“І голас набыла душа”

№ 41 (909) 10.10.2009 - 16.10.2009 г

У мемарыяльным Музеі-майстэрні народнага мастака СССР і Беларусі Заіра Азгура працуе выстаўка “І голас набыла душа”, прысвечаная юбілейным датам класікаў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя Аркадзя Куляшова, Максіма Лужаніна, Міхася Лынькова.

/i/content/pi/cult/230/3121/7-6-ann.jpgБезумоўна, Заір Азгур з'яўляецца галоўнай фігурай у беларускай партрэтнай пластыцы ХХ ст. Мастацкая спадчына скульптара налічвае сотні партрэтаў знакамітых людзей мінулага і сучаснасці, сярод якіх асаблівае месца займае галерэя вобразаў творчай інтэлігенцыі Беларусі: пісьменнікаў, мастакоў, архітэктараў, музыкантаў, артыстаў. У калекцыі музея-майстэрні З.І. Азгура, напрыклад, ёсць больш за 40 партрэтаў беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, якія мастак ствараў, пачынаючы з канца 1930-х гадоў: Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, К.Чорнага, Я.Маўра і іншых. Цягам дзесяцігоддзяў творчыя і сяброўскія адносіны звязвалі Заіра Ісакавіча з Аркадзем Куляшовым, Максімам Лужаніным і Міхасём Лыньковым, аб чым мастак расказаў у сваіх мемуарных кнігах "Тое, што помніцца". Усе тры партрэты пісьменнікаў, якія сёння экспануюцца ў скульптурнай зале музея, зроблены творцам у 1950я гады. Акрамя партрэтаў, у экспазіцыі прадстаўлены фатаграфіі, віншавальныя адрасы і тэлеграмы, успаміны мастака пра герояў гэтага выставачнага праекта, кнігі з дарчымі надпісамі Азгуру ад іх аўтараў, у тым ліку - 1930-х - 50-х гадоў, якія сталі бібліяграфічнай рэдкасцю.
Ул. інф.