“Залаты” імідж краіны ў свеце. Том ІІІ

№ 41 (909) 10.10.2009 - 16.10.2009 г

Адзін раз — выпадковасць, два — супадзенне, а тры — ужо традыцыя. Гэтае выслоўе цалкам адыходзіць да мастацкага праекта “Спадчына Беларусі”, у рамках якога днямі адбылася прэзентацыя трэцяй кнігі пад назвай “Скарбы Беларусі”. Натуральна, што напярэдадні Дня работнікаў культуры мы не маглі не сустрэцца з гэтымі няўрымслівымі аўтарамі праекта, “скарбашукальнікамі” Алегам ЛУКАШЭВІЧАМ і Аляксандрам АЛЯКСЕЕВЫМ, каб пагутарыць з імі не столькі пра сам праект, колькі пра іхняе адчуванне стану і перспектыў галіны. Але гаворка, безумоўна, адштурхнулася ад новага выдання і невялікай “рэтраспектывы” ў гісторыю праекта.

 

/i/content/pi/cult/230/3110/15-1.jpgЯкасць без падмалёвак

 - Сягаючы ў зусім не далёкую гісторыю, ці можна было б сказаць, што вы задумвалі і пачыналі стварэнне "Спадчыны Беларусі" тады, калі падобных выданняў на Беларусі не існавала і ў вас практычна не было "канкурэнтаў" у гэтай сферы?

Алег Лукашэвіч: - Ды не, альбомаў пра Беларусь існавала нямала, іншая справа, якой яны былі якасці і якога ўзроўню. Практычна ўсе кнігі складаліся са здымкаў, дзе можна было пабачыць прыгожыя пейзажныя замалёўкі, палёт бусла на фоне заходу сонца, зуброў, што гуляюць на волі, ці бабулю з кошыкам. Я не супраць падобных здымкаў, але, калі выпрацоўваць іміджавую стратэгію прадстаўлення нашай краіны ў свеце, тут павінен быць абсалютна іншы падыход. Калі за мяжой дзеля цікаўнасці адкрылі сусветную энцыклапедыю па прадстаўленні краіны і знайшлі там Беларусь, то ўбачылі фотаздымак... балота! Аказваецца, нягледзячы на тое, што жывём мы ў краіне з найбагацейшай традыцыяй і культурай, свету прадстаўляем сябе абсалютна інакш!

 Аляксандр Аляксееў: - А наша "скарбашукальніцтва" пачалося з трывіяльнага жадання ўзяць з сабою ў замежную паездку які-небудзь сувенір, альбом, каб годна паказаць нашу краіну і пазнаёміць з беларускай культурай людзей з іншых краёў. Мы пайшлі ў кнігарню, але так і не змаглі знайсці такі альбом, які не замыкаўся б у вузкапрофільнай прыродазнаўчай ці этнаграфічнай тэматыцы і быў цікавы шырокаму колу людзей. Акурат пасля гэтага мы і вырашылі самі заняцца запаўненнем гэтай нішы. Дарэчы, хачу адзначыць і яшчэ адзін прынцыпова важны для нас аспект: не меншую ўвагу надавалі мы і пытанням паліграфіі, выдавецкай культуры. Гледзячы на нашы кнігі, можна ўбачыць на ўласныя вочы, што Беларусь - гэта краіна, высока развітая з пункта гледжання кніжнага дызайну, вёрсткі, асваення найноўшых выдавецкіх тэхналогій. І тэхнічнае выкананне для нас было не менш важным, чым мастацкае напаўненне: мы не хацелі жыць старымі стэрэатыпамі.

 А.Л: - Але пры гэтым, мушу адзначыць, мы не прыхарошвалі здымкі, падаючы іх як ёсць, без "фоташопаўскіх" "падмалёвак", - для гэтага даводзілася выязджаць на здымкі і па дзесяць разоў, каб, да прыкладу, злавіць патрэбнае святло.

- Сапраўды, фота ў альбоме - проста цудоўныя. Уяўляю сабе, як людзі гартаюць іх з захапленнем, а потым пытаюцца: а дзе ж можна пабачыць усе гэтыя цуды на ўласныя вочы?

А.Л.: - Канешне, калі казаць пра царкоўныя ці музейныя прадметы са сховішчаў, звычайны чалавек можа з імі і не пазнаёміцца, акрамя як на старонках нашых альбомаў. Але ж усю старадаўнюю архітэктуру, якой была прысвечана "Спадчына Беларусі", можна ўбачыць на ўласныя вочы, завітаўшы ў той ці іншы куточак нашай краіны. Іншая справа - у якім стане яны сёння знаходзяцца і, што яшчэ горш, якім чынам адбываецца іх рэстаўрацыя? Я маю на ўвазе жахлівыя і недарэчныя па сваёй сутнасці еўрасвяцільнікі і еўрадах у Мірскім замку, ды і не толькі. У тым жа Каралеўскім замку ў Варшаве вы не знойдзеце вычварнага хай-тэку. Я не магу ўцяміць, якім чынам архітэктары і рэстаўратары Мірскага замка апраўдваюць шкляны казырок ці жахлівую агароджу наўкола? Якое ўражанне застанецца ад Міра ў замежнага турыста, калі той пабачыць на ўласныя вочы ўсе гэтыя "акалічнасці" нацыянальнага брэнда, помніка, унесенага ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO?

 А.А.: - Навошта патрэбна падобнае "вынаходніцтва", калі вынік яго, мякка кажучы, сумнеўны? Магчыма, калі ў нас няма добрых спецыялістаў, варта было б запрасіць прафесіяналаў з-за мяжы, каб тыя зрабілі ўсё так, як нам патрэбна?

- Але ж тут - камень сутыкнення: запрашаць добрых мастакоў з-за мяжы, безумоўна, можна і варта, але ж таксама неабходна рыхтаваць і ўласныя кадры. Да таго ж, я асабіста пераканана, што "новае жыццё" нашайкультуры павінны даваць людзі з гэтай зямлі, і ніводзін, нават самы высокапрафесійны, "наёмны работнік" не здольны напоўніць аб'екты беларускай культуры сапраўды нашым духам.

А.А.: - Безумоўна, неабходна ўзнаўляць нашу спадчыну беларускімі рукамі, але там, дзе ў нас ёсць прабелы, усё ж варта запрашаць майстроў, якія зладзілі б для нашых спецыялістаў майстар-класы, каб тыя глядзелі, вучыліся і потым ужо спрабавалі рабіць гэта самастойна. Бо пакуль мы будзем чакаць, калі "дарасцём" да майстэрства і ўзроўню сусветнай школы, можам страціць і тое, што ёсць.

/i/content/pi/cult/230/3110/15-3.jpgНавошта сервіз з 200 прадметаў?

- У сувязі з вашым новым праектам - "Скарбы Радзівілаў" - хацелася б пачуць меркаванне на дзве такія актуальныя тэмы, як актыўнае выкарыстанне навадзелаў і пытанні рэстытуцыі.

 А.Л.: - Я, напрыклад, лічу, што ўжо даўно наспеў час стварыць асобную ўстанову, якая займалася б пытаннямі рэстытуцыі, вышукваннем іх за мяжой і адпаведнымі закупкамі. Плюс - распрацаваць нарматыўную базу для гэтага, каб, да прыкладу, закупкі не абкладаліся мытнымі пошлінамі. Бо гэта - дзяржаўны клопат, а не справа камісіі, што працуе на грамадскіх пачатках. Тут патрабуюцца сапраўдныя прафесіяналы, а не выпадковыя людзі, якія будуць купляць незразумелыя падробкі пад еўрапейскі жывапіс, або, як у Крычаўскім палацы, невядома з якой мэтай закупяць мэйсанаўскі фарфор з 200 прадметаў.

А.А.: - Калі ўсё зрабіць належным чынам, можна вярнуць у Беларусь і старыя кнігі, і слуцкія паясы...

 - Але што значыць "вярнуць"? Падобныя працэдуры павінны ажыццяўляцца на законнай аснове.

А.Л.: - Можна, да прыкладу, аб'явіць на конкурснай аснове дзяржаўную закупку, прапісаўшы канкрэтныя пазіцыі, якія нас цікавяць. Упэўнены, што з усяго свету да нас пацягнуцца калекцыянеры, якія з задавальненнем прапануюць нам цікавыя рэчы.

Выдаткоўваць грошы з аддачай

- Вяртаючыся да вашых выданняў, усё ж каму сёння больш патрэбнае "адкрыццё" беларускіх скарбаў: замежнікам ці нашым суайчыннікам?

А.Л.: - У першую чаргу - самім беларусам. Бо калі мы самі будзем ганарыцца сваёй краінай, нацыянальнай спадчынай, тады мы абсалютна паіншаму станем адносіцца і да ўсяго астатняга. І ўжо не патрэбнабудзе нічога рабіць спецыяльна для таго, каб замежнікі прыязджалі да нас і захапляліся беларускай культурай. Зайдзіце ў кнігарню і паглядзіце: многія з тых цудоўных альбомаў, выдадзеных за апошнія гады і адзначаных шматлікімі прэміямі і дыпломамі, ляжаць на паліцах і пакрываюцца пылам. Міжволі ўзнікае пытанне: што надзейней і правільней выдаваць - падобныя альбомы ці тое, што хутка разыходзіцца?

 - Дык а што сапраўды надзейней: няўжо тое, што хутка разыходзіцца?

А.Л.: - Мы жывём у час рынкавых адносін, і кніга - такі ж прадукт, што неабходна рэалізоўваць, а не проста "пладзіць макулатуру", якая будзе ляжаць, а праз час яе спішуць і выкінуць. Мы не маем права на падобныя злачынствы, і я перакананы, што грошы неабходна выдаткоўваць туды, адкуль яны будуць вяртацца.

- Сапраўды, гэта вельмі істотнае пытанне, асабліва - для рэгіянальных бібліятэк, якія з большай ахвотай закупяць так званую хадавую літаратуру: дэтэктывы ці выданні з серыі народнай медыцыны. Яны гарантавана будуць запатрабаваны чытачамі, чым хоць і цудоўна выдадзены, але дарагі альбом, што будзе захоўвацца на паліцы пад шклом і наўрад ці прынясе рэальныя прыбыткі.

А.Л.: - А я скажу: менавіта такія альбомы і павінны быць у бібліятэках, асабліва - у рэгіянальных. Каб нейкі хлапчук, што жыве ў вёсцы, мог прыйсці ў бібліятэку, бясплатна пагартаць такое выданне, якое, сапраўды, каштуе 150 тысяч (а сёння на вёсцы гэта - велізарныя грошы, якія ніхто не дазволіць сабе выкінуць "на вецер"), і будзе ганарыцца сваёй краінай, сваім краем, што мае такую багатую культуру. І, магчыма, у яго народзіцца мара стаць гісторыкам ці рэстаўратарам... Менавіта на такіх выданнях мусіць выхоўвацца нацыя, а ў рэгіёнах, у аграгарадках падобныя тамы павінны проста за дзірак зачытваць! Я прыгадваю сваё дзяцінства, калі разглядваў альбомы па жывапісе і марыў трапіць у Эрмітаж, каб ўсё гэта ўбачыць на ўласныя вочы...

- Напярэдадні Дня работнікаў культуры што вы як журналісты, апантаныя тэмай культуры, пажадаеце сваім "калегам па духу"?

/i/content/pi/cult/230/3110/15-4.jpgА.А.: - Найперш - таго, каб работа дзеячам культуры прыносіла радасць, асалоду і сапраўднае задавальненне: толькі з любоўю да свайго занятку можна заставацца прафесіяналам справы. І - не губляць шчырасці і ўласнай зацікаўленасці ў прапагандзе ўсяго самага лепшага, што ёсць у краіне.

 А.Л.: - Культура ўвогуле паняцце пазагаліновае, бо яна рухае ўсё. Не важна, дзе і на якой пасадзе працуе чалавек, калі ён шануе і зберагае нацыянальныя традыцыі, валодае замежнымі мовамі, цікавіцца тым, што адбываецца навокал яго, а не "варыцца ва ўласным соку",- ён сапраўды з'яўляецца носьбітам і ў некаторай ступені стваральнікам уласнай культуры.

- А яшчэ, як я ўлавіла лейтматыў нашай гаворкі, - пабольш творчай смеласці ў рэалізацыі ўласных задум.

А.Л.: - Смеласці - безумоўна, бо многія па-сапраўднаму цікавыя творчыя праекты нараджаюцца толькі тады, калі ты не застаешся абыякавым да магчымасці зрабіць сваё і навакольнае жыццё лепшым і цвёрда адстойваеш гэтыя пазіцыі.

Гутарыла Ганна ВАЛОШКІНА

На здымках: Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч; скарбы Беларусі, зафіксаваныя аўтарамі альбома.