Творчая “авантура”

№ 41 (909) 10.10.2009 - 16.10.2009 г

Не толькі “Панарама” рыхтуе сваім прыхільным гледачам шматлікія тэатральныя сюрпрызы. Свой творчы падарунак гэтаму форуму збіраецца зрабіць і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, пра што паведаміў нам яшчэ да пачатку фестывалю дырэктар і мастацкі кіраўнік РТБД Валерый АНІСЕНКА:

 

/i/content/pi/cult/230/3123/7-4.jpg- Я не падзяляю меркаванняў, што беларускае тэатральнае мастацтва знаходзіцца на нейкіх там культурных задворках, і шчыра, горача "хварэю" і за айчынны тэатр, і за нашу агульную "Панараму". І менавіта для таго, каб дадаць гэтаму форуму яшчэ адну фарбачку, у адзін з дзён наступнага тыдня, калі не будзе дажджу, прапаную ўсім ахвотным гасцям ды ўдзельнікам фестывалю сесці ў наш аўтобус і... выехаць за горад, каб паглядзець "Чайку", пастаўленую нашым тэатрам пад адкрытым небам. Без перабольшвання скажу, што іншых падобных спектакляў у нас пакуль няма.

- Дарэчы, у свой час, калі ў 1990-я гады толькі-толькі зараджаўся Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа" ў Брэсце, былі спробы іграць спектаклі пад адкрытым небам, на фоне той самай Белай вежы ў Камянцы...

- І не без гонару скажу, што першымі былі мы - з "Рычардам ІІІ", а на наступны год - з "Макбетам". Але гэтым разам гледачы пабачаць спектакль, першапачаткова задуманы як пастаноўка пад адкрытым небам. І хаця паралельна з гэтым мы паказваем "Чайку" і на сваёй асноўнай сцэне, можна пераканацца, што гэта, па сутнасці, - два розныя спектаклі.

- Як жа вы рашыліся на падобную творчую "авантуру"?

- А я ўвогуле не люблю чалавечай нецікаўнасці, аморфнасці, унутранага нежадання працаваць і развівацца і заўсёды з гэтым змагаюся. Бо перакананы: калі не будзе ўнутранага гарэння і гэтай самай авантурнасці - і ў нашым тэатры нічога не зрушыцца з месца. Мяне вельмі расчаравала размова на адным з апошніх ток-шоу на ТБ: кожны з дзеячаў тэатра вяшчаў са сваёй званіцы, а ў выніку- пустэча. З падобнай сітуацыі пачыналася і мая работа над "Чайкай": я паклікаў калег і папрасіў у іх парады, як і з чаго мне пачынаць сваю працу. А яны мне на гэта пачалі тлумачыць, што і па якіх прычынах нельга рабіць. Але ж я, кажу ім, не пытаюся, што нельга, а шукаю парады і падказкі адносна таго, што можна. І акурат гэткага творчага пошуку і няўрымслівасці жадаю сёлетняй "Панараме".

На здымку: сцэны са спектакля "Чайка".