…Еўрапейскага класа

№ 20 (786) 19.05.2007 - 25.05.2007 г

Музей сучаснага выяўленчага мастацтва - адна з самых маладых на сённяшні дзень музеёных структур Беларусі. Музей адзначае свой дзесяцігадовы юбілей: ён быў створаны ў 1997 г. Пастановаю Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь з перадачай памяшканняў былога шматфункцыянальнага выставачнага комплексу “На ростанях”. Ад пачатку існавання музея яго дырэктарам з’яўляецца народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч. Адкрыццё было прымеркавана да святкавання 18 мая Дня музеяў, і першая экспазіцыя пад назваю “Новая калекцыя” распачала актыўную дзейнасць на ніве вывучэння тэндэнцый і накірункаў сучаснай выяўленчай творчасці.

 /i/content/pi/cult/115/311/Eurapejskaga-klasu1.jpg

Пытанне “Што такое сучаснае мастацтва?” дасюль застаецца актуальным. Дый увогуле, гэта асноўнае пытанне ХХ і цяпер ужо ХХІ стагоддзяў. Спрэчкі пра “сучаснае” і “традыцыйнае” ў беларускім выяўленчым мастацтве асабліва абвастрыліся з адкрыццём музея. Вядома, што арганізацыя новай структуры — справа складаная, а такой, як музей, тым больш. Збор і класіфікацыя калекцый, набыццё аўтарытэту, стварэнне навукова-тэхнічнай базы вымагалі нястомнай працы і высілкаў многіх людзей. Канцэпцыя неаднойчы разглядалася Навуковай радай музея, шырокая дыскусія разгарнулася ў грамадстве і прэсе, асабліва ў газеце “Культура”. Абмяркоўваліся не толькі вызначэнне “сучаснага”, але і жанры, і віды мастацтва, пластычная мова, якая можа лічыцца сучаснаю.
Урэшце прыйшлі да высновы: галоўнае — назіраць, сачыць за працэсам стварэння твораў мастацтва, незалежна ад таго, якой моваю яны выказваюцца.
Свайго гледача знойдуць і класічны жывапіс, і графіка, і скульптура, і радыкальныя пошукі ў абстрактным накірунку, і фестываль перформанса “Навінкі”, і мастацтва акцый.
У выніку вызначыўся шэраг асноўных накірункаў дзейнасці музея, які павінен стаць сапраўдным сінтэзам мастацтваў, структурай, якая б адпавядала зменлівасці і хуткаплыннасці нашага часу. Галоўная задача: знайсці і паказаць усё лепшае, што ёсць у выяўленчым мастацтве рэспублікі, папоўніць калекцыю высокапрафесійнымі творамі. У гэтым пытанні музей не павінен быць абмежаваным, ён павінен назіраць, адсочваць працэс стварэння твораў мастацтва, незалежна ад іх пластычнай і стылістычнай мовы. Ён імкнецца паказаць увесь спектр развіцця і пошукаў сучаснага мастацтва — ад рэалістычнага да канцэптуальнага.
Музейныя супрацоўнікі ўлічваюць жанрава-відавую арыентацыю, нацыянальную і рэгіянальную прыналежнасць. Але асноўным крытэрыем пры фарміраванні збору з’яўляецца прафесійнасць, талент, навізна. “Трэба смялей уводзіць паняцце сучаснага і ў такія віды творчай дзейнасці, як фотамастацтва, дызайн і архітэктура, якія актыўна развіваюцца ў наш час. Музей накіраваны на мастацкуюмоладзь, прапаноўвае новыя імёны, знаёміць з новымі тэндэнцыямі, прадстаўляе спрэчнае і нечаканае”, — лічыць дырэктар музея Васіль Шаранговіч.
З пачатку дзейнасці вакол музея групаваліся мастакі розных
 /i/content/pi/cult/115/311/Eurapejskaga-klasu2.jpg
мастацкіх накірункаў і ўзростаў, але найперш — сярэдняе і маладзейшае пакаленні, найбольш
рухомыя і перспектыўныя ў сучасным мастацкім працэсе. Выстаўкі са збораў музея неаднаразова экспанаваліся ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, а таксама і за яе межамі— у Маскве, Вільні, Кіеве, Санкт-Пецярбургу, Будапешце, Парыжы і інш.
Музей прымаў актыўны ўдзел у сумесных міжнародных праектах у Маскве, Лісабоне, Парыжы, Лейпцыгу. Да гэтага трэба далучыць супрацоўніцтва з Беларускім саюзам мастакоў і ўдзел у арганізацыі і правядзенні найбуйных рэспубліканскіх выставак.
Сёння сучаснае беларускае мастацтва мы ўспрымаем неаддзельна ад заходнееўрапейскіх мастацкіх традыцый.
Праўда, знаёмства нашых мастакоў з заходнім светам адбывалася складана і не без памылак. Мастакі часта імкнуліся да спрошчанага запазычання замежнага досведу, адмаўляліся ад уласных метаду і стылю, не ўлічвалі пры гэтым вартасці акадэмічнай адукацыі. На жаль, не заўжды зважалі на прыярытэт фігуратыўнага формапошуку як станоўчай рысы беларускай мастацкай школы, якая, па сутнасці, вылучала наша мастацтва ў еўрапейскіх межах і не адмаўляла ўваходжання ў сваю структуру новага мастацкага пластычнага мыслення і новых тэхналогій.
Усё гэта абумовіла неабходнасць сур’ёзнага міжнароднага дыялога (супольныя выстаўкі, праекты, арганізацыя сталых экспазіцый мастацтва апошніх дзесяцігоддзяў).У музеі сталі звыклымі замежныя мастацкія выстаўкі, праводзяцца сумесныя творчыя акцыі. Гэта сведчыць аб цікавасці беларускіх мастакоў да пошукаў замежных творцаў, да духоўных каштоўнасцей іншых народаў. Дастаткова сказаць, што за апошняе дзесяцігоддзе музей правёў у рэспубліцы і за яе межамі больш чым 300 выставак! У залах музея выстаўляліся таксама творцы з бліжэйшага і далёкага замежжа — ад Украіны да Кітая, ад краін Прыбалтыкі да Мексікі, ад Італіі і Францыі да ЗША. Акрамя таго, праходзілі і персанальныя выстаўкі вядомых замежныхмастакоў.
Штогод калекцыя музея павялічваецца. Аб яго папулярнасці сярод мастакоў і гледачоў сведчыць наступны факт: за час яго існавання 63,3 працэнта твораў, якія папоўнілі фонды ўстановы, складаюць падарункі аўтараў. У 2004 г. музею падарылі дзве выстаўкі: беларускі мастак Мікалай Рыжы — калекцыю экслібрысаў і нямецкі мастак Кірус Авербек — калекцыю графікі. У сувязі з гэтым музей распачаў праект “Мастакі — музею”, і ў 2004 г. адбылася першая выстаўка, дзе экспанавалася частка падораных жывапісных работ.
Сёння выставачныя памяшканні музея складаюцца з дзвюх залаў з галерэяй, фондавых памяшканняў і кабінетаў для супрацоўнікаў на першым паверсе жылога дома на праспекце Незалежнасці, 47. Але хочацца спадзявацца, што ў недалёкім будучым музей атрымае ўласнае памяшканне і магчымасць паказваць сваю калекцыю ў пастаяннай экспазіцыі.

Наталля ЖОГЛА
На здымках: залы музея.святкавання зз пе