Падарункі ад музея

№ 42 (910) 17.10.2009 - 23.10.2009 г

Тыдзень з 9 па 16 кастрычніка быў багаты на цікавыя падзеі ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Установа пачала адзначаць 70-годдзе з дня свайго заснавання, і цягам усяго месяца па пятніцах яна будзе працаваць да 21 гадзіны вечара. Гэта дасць магчымасць наведаць залы музея тым, хто не мог гэтага зрабіць з-за працы. А ў Дзень Маці, 14 кастрычніка, матулі разам са сваімі дзецьмі мелі магчымасць прайсці ў выставачныя залы бясплатна.

Распачаўся святочны тыдзень 9 кастрычніка вернісажам "Польскае выяўленчае мастацтва другой паловы XVIII - першай паловы XX ст." з калекцыі музея. У экспазіцыі можна пабачыць творы як сусветна вядомых, так і маладаследаваных майстроў жывапісу, скульптуры і графікі, якія адлюстроўваюць самабытнасць і арыгінальнасць польскага мастацтва гэтага перыяду. Польская графіка ўключае рэпрадукцыйную гравюру, аўтарскі эстамп і арыгінальную графіку Францішка Касцецкага, Юліяна Фалата і Генрыха Рэйдліха. Скульптурная школа прадстаўлена творчасцю Чэслава Макоўскага, Уладзіслава Марцынкоўскага і Леапольда Стэйнмана. Жывапісныя дасягненні польскіх творцаў знаёмяць нас з жыццём народа на працягу гэтага часу. Майстры класіцызму Шымон Чэховіч і Тадэвуш Кунц адлюстроўваюць другую палову XVIII ст. Другая палова XIX - у работах Альфрэда Веруш-Кавальскага і Казіміра Бянькоўскага. Рубеж XIX- XX стст. найбольш выяўляе карціна Юзэфа Рапацкага "Пейзаж з млыном".