Гран-пры за электроннае краязнаўства

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

Асіповіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы споўнілася 90 гадоў. Захаваліся прозвішчы першых бібліятэкараў: Стулягін, пасля — Мазоўка, а таксама звесткі пра тагачасны фонд — 307 кніг, сабраных, збольшага, у колішніх панскіх сядзібах. А чытачоў было — чатыры сотні.

/i/content/pi/cult/229/3104/11-1.jpgШмат часу мінула з тае пары. Сёння ў кніжным фондзе ўстановы - 62 тысячы адзінак. Работнікі ЦРБ на чале з яе дырэктарам Валянцінай Логвін валодаюць сучаснай камп'ютэрнай тэхнікай, абслугоўваюць 3200 чытачоў, аказваюць метадычную дапамогу сельскім калегам, штогод пашыраюць маштабы пазабюджэтнай дзейнасці... Пры бібліятэцы дзейнічае клуб для падлеткаў і моладзі "Гармонія", тэатр-студыя "Акварэль".
Летась тут быў адкрыты дызайн-цэнтр, супрацоўнікі якога займаюцца выпускам рэкламных, інфармацыйных выданняў. Абслугоўванне чытачоў, апрацоўка літаратуры вядуцца ў аўтаматызаваным рэжыме. У 2005 годзе ЦРБ стала пераможцай Рэспубліканскага конкурсу "Бібліятэка - асяродак нацыянальнай культуры". Цягам пяці гадоў мы бяром актыўны ўдзел у абласным конкурсе "Край мой - Магілёўшчына". Краязнаўчыя бібліятэчныя базы па выніках чатырох конкурсных тураў атрымалі Гран-пры. А летась база "Культурнае багацце Асіповіцкага краю" была адзначана дыпломам першай ступені і дыпломам "Майстар стылю". Сёлета бібліятэка ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за актыўную пошукавую і даследчую дзейнасць па стварэнні летапісу роднага краю. 25 верасня бібліятэку віншавалі з 90-годдзем мясцовыя ўлады і ўдзячныя чытачы.
Ларыса СЯРГЕЕВА,
загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Асіповіцкай ЦРБ

На здымку: віншаванні ад супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі