“Са знакам” Цэслера і... цесляра

№ 42 (910) 17.10.2009 - 23.10.2009 г

У межах IV Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва “Панарама” адбылася сустрэча з Уладзімірам Цэслерам — мастаком і дызайнерам, майстрам плаката, “бацькам беларускай багемы”, як назваў яго мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін. Падставай для такога, здавалася б, нечаканага павароту “ад тэатра да плаката” сталася тое, што менавіта У.Цэслеру належыць эмблема сёлетняга фестывалю — вешалка з калонамі.

 

/i/content/pi/cult/231/3156/13-1.jpgКалі ж на экране, усталяваным на Малой сцэне Купалаўскага, разгарнулася цэлая "відэапанарама" творчасці Уладзіміра Якаўлевіча (у тым ліку ў сааўтарстве з Сяргеем Войчанкам), нават без дэталёвага яе разгляду стала абсалютна відавочна: тэатральнымі з'яўляюцца практычна ўсе работы майстра, незалежна ад іх прызначэння і сціплых каментарыяў аўтара. Тут былі выявы афіш (праз іх да "Панарамы" быццам далучыўся Вялікі тэатр Беларусі, да некаторых спектакляў якога мастак рабіў рэкламныя плакаты), разнастайныя паштоўкі, малюнкі з надпісамі, прызначаныя для маек, і пераможныя конкурсныя працы (больш як 20 міжнародных узнагарод - гэта вам не жартачкі!), і сапраўдныя "рарытэты", што захоўваюцца ў музеях Германіі, ЗША, Латвіі, Фінляндыі, Швейцарыі, Японіі і нават у Луўры. Было над чым і пасмяяцца, і задумацца. Да ўзнагароджання артыстаў балета - плакат з выявай святочнага торта, зробленага з... балетнага пачка. Да оперы "Барыс Гадуноў" - штосьці сярэдняе паміж звонам і аблямаванай мехам шапкай Манамаха. Да фільмаў Кустурыцы - скрыпка, на якой замест смыка ляжыць цыганская плётка. Да п'есы "Лес" Астроўскага - зморшчаны яблычак са штучным "касметычным" румянцам. Да "Лебядзінага возера" - балерыны ў ластах, быццам "ад Дэга". Ну як тут не задаць "дадатковыя" пытанні- ад "К"?

 А калі б быў камп'ютэр?

- Вас, пэўна, можна залічыць да эпохі шасцідзесятніцтва? Не па ўзросце, вядома, а па духу многіх вашых работ.

 - Не, я- семідзесятнік, абсалютна дакладна. Бо мне, да прыкладу, не падабаюцца барды дый многае іншае "са знакам" 60-х. А 70-я - гэта новае мысленне. І- спроба знайсці сябе, а не проста паўтарыць адкрытае іншымі, толькі нам раней невядомае.

 - Ды ўсё ж: як становяцца такімі крэатыўнымі мастакамі? Што да гэтага больш спрычынілася: час, бацькі, выкладчыкі, можа, нейкія спецыяльныя трэнінгі, што развіваюць уменне ўбачыць незвычайнае ў звычайным?

 - Вядома, маляваць я пачаў рана. Але нейкі пераварот у мысленні адбыўся гадоў у 18, калі да мяне трапіла кніга пра "Бітлз". Там была ілюстрацыя да песні "Yesterday": яешня на два яйкі, у якой затушаны акурак. Спачатку я не мог уцяміць: што гэта, для чаго, навошта? А потым - быццам нахлынула: гэта ж перажыванніўчарашняга дня! Такія моцныя, што немагчыма снедаць - хіба курыць на галодны страўнік. Але ж і "паліва" "не ідзе": малады чалавек у роспачы гасіць яго ў яешні. Нічога, здавалася б, складанага, а так моцна сказана - і пра многае.

 - Гэты малюнак, мабыць, вызначыў ваш мастацкі лёс?

- На дызайн я трапіў, можна сказаць, выпадкова. Прыйшоў паступаць у тагачасны тэатральна-мастацкі інстытут, сказаў: "Хачу быць мастаком". А мне ў адказ: "Ха-ха-ха. Ён, бачыш, яшчэ не выбраў".

 - Падумаеш, выбралі пазней.

- Думаю, на той час нікуды, акрамя як на дызайн, мяне не прынялі б.

 - Значыць, прафесія сама выбрала вас?

- Пэўна, так. Мне сказалі: маўляў, чаго ты вагаешся, ідзі на дызайн - там хаця б мазгі "паставяць".

 - Вы вучыліся на аддзяленні графічнага дызайну. А калі б у той час быў яшчэ і камп'ютэрны?

- Гэта ўсяго толькі новыя тэхнічныя магчымасці, якія не замяняюць чалавечае мысленне.

 На ўзроўні вынаходніцтва

- Няўжо мысленне дызайнера настолькі адрознае ад мастацкага?

 - Абсалютна. У дызайнера мысленне накіравана на тое, каб дакладна адбудаваць задачу ў любым праекце. Павінна ўзнікнуць цікавая ідэя - штосьці важнае, што хацеў бы сказаць. Пра ўсё сказаць немагчыма, трэба знайсці менавіта самае галоўнае. А потым, калі яно знойдзена, усё астатняе - вельмі проста: усё, што нас акаляе, мае права на сваё асэнсаванне.

- Але ж падобныя задачы, ідэі ўзнікаюць перад кожным творчым чалавекам...

 - У дызайне патрэбна строгая логіка мыслення. А ў жывапісе падобная лагічная адбудаванасць часцяком перашкаджае: тут ты павінен аддавацца адчуванням, звяртацца да падсвядомасці, інтуіцыі. Да таго ж, мастак прысвячае сябе выбару манеры - і потым яе прытрымліваецца. А ў дызайне - штораз усё спачатку.

- Вы маеце на ўвазе, што часта прыходзіцца засвойваць сумежныя прафесіі? Не заўсёды ж вы свае плакаты адно малюеце. Часта бывае замала прыдумаць ідэю - трэба яшчэ матэрыялізаваць свой фантазійны аб'ект, каб потым яго сфатаграфаваць. Іншымі словамі, даводзіцца быць не толькі Цэслерам, але і цесляром? Ці ўсё ж такі вы шукаеце спецыялістаў, якія вам дапамагаюць? Той жа праект "Вынікі ХХ стагоддзя", дзе кожнае з яек увасабляе сутнасць творчай манеры Бродскага,Малевіча, Маякоўскага, Пікаса, Мадзільяні і іншых знакавых творчых асоб, трэба было вырабіць з адпаведнага матэрыялу, вырашыць у адпаведнай колеравай гаме.

- Звычайнае ліццё, прапанаванае, як вы сказалі, спецыялістамі, мяне не задавальняла, давялося прыдумваць новыя тэхналогіі- нават на ўзроўні вынаходніцтва, шукаць новыя матэрыялы, з якіх гэтыя "яйкі" можна было б зрабіць. Таму давялося самому рабіць неабходную форму - з воску, каб ліцейшчыкам заставалася хіба заліць матэрыял у дзірачку. Але ж такое пастаяннае засваенне чагосьці новага - гэта ж так цікава!

"Стаў бы артыстам!"

 - Мабыць, вы і ў дзяцінстве не толькі малявалі? - Я займаўся ўсім: і танцамі, і ў музычную школу хадзіў. А калі сказаў сваім аднакласнікам, што паступіў у тэатральна-мастацкі, усе радасна ўсклікнулі: "На акцёрскае?". "Не, - кажу, - на мастацкае". А яны: "Фуу-у". Бо я іх усіх перадражніваў, парадыраваў.

- Няўжо ж ніколі не прыходзіла думка стаць акцёрам? - Хацелася...

Тут не вытрымлівае Мікалай Пінігін, што ўважліва сачыў за нашай размовай, і літаральна выпальвае: "Не стаў бы ён мастаком - стаў бы артыстам, не стаў бы артыстам - стаў бы рэжысёрам. Бачылі б вы, якія мультфільмы ён здымаў у студэнцкія гады! За тры дні, для інстытуцкага капусніка. Артысты ў той час рабілі капуснікі - зусім нецікавыя, а мастакі - такія, што..." Уладзімір Цэслер перахоплівае ініцыятыву:

- Чаго здзіўляцца? Нармальны творчы падыход. У Японіі, як мне расказвалі, у пачатковым навучанні ўвогуле няма падзялення на віды мастацтваў. Там ёсць арт-школа, дзе дзеці займаюцца ўсім: графікай, жывапісам, лепкай, танцамі, ігрой на флейце, літаратурай. Такую падрыхтоўку я лічу ідэальнай. У японцаў увогуле вельмі гуманнае, трапяткое стаўленне да мастацтва. Там пазбягаюць самой конкурснай атмасферы, не ставяць адзнакі на іспытах. Бо лічаць: якім бы выдатным ні быў педагог, ён ніколі не прадкажа, што з каго атрымаецца праз некалькі гадоў. А ўжо калі чалавек вырастае, ён сам вырашае, чым яму займацца. У астатнім... Калі чагосьці хочаш - абавязкова зробіш. Іншымі словамі, што больш падабаецца, тым і займайся. Галоўнае - не быць надта апантаным у чымсьці. Апантанасць, асабліва на перыферыі, можа выліцца ў местачковасць, калі людзі ўсё сваё жыццё прысвячаюць гэткаму вынаходніцтву веласіпеда. Каб такога не здарылася, трэба ўвесь час аглядацца на іншых, на тое, што робіцца ў свеце.

- Вы шмат падарожнічалі? Калі вашы работы выстаўляюцца ў розных краінах, дык вы, пэўна, едзеце іх прэзентаваць?

 - Ездзіў толькі аднойчы, у 1991 годзе ў Фінляндыю, разам з Войчанкам. Японская дэлегацыя была - чалавек 60, польская - 40, а мы - удвух, самі па сабе. А ў 86-м пра свой Гран-пры на біенале плакатаў у Варшаве мы даведаліся, слухаючы замежнае радыё. Работы мы перадалі знаёмаму, той іх завёз. Потым даведаліся, што ў журы быў прадстаўнік СССР і галасаваў супраць: думаў, што яны зроблены ў далёкім замежжы.

 - Гэта была ваша першая перамога?

- Першая "дарослая". Бо ў дзяцінстве я даслаў свае малюнкі на конкурс у піянерскую газету - ужо і не памятаю, у якую дакладна, - і адтуль прыйшоў ліст, што мяне прэміруюць дыпломам, альбомам "Эрмітаж", фарбамі і веласіпедам "Арлёнак". Гэта ж мара любога хлопца! Але ж чую, бабуля на кухні кажа: "Паабяцалі дзіцяці, а веласіпеда і не дадуць". І сапраўды - не далі.

 - Сёння вам, пэўна, ужо не веласіпед патрэбны, а дыван-самалёт - для замежных паездак, знаёмства з новымі з'явамі ў мастацтве, дызайне.

- Ці трэба ехаць, калі можна ўсё паглядзець у Інтэрнеце? А пабываць хацеў бы ў Нарвегіі і Манголіі. Чаму? Не ведаю, але, мне здаецца, там нейкая асаблівая энергетыка...

 Асаблівая энергетыка і ў работ Уладзімір Цэслера: кожная - бы нейкая тэатральная мізансцэна, дзе дзейнічае зусім не толькі логіка, але і тонкі псіхалагізм успрыняцця, асацыятыўнае мысленне. Хочаш ці не, ты сам становішся нябачнай "дзейнай асобай" гэтага відовішча... Раптам падумалася: а што было б, калі Цэслеру прапанавалі б выступіць мастаком-сцэнографам? Можа, гэта не так і немагчыма? Бо калі я пачала "разліваць" кампліменты, як шмат, маўляў, ён зрабіў для тэатра, Уладзімір Якаўлевіч з прыкрасцю кінуў: "Не шмат, на жаль...". Мабыць, хацеў бы зрабіць больш? Дарэчы, чаму б і не? Адно ведаю дакладна: вынік быў бы нечаканым. Можа, паспрабаваць?..

На здымку: Уладзімір Цэслер у "інтэрпрэтацыі" Юрыя Іванова.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"