ўзаемацяжнасць Зямлі з Месяцам", "раскрой сонцавага ядра"). Аўтар прапаноўваў свае гіпотэзы наконт фізічнага стану планеты Сатурн.

Сёння вядома толькі некалькі захаваўшыхся выданняў гэтай кнігі. Д з я к у ю ч ы апошнім даследаванням у фондах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа, сёння падрабязна вывучаны друкаваны "Дзённік" Язэпа Драздовіча за 1933 - 1937 гг. Там ёсць надзвычай цікавыя здагадкі як пра наяўнасць розуму на Месяцы, на Марсе, Сатурне, так і пра той момант, калі першыя "зямныя турысты" наведаюць плато Платона на адваротным баку Месяца і пабачаць "гару Сігнал на Месяцы, з якой нехта падасць ім знакі". Нельга не прыгадаць і тое, што да сваіх навуковых касмічных разважанняў Драздовіч у 1931 - 1933 гг. стварае мастацкія: гэта і графічныя серыі "Жыццё на Месяцы", "Жыццё на Сатурне", "Жыццё на Марсе". Вяршыняй жа філасофскіх і мастацкіх роздумаў з'явілася карціна "Космас". У 1949 г. Драздовіч завяршае манаграфію "Тэорыя рухаў у касмалагічным значэнні", дзе падводзіць вынікі сваёй 40-гадовай працы па вывучэнні астраноміі. У пазнейшых сваіх навуковых здагадках ён зазірнуў у "ператваральныя зоны", якія па фізічным стане вельмі падобныя на "чорныя дзіры".

Юрый МАЛАШ,

старшы навуковы супрацоўнік Гісторыка-культурнага музеязапаведніка "Заслаўе"