Калі спрацуе «прынцып даміно”?

№ 42 (910) 17.10.2009 - 23.10.2009 г

Адным з самых важных пытанняў для работнікаў культуры рэгіёнаў паўстае наступнае: як зрабіць так, каб новае пакаленне, выбраўшы прафесію, заставалася ў ёй, працягваючы і развіваючы здабыткі старшых калег? У апошнія гады з гэтай мэтай у сярэдніх спецыяльных установах адукацыі галіны павялічваюць набор моладзі менавіта з тых рэгіёнаў, дзе яны і знаходзяцца. Адпаведна, выпускнікам цяпер часцей прапаноўваюць размеркаванне ў родныя мясціны, што значна спрашчае, у прыватнасці, жыллёвае пытанне. Аднак вытрымліваецца падобны прынцып не ўсюды. З аднаго боку, гэта не з’яўляецца асаблівай трагедыяй для маладых спецыялістаў, але, разам з тым, не маючы спрыяльных жыллёвых умоў, яны шукаюць лепшага ў гарадах.

 

Рана ці позна, перад кожным выпускніком каледжа ці вучылішча паўстае складанае пытанне: ці атрымліваць далей - ужо вышэйшую - адукацыю? Хтосьці вырашае яго станоўча, і праз пяць гадоў можа прэтэндаваць на больш высокую пасаду, чым той, хто пачаў працаваць адразу па сканчэнні ССНУ. Аднак праблема працаўладкавання спецыялістаў сярэдняга звяна для іх саміх не паўстае, бо на выпускнікоў існуе сталы попыт, а ў некаторых раёнах рэспублікі ён нават надзвычай востры. Абавязковае размеркаванне на некаторы час вырашае пытанне, але, як паказала практыка, праз два гады вакансіі ўзнікаюць на тым жа месцы.

Паспяховая Брэстчына

 У гэтым годзе толькі 40% заявак ад устаноў культуры задаволілі ў Пінскім дзяржаўным вучылішчы мастацтваў, якому ў канцы 2009-га будзе нададзены статус каледжа. "Вялікая колькасць нашых выпускнікоў паступае ў ВНУ,- кажа намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Казак. - 90% маладых харэографаў і 80% дызайнераў з сёлетняга выпуску пайшлі вучыцца далей. Кожны год агульны працэнт тых, хто здолеў паступіць у ВНУ, даволі высокі: перавышае 70%". Але, можна спадзявацца, размеркаваных у наступныя гады будзе больш, паколькі павялічыўся набор на некаторыя спецыяльнасці: раней, скажам, на "харэаграфію" бралі 8 чалавек, сёлета - 25. Усе выпускнікі бюджэтнага аддзялення, якія не пайшлі вучыцца далей, даехалі да месцаў працы. Прычым, што можна лічыць станоўчай тэндэнцыяй, 98% моладзі апынулася ў гэтым годзе ў сваіх абласцях.

 Адна дзяўчына была размеркавана ў дзяржаўны ансамбль "Харошкі", тры чалавекі - у ансамбль Гродзенскай абласной філармоніі "Белыя росы", адкуль на іх атрыманы запыты. Згодна з рашэннем камісіі па размеркаванні, яны накіраваліся ў названыя калектывы, бо, як адзначана яе членамі, у Брэсцкай вобласці няма калектываў падобнага ўзроўню. Дарэчы, тры дзяўчыны, што паехалі ў Гродна, паступілі таксама на завочнае аддзяленне ва універсітэт. Паводле інфармацыі Пінскага дзяржаўнага вучылішча мастацтваў, каля 70% яго размеркаваных выпускнікоў застаюцца працаваць у сферы культуры і пасля двух абавязковых гадоў, асабліва- у гарадах. Прынамсі, апошняму спрыяе наступны істотны фактар: у палове дагавораў на размеркаванне стаіць пазнака, што будзе выдавацца службовая кватэра. Астатнія размяркоўваюцца, у асноўным, да бацькоў. Скажам, на спецыяльнасць "народныя абрады і святы" паступае 70% маладых людзей з вёсак, сельскай мясцовасці, куды пасля і накіроўваецца. "Але тыя, хто трапіў не ў сваю вёску і не атрымаў уласнага жылля, часцей развітваюцца з працай па спецыяльнасці", - заўважае Алена Казак.

 Чаго ж не хапае?

На праблемы з жыллём, па словах намесніка дырэктара па вытворчай працы Мікалая Калбасава, амаль не скардзяцца выпускнікі Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н.Сакалоўскага. "У рэгіёнах, якія пацярпелі ад чарнобыльскай навалы, хапае інтэрнатаў, ёсць прыватныя дамы, і, зразумела, гэта не з'яўляецца прычынай для таго, каб з'ехаць з месца працы, - адзначае суразмоўца карэспандэнта "К". - Усе заяўкі ад устаноў культуры звычайна задавольваем. Застаюцца ў тым ці іншым месцы, у асноўным, тыя, хто сам з гэтага ж рэгіёна, з'язджае ж той, хто прыехаў з іншага. Так, заробкі не захапляюць выпускнікоў. Ды толькі тыя спецыялісты, што атрымалі вышэйшую адукацыю і могуць зарабляць больш, ужо неахвотна вяртаюцца ў наш край". Каля паловы выпускнікоў каледжа заўсёды ідуць вучыцца далей: сёлета са 101 паступілі ў ВНУ 53 чалавекі, астатнія размяркоўваліся па Гомельшчыне. Некаторыя з маладых людзей імкнуліся паспытаць шчасця ў замежжы: летась 15 чалавек паступіліва універсітэты Санкт-Пецярбурга, Масквы, сёлета двое прадоўжылі вучобу за межамі Беларусі. Большасць жа спрабуе паступіць у нашы БДУКіМ, Акадэмію музыкі, яе філіял у абласным цэнтры.

 Паступаюць. А далей?

 У Гродзенскім каледжы мастацтваў таксама быў 101 выпускнік, але паступілі ў ВНУ ўсяго 37 чалавек. Лічба набліжаецца да 40%, а летась было 50%, у пазамінулым годзе - яшчэ болей. Па словах дырэктара ўстановы Вадзіма Буткевіча, змяншэнне залежыць ад таго, што моладзь не хоча спрабаваць сябе ў тэсціраванні. Па розных прычынах, і адна з іх- тэсты прыходзяцца якраз на чэрвень, калі ў студэнтаў апошняя практыка. Даволі незвычайная сітуацыя ў каледжы з "геаграфіяй" набору. Сёлета сюды паступіла шмат моладзі з розных абласцей, асабліва- з Брэсцкай і Гомельскай. "Моладзі з іншых рэгіёнаў краіны не забароніш паступаць да нас, і мы бяром тых, хто лепш падрыхтаваны, - кажа дырэктар. - Нямала дзяцей-сірот, каму не можам адмовіць. Вельмі вялікім попытам карыстаецца спецыяльнасць "графічны дызайн": усяго 8 месцаў і конкурс - 7,6 чалавека на месца. На "харэаграфію"- больш за 3 чалавекі на месца. Каледжу 61 год, адукацыя ў нас канкурэнтаздольная, таму і імкнуцца сюды адусюль". Адзначым, што тыя, хто размяркоўваецца, прыбываюць на працу без праблем, стопрацэнтна. Але жыллём забяспечваюцца слаба. Іншую работу ў рэгіёне маладыя людзі наўрад ці знойдуць, паколькі даволі вузкая спецыялізацыя не дае асабліва "разагнацца". Людзі, якія вырашаюць застацца на месцы размеркавання, выклікаюць у Вадзіма Буткевіча павагу.

 Поруч з гэтым ён заўважае: "Узнікае пытанне: чаму выпускнікі тэхнічных спецыяльнасцей маюць магчымасць зарабіць прыстойныя грошы, а ў культуры яны вельмі абмежаваныя ў зарплаце?" Вялікай колькасцю навучэнцаў з іншых абласцей вылучаецца і Віцебскае дзяржаўнае вучылішча мастацтваў. Але тут сітуацыя вызначаецца своеасаблівымі патрабаваннямі да паступлення. Намеснік дырэктара вучылішча па выхаваўчай рабоце Мікалай Грушэўскі паведаміў: "У гэтым годзе мы набралі 117 чалавек (выпуск быў - 71 чалавек), і такая вялікая лічба абумоўлена тым, што большасці патрэбна было здаваць толькі прадметы па спецыяльнасцях. Не было тэсціравання, якое так не любяць творчыя людзі з павышанымі здольнасцямі да абстрактнага, а не канкрэтнага мыслення". Мо і дзякуючы гэтаму ў вучылішча прыйшло шмат выпускнікоў з Мінскай, Брэсцкай, Гродзенскай, Магілёўскай абласцей. Што да тых, хто працягвае вучыцца далей, то тут працэнт даволі невялікі, але ён з гадамі павышаецца.

 Сёлета ў ВНУ паступілі 19 чалавек (26% ад агульнай колькасці выпускнікоў), а 52 былі размеркаваны. Гэты працэс адбываецца, у асноўным, без праблем, паколькі размеркаванне праходзіць менавіта па ўстановах культуры вобласці. Жыллё прадастаўляецца, наконт яго няма скаргаў. А тыя, хто накіроўваецца ў аграгарадкі, - атрымліваюць домікі, задаволены імі і- застаюцца. А да моладзі з іншых абласцей у віцебскім вучылішчы імкнуцца падыходзіць індывідуальна і размяркоўваюць у іх родныя рэгіёны.

Будзе філіял універсітэта

Магілёўскі дзяржаўны бібліятэчны каледж імя А.Пушкіна - адзіная сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова рэспублікі, дзе рыхтуюць бібліятэкараў. Адпаведна, яе выпускнікі размяркоўваюцца ў самыя розныя куточкі краіны. У гэтым годзе з каледжа паступіла ў ВНУ ўсяго чвэрць яго выпускнікоў - найменшы паказчык па абласцях. Тут існуе група паглыбленай спецыяльнай адукацыі, куды трапляюць самыя здольныя студэнты па колькасці балаў і ступені стараннасці. Яны могуць паступіць адразу на трэці курс Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Дырэктар установы Аляксандр Чугай кажа: "Нават дзеці з "васьмёркамі" і "дзевяткамі" па ўсіх прадметах усё часцей адмаўляюцца паступаць. Пакуль што ёсць адзіная навучальная ўстанова, дзе можна прадоўжыць атрымліваць веды, - Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў. Складанасці з месцамі ў інтэрнаце, дарагое сталічнае жыццё не дазваляюць многім атрымаць вышэйшую адукацыю, хаця, па сваіх ведах, яны здольныя".

Як паведамілі "К" ва ўпраўленні культуры Магілёўскага аблвыканкама, у абласным цэнтры ў наступным годзе ствараецца філіял БДУКіМ, дзе бібліятэкары змогуць працягваць навучанне завочна, адначасова сумяшчаючы адукацыю з працай, што, па словах дырэктара каледжа, вельмі станоўчая з'ява,бо толькі папрацаваўшы чалавек зможа вырашыць для сябе, што яму больш патрэбна ўзяць ад ВНУ. З года ў год павялічваецца патрэба ў супрацоўніках бібліятэк. На 77 выпускнікоў бюджэтнага аддзялення каледжа ў гэтым годзе - 100 заявак з усёй краіны. Прапаноўвалі атрымаць размеркаванне і платнікам - 7 чалавек згадзіліся пайсці на працу. Аляксандр Чугай гаворыць: "Па Магілёўскай вобласці нашы выпускнікі сур'ёзна замацоўваюцца, працуюць у бібліятэках аграгарадкоў, невялікіх вёсак. Старшыні раённых аддзелаў культуры станоўча адгукаюцца пра маладых людзей, якія рэдка сыходзяць з прафесіі. Для таго, каб людзі замацоўваліся, патрэбна як мага больш практыкі, каб моладзь бачыла, з якой працай ёй давядзецца сутыкнуцца. Я назіраю, што завочнікі значна лепш ведаюць сваю прафесію, бо ходзяць у бібліятэку амаль кожны дзень. А выпускнікам з дзённага аддзялення, хоць яны і атрымліваюць у нас адукацыю, адпаведную патрабаванням да сучаснага спецыяліста, патрэбна яшчэ ўлівацца ў прафесію, што, у дадатак да новага калектыву і месца жыхарства, можа быць не такім простым".

* * *

Шмат практыкі пад час навучання- для лепшага знаёмства з прафесіяй, прадастаўленае маладому спецыялісту жыллё, неблагі заробак - і можна быць упэўненым, што моладзь збольшага замацуецца на сваім першым працоўным месцы. Зразумела, на такія ідэальныя ўмовы могуць разлічваць не ўсе выпускнікі ССНУ галіны.

 Як сведчаць лічбы, шмат моладзі, што нядаўна пачала працу на сцяжыне культуры, сышло з яе, лічы, ледзь пазнаёміўшыся са сваёй дзейнасцю, не вытрымаўшы "ахвяр" дзеля першага рабочага месца. "Як іх зменшыць?" - задаюць пытанне кіраўнікі ССНУ, устаноў культуры, мясцовыя ўлады. Тыя, хто знаходзіць адказ, на жаль, далёка не заўжды перадаюць яго па "прынцыпе даміно" іншым калегам. Але ж па тым самым прынцыпе ад першага элемента ланцужку і пачынаецца рух. Тады і сярэдні арыфметычны лік тых, хто замацоўваўся на першым працоўным месцы ў ССНУ, канешне ж, павялічыцца. Зрэшты, праблема з заробкам, што ў спецыялістаў галіны з вышэйшай адукацыяй не адрозніваецца ад таго, які атрымліваюць работнікі з сярэдняй спецыяльнай, патрабуе свайго неадкладнага вырашэння. Яевастрыню пацвярджае і абмеркаванне пытання на "круглым стале" ў рэдакцыі "К" начальнікамі абласных упраўленняў культуры (чытайце матэрыял на стар. 10 - 12). У гэтых абставінах для павышэння прафесійнага ўзроўню спецыялістаў сярэдняга звяна, недахоп якіх стала адзначаецца на месцах, выйсцем могуць стаць курсы ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў пры БДУКіМ. Прынамсі, магчымасць гэтую, асабліва для маладых кадраў, выпускаць з поля зроку не варта. У гэтым выпадку можна меркаваць і пра замацаванне, і пра кар'ерны рост. Ды і пытанне з вакансіямі, якое ўзнікае на тых самых месцах раз на два гады, аўтаматычна здымецца.