“Нібы я наступіў на воблака...”

№ 41 (909) 10.10.2009 - 16.10.2009 г

Мастак мысліць вобразамі. Пошук слоў для яго — пакутлівы і бессэнсоўны, лягчэй знайсці спалучэнне нерэальных і рэальных вобразаў. Вячаслаў Паўлавец усміхнуўся і развёў рукамі: “Так, гэта сапраўды так, але ў працы іншым разам трэба быць красамоўным”.

/i/content/pi/cult/230/3122/7-1.jpgВячаслаў Паўлавец - акварэліст. Мастацтвазнаўцы і дасюль спрачаюцца, да якога жанру аднесці гэты від мастацтва: да графікі ці да жывапісу? Але пабывайце на выстаўцы акварэлі, паглядзіце ў вочы наведвальнікаў і вы заўважыце, як яны зачараваны эфектам лёгкасці, паветранасці і тонкіх колеравых пераходаў. Работы Вячаслава экспануюцца на шматлікіх выстаўках, а зусім нядаўна ў горадзе Майнцы (Германія) ён атрымаў за свае творы Прыз глядацкіх сімпатый. Аляксандр Сталяроў, дырэктар выдавецтва "Беларусь", дзе Паўлавец працуе мастацкім рэдактарам, на адкрыцці нядаўняй выстаўкі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры сказаў: - Здзіўляюся, як ён паспявае пры сваёй занятасці атрымліваць не толькі Прыз глядацкіх сімпатый, але і Гранпры на летнім Міжнародным конкурсе ў Маскве - за афармленне кнігі "Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны". Дзяцінства мастака прайшло ў раз'ездах. Бійск (у гэтым горадзе Слава нарадзіўся 1 кастрычніка 1959 года), потым - Чэлябінск, гарады Германіі і, урэшце, Мінск. У кожнага з нас ёсць у жыцці пункт адліку.
/i/content/pi/cult/230/3122/7-3.jpg У Славы ён з'явіўся ў раннім дзяцінстве, калі хлопчык са сваёй мамай прыйшоў у Дрэздэнскую галерэю. - Мы ідзём па анфіладзе пакояў, - узгадвае Слава, - і раптам проста на мяне ідзе жанчына з немаўлём на руках: яе сукенка развіваецца ад руху, хустка на галаве падобная да ветразя... Усё стала адзінай карцінай. Мне падалося, што я наступіў на воблака, і - спыніўся. Зачараванне - вось дакладнае вызначэнне таго моманту. Перада мной была карціна Рафаэля "Сіксцінская мадонна". Пазней я прачытаў словы італьянскага мастака Карла Мараці: "Калі б мне паказалі карціну Рафаэля, а я не ведаў бы нічога пра яго самога, і пры гэтым сказалі, што гэта стварэнне анёла, я гэтаму паверыў бы"... Наведванне Дрэздэнскай галерэі прымусіла хлопчыка ўзяцца за пэндзлі і фарбы. Была восень. Колеры гэтай пары настолькі прывабныя, што карціна, на якой адлюстраваны пераход ад зялёнага да барвовага, атрымала высокую ацэнку настаўніка малявання. Першая пахвала запомнілася надоўга.
/i/content/pi/cult/230/3122/7-5.jpg Магчыма, менавіта тады і адбылося нараджэнне мастака. Гледзячы на акварэлі Вячаслава Паўлаўца, радуешся прыгажосці зямлі- яркай, лёгкай і адухоўленай. - Прыгажосць выратуе свет? - задаў я трывіяльнае пытанне. Вячаслаў Паўлавец адказаў мудра: - Спачатку трэба выратаваць прыгажосць!

Фота аўтара

В.Паўлавец. “Вечаровая мелодыя”.

В.Паўлавец. “Цішыня на Вячы”.  

Аўтар: Юрый ІВАНОЎ
фатограф