Фестываль з параднымі калонамі

№ 42 (910) 17.10.2009 - 23.10.2009 г

У Мінску завяршыўся IV Міжнародны музычны фестываль Юрыя Башмета. У яго межах пры падтрымцы Міжнароднага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД адбылася Маладзёжная музычная акадэмія краін СНД, якая стала квінтэсенцыяй свята.

 

/i/content/pi/cult/231/3148/6-2.jpgСёлетні фестываль нагадваў будынак з параднымі калонамі - штосьці накшталт нашай Акадэміі музыкі ці Акадэміі навук. Урачыстымі калонамі, што складаюць дэкаратыўны фасад будынка і ўражваюць нават мінакоў, якія не збіраюцца ўваходзіць унутр, сталіся канцэрты адкрыцця і закрыцця ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі. Складзеныя з класічных "шлягераў", яны былі разлічаны на самую шырокую публіку. "Вечар Кармэн" сабраў, здаецца, усе магчымыя і немагчымыя ўвасабленні вобраза ракавой прыгажуні: ад балета "Кармэн-сюіта" з прымай Марыінскага тэатра Уллянай Лапаткінай да... фартэпіяннай балады Шапэна ў выкананні мастацкага кіраўніка фестывалю Расціслава Крымера.

Фінальным акордам імяннога башметаўскага свята стаўся "Рэквіем" Моцарта з сумесным беларуска-расійскім складам выканаўцаў - вядома, на чале з Ю.Башметам. Тыя ж, хто ўвайшоў "унутр" фестывальнага "будынка", маглі стаць сведкамі плённых майстар-класаў, найцікавых творчых сустрэч з сусветна вядомай прафесурай. Пад час гэтых паказаў і шчырых размоў можна было спасцігнуць самыя патаемныя сакрэты майстроў. Мастацкі кіраўнік пецярбургскага Дома музыкі, віяланчэліст Сяргей Ралдугін, аказваецца, не мучыць сябе гамамі: ён проста шукае іх урыўкі ў музычных творах. Для піяніста Васіля Лабанава знакавай падзеяй стала сяброўства са Святаславам Рыхтарам, Альфрэдам Шнітке. Нямецкая альтыстка Дзімут Попен узгадала, як упершыню сустрэлася з расійскімі музыкантамі. Перакладчыка не аказалася, і ўзаемаразумення шукалі - на музычна-акадэмічнай мове. А скрыпач Віктар Траццякоў увогуле не стаў распавядаць "пра час і пра сябе", а правёў дадатковы майстарклас. Ці магчыма пераказаць усё, што адбылося за фестывальны тыдзень?

Акрамя Вялікага тэатра, пяць цудоўных канцэртаў было ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, адзін - у Акадэміі музыкі. У іх удзельнічалі тры вядучыя аркестры Беларусі: філарманічны, Прэзідэнцкі, оперны. А да двух дзесяткаў студэнтаў Маладзёжнай акадэміі краін СНД далучыліся ледзь не ўсе айчынныя піяністы і струннікі, якія наведвалі канцэрты і, галоўнае, заняткі. Тым больш, што прафесары былі згодныя займацца не толькі з вызначанымі маладымі музыкантамі, але і з усімі ахвотнымі. Вянцом такой працы сталася сумеснае выступленне прафесуры і творчай моладзі. У фінале закрыцця Маладзёжнай акадэміі студэнты СНД (разам з асобнымі ўдзельнікамі аркестра "Новая Расія" і ансамбля "Салісты Масквы") склалі імправізаваны струнны аркестр, з якім саліраваў Ю.Башмет. Падобныя маладзёжныя акадэміі, безумоўна, павінны мець працяг. І ахопліваць усе музычныя спецыяльнасці, уключаючы духавікоў, ударнікаў, вакалістаў. Можа, не заўсёды патрэбны такія буйнамаштабныя акцыі: прафесары могуць прыязджаць і паасобку, займаючыся менавіта з нашымі студэнтамі і навучэнцамі. А ідэя сумеснага музіцыравання прафесуры з моладдзю можа вырашацца і на конкурснай аснове: да прыкладу, удзельнікі Маладзёжнай акадэміі рыхтуюць некалькі "абавязковых" ансамблевых твораў, і лепшыя выканаўцы граюць іх потым разам з зоркамі - так, як сёлета малады ўкраінскі скрыпач Максім Грынчанка ў квартэце з выкладчыкамі Крыстаферам Элтанам (Велікабрытанія), Віталём Астахавым, Аляксандрам Бузловым (Расія). Сярод самых-самых яркіх уласна музычных уражанняў ад фестывальных канцэртаў - найперш, геніяльная ігра В.Траццякова. Напярэдадні свайго 63-годдзя ён захоўвае шалёную віртуознасць і тэмперамент маладых лаўрэатаў, дапаўняючы выкананне сталай мудрасцю, філасофскай паглыбленасцю асэнсавання музыкі. Незвычайнай кампазітарскай працай з фальклорам скарыў Альтовы канцэрт Хіндэміта, што прагучаў у Мінску ўпершыню.

Сапраўдным адкрыццём стала частка скрыпічнай санаты Бетховена ў выкананні азербайджанскіх юнакоў - Анара Сеідава і Тагрула Гусейнлі. Спевакі Цэнтра оперных спеваў Г.Вішнеўскай у Маскве ўразілі палётнасцю сваіх галасоў, здольнай "прабіваць" аркестравую моц, і выдатнай дыкцыяй, што дазваляе даносіць змест нават у складаных ансамблях. На фоне шасці маскоўскіх зорак, з якіх асабліва кранула бездакорнае сапрана Наталлі Бабровай, не згубіўся і наш бас Анатоль Сіўко - другакурснік Маладзечанскага аддзялення БДАМ: у яго і голас аказаўся адным з найпрыгажэйшых, і выразнасць фразіроўкі - лепшай, чым у каго іншага. Застаецца спадзявацца, што праз год на юбілейным, пятым, фестывалі пачэснае месца зоймуць не толькі нашы выканаўцы, але і... беларуская музыка. На сёлетнім жа свяце, на жаль, не прагучала ніводнага беларускага твора. А між тым, у мінулыя гады была распачата цудоўная традыцыя - "сумесна зорнага" прэм'ернага выканання беларускіх партытур, замоўленых акурат да фестывалю. І яе, відавочна, трэба прадоўжыць!

На здымку: Юрый Башмет.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"