“Лістапад-2009”: у кожнай з праграм

№ 42 (910) 17.10.2009 - 23.10.2009 г

Адразу дзве айчынныя поўнаметражныя ігравыя стужкі будуць удзельнічаць у конкурснай праграме ХVІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Нашу краіну на галоўным беларускім кінафоруме будуць прадстаўляць карціны “Інсайт” Рэнаты Грыцковай і “Снайпер. Зброя помсты” Аляксандра Яфрэмава.

Гэтыя стужкі былі выпушчаны на Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" у 2009 годзе і ўжо паспелі сабраць шэраг станоўчых водгукаў. "Інсайт" - сур'ёзная псіхалагічная драма пра жанчыну, якая праз шмат гадоў знаходзіць свайго роднага бацьку. "Снайпер. Зброя помсты" - кінаверсія чатарохсерыйнага тэлевізійнага праекта, у якім ваенны трылер спалучаецца з псіхалагічным дэтэктывам. Таксама гледачы "Лістапада" змогуць пазнаёміцца з новай стужкай дакументаліста Міхаіла Жданоўскага "Вечнае вяртанне", а на конкурсе дзіцячага і падлеткавага кіно "Лістападзік" - з карцінай Алены Туравай "Навагоднія прыгоды ў ліпені". У пазаконкурснай праграме можна будзе пабачыць псіхалагічную драму "Кадэт" Віталя Дудзіна. Айчынная анімацыя будзе прадстаўлена шэрагам прэм'ер "Беларусьфільма": серыямі "Аповесць мінулых гадоў", "Несцерка", "Жыла была апошняя Мушка" і іншымі.
С.А.