Тэрыторыя новага

№ 42 (910) 17.10.2009 - 23.10.2009 г

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі праходзіць I Мінскі міжнародны фэст лічбавага мастацтва “Terra Nova”. Дзейнічае выстаўка камп’ютэрнай графікі і лічбавага фота, наладжаны прагляд твораў відэа-арта, кароткаметражных фільмаў, рэкламных ролікаў, лічбавай анімацыі, відэакліпаў. Працуе таксама тэматычная кніжная выстаўка “Сакрэты лічбавага мастацтва”.

Гэта першае ў краіне мерапрыемства падобнага роду і маштабу. Па словах яго куратара Федара Ястраба, ідэя выспявала даўно і, урэшце, знайшла яркае ўвасабленне. Фэст адкрыўся авангардным паказам моды ад дызайнераў студыі "Мамант" і "Млына моды". Творы разглядаюцца ў васьмі намінацыях: "Лічбавае фота", "Камп'ютэрная графіка", "Лічбавы жывапіс", "Відэа-арт", "Відэакліп музычны", "Анімацыя", "Рэкламны ролік" і "Кароткі метр". Аўтарамі і ўдзельнікамі "Terra Nova" з'яўляюцца шматлікія прадстаўнікі як з нашай краіны, так і з краін СНД і Заходняй Еўропы: Вадзім Качан, Валерый Вядрэнка, Андрэй Савіч, Юрый Тарэеў, Антон Баранаў (Беларусь), Ларыса Кулік, Уладзімір Фядотка (Расія), Руслан Трэмба (Украіна), Інга Хеамагі (Эстонія), Наталля Шутэнбаева (Літва), Лукаш Цывіцкі (Польшча), Аксана Зубофф (Германія).
Лізавета БЯЦКО, студэнтка ІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ