Фэст прывідаў без “бясплатнага сыру”

№ 41 (909) 10.10.2009 - 16.10.2009 г

Ледзь паспеў адгрымець Першы Фэст сярэднявечнай музыкі “Гальшанскі замак”, як інфармацыйныя каналы распаўсюдзілі новую сенсацыйную інфармацыю: на Беларусі з’явіцца свой Фестываль... прывідаў. Зразумела, што лепшага месца для яго правядзення за апісаныя Уладзімірам Караткевічам руіны ў нашай частцы Еўропы не знойдзеш.

 

/i/content/pi/cult/230/3111/14-2.jpgМагчыма, хтосьці здзівіцца, даведаўшыся, што аўтар гэтай ідэі - не якісь "легкадумны" юнак, а дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Хаця насамрэч здзіўляцца ініцыятыве Валянціны Лузінай не выпадае. За "легкадумнай" абалонкай гэтага праекта тоіцца зусім не прывідны эканамічны патэнцыял. Пара-тройка падобных імпрэз, якія ладзяцца ў розных кутках Старога Свету, карыстаюцца шалёнай папулярнасцю сярод турыстаў.

Да нядаўняга часу "анамальны" імідж Гальшанаў практычна не выкарыстоўваўся. Маштабную "раскрутку" адметнасцей роднага Ашмянскага краю Валянціна Лузіна распачала ўжо шмат гадоў таму, займаючы пасаду намесніка старшыні райвыканкама ("К" неаднойчы асвятляла ейную руплівую дзейнасць на гэтай ніве). На яе думку, будучыня турызму - менавіта ў смелых крэатыўных ініцыятывах: анімацыйных экскурсіях і фэстах з арыгінальнай праграмай, здатных абудзіць фантазію наведвальнікаў. Задума зладзіць такую імпрэзу ля муроў Гальшанскага замка існавала ўжо даўно. 3-га кастрычніка яна была рэалізавана. Аддзел культуры Ашмянскага райвыканкама здолеў знайсці зацікаўленага партнёра - турыстычную фірму, якая спецыялізуецца на арыгінальных спосабах рэпрэзентацыі беларускай даўніны. А знакаміты гурт "Стары Ольса" акурат меўся адсвяткаваць сваё дзесяцігоддзе. Адзіным складнікам, якога не хапала гэтаму open air, аказалася надвор'е.

Тым не менш, колькасць прададзеных білетаў ужо напярэдадні фэсту перасягнула паўтары тысячы. І гэта прытым, што іх цана была зусім не сімвалічнай. - Так, цана ў 20 тысяч рублёў за білет на такую імпрэзу некаторых пакуль здзіўляе, - кажа начальнік аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама Галіна Балінская. - Але, думаю, нам трэба ўжо забывацца пра "бясплатны сыр". Публіка павінна разумець, што арганізацыя такога мерапрыемства запатрабавала вялікіх выдаткаў. Затое, паводле яе слоў, для правядзення фэсту сярэднявечнай музыкі не спатрэбілася ні капейкі бюджэтных сродкаў. Паколькі першы блін не атрымаўся камяком, жаданне зрабіць фэст штогадовым у яго арганізатараў было заканамерным. "Прывідная" тэматыка зробіць яго яшчэ больш папулярным. - Пэўныя задумы на гэты конт у нас ужо ёсць, але, думаю, пакуль што раскрываць іх не варта, - інтрыгуе Галіна Б а л і н ская. - Зразумела, што сваімі сіламі такую імпрэзу мы не адолеем. Таму плануем звярнуцца па дапамогу да спецыялістаў з Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Паспрабуем мы выйсці і на міжнародны ўзровень: чаму б не запрасіць да супрацоўніцтва, скажам, каўнаскі Музей чарцей? Налета Гальшанскі замак адсвяткуе сваё 400-годдзе. Валянціна Лузіна і Галіна Балінская вельмі спадзяюцца на тое, што старыя муры атрымаюць да юбілею своеасаблівы падарунак: распачнуцца работы па іх кансервацыі.

Па замове аддзела культуры спецыялісты з ІКАМОС ужо распрацавалі канцэпцыю далейшай эксплуатацыі замка: поўнасцю яго аднаўленне не плануецца, але правая вежа, якая ацалела найбольш, будзе адрэстаўравана, і ў ёй размесцяцца невялічкая музейная экспазіцыя ды крамка па продажы сувеніраў. Таксама плануецца неўзабаве аднавіць сістэму ставоў, якая ўваходзіла ў замкавы комплекс, і тым самым стварыць помніку архітэктуры адпаведны гістарычны антураж. Таму рэжысёры "прывіднага" фэсту не будуць абмежаваны ў плане сваёй фантазіі. Магчыма, з часам мы пераканаемся, што рабіць грошы на прывідах можна не толькі ў шатландскім Эдынбургу, чэшскім Пльзене і славацкім Бойніцкім замку.


 На здымках: рэканструкцыя выгляду замка XVIII ст. і ягоныя руіны сёння.