Суквецце нацый і культур

№ 20 (786) 19.05.2007 - 25.05.2007 г

Сёння ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ўрачыста стартуе VII Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Адкрыццё фэсту прымеркавана да Сусветнага дня культурнай разнастайнасці ў імя дыялога і развіцця.

 /i/content/pi/cult/115/315/Socvetie-nacij-i-kultur.jpg
Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур даўно зарэкамендаваў сябе як адно з самых, бадай, каларытных, шматколерных, сонечных свят нашай краіны, якое дэманструе сяброўства народаў і мір на Беларускай зямлі.

Фестываль праводзіцца раз у 2 гады. Яго заснавальнікі — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, Гродзенскія абласны і гарадскі выканкамы.

Летась у абласных турах узялі ўдзел каля 2 тысяч удзельнікаў. Больш як 600 з іх трапілі на заключныя мерапрыемствы ў Гродне, дзе былі прадстаўлены 25 нацыянальных суполак.

Урачыстае адкрыццё сёлетняга, ужо VII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур збярэ лаўрэатаў мінулага фэсту. Канцэрт, безумоўна, стане маляўнічым вянком-суквеццем, сплеценым з лепшых красак песеннага і танцавальнага мастацтва народаў Беларусі.

Потым пачнуцца “святочныя будні” фестывалю. Менавіта святочныя, бо будзённымі іх не назавеш: кожны агляд самадзейнай творчасці нацыянальных суполак — гэта ўжо свята і для ўдзельнікаў, і для ўдзячных гледачоў. У кожным з рэгіёнаў адбудуцца адборачныя туры. Яны вылучаць лепшых для ўдзелу ў абласных аглядах, куды будзе выязджаць рэспубліканскае журы на чале з яго нязменным старшынёй, народным артыстам Беларусі, прафесарам Міхасём Дрынеўскім. А ў пачатку чэрвеня 2008 года лепшыя з лепшых калектываў збяруцца на заключнае свята ў Гродне.

— Колькасць удзельнікаў, — паведаміла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Ірына Лемцюгова, — пашыраецца з кожным годам. Сёлета ўпершыню да нас далучылася беларуска-палесцінская суполка, міжнароднае аб’яднанне казахаў, аматарскае аб’яднанне нацыянальных культур “Карагод”, што ўзнікла ў Ганцавічах Брэсцкай вобласці.

Сапраўды, калі на Беларусі жывуць прадстаўнікі больш як 140 нацыянальнасцей, дык у фестывалю — вялікая будучыня.


Наш кар.