Продкі з... Казіміра

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

Колькі часу можа прайсці ад задумы знайсці пад слаямі глебы помнік мінуўшчыны — год, дзесяцігоддзе? Яшчэ вясной карэспандэнт “К” удзельнічаў у вызначэнні дакладнага знаходжання праваслаўнага храма старажытнага горада Казіміра. І вось, па словах доктара гістарычных навук Сяргея Рассадзіна, пры падтрымцы мясцовай улады і блаславення Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта ў жніўні гэтага года на гэтым месцы адбыліся раскопкі царквы.

 

Археалагічнаму даследаванню папярэднічала праца ў архіве. Сяргеем Рассадзіным быў знойдзены унікальны дакумент XVII ст., у якім згадвалася "места Слабада Кралеўская, Казімірам названая". Горад знік у 1665-м, а дакумент датуецца 1684 годам. Там пералічаны жыхары да знішчэння горада, пададзены іх прозвішчы. Цяпер можна з упэўненасцю сцвярджаць: што пераважная большаць гараджан былі этнічнымі беларусамі. Цікава, што гэтыя прозвішчы і дасюль сустракаюцца ў Светлагорскім раёне. Важнасць дакумента яшчэ і ў тым, што, сярод іншых, згадваюцца святар Цімафей і дзяк Верамей. Адпаведна гэтаму, у горадзе існавала ў той час і праваслаўная царква. На яе рэштках пабудавалі новы мураваны храм, падмурак якога быў сёлета знойдзены. Калі казаць пра тэхналогію, то, як сцвярджае Сяргей Рассадзін, ніжні слой камянёў клаўся на сухую пясчаную паверхню, а верхні- ужо на вапну. Тут была і адчувальная эканомія, і фундамент добра рэагаваў на змены надвор'я.

Прытым, што ў 1947 г. царкву разабралі і знішчылі, здавалася б, нават падмурак, а на гэтым месцы стварылі сметнік, намаганнямі гісторыкаў і 20 валанцёраў (сярод якіх працаваў, між іншым, і атрад БРСМ) былі знойдзены рэшткі некранутага, звязанага вапнай фундамента, рэшткі бронзавага панікадзіла, іншыя прадметы царкоўнага ўжытку. Сёлета раскапана 40 - 60 працэнтаў плошчы храма. Дзякуючы гэтаму, цяпер ужо дакладна вядомы контуры царквы. У недалёкай перспектыве на месцы яе будынка плануецца ўсталяваць памятны крыж. Каля царквы былі знойдзены астанкі некалькіх чалавек, забітых пры знішчэнні горада, якія цяпер даследуюцца антраполагамі, а пасля будуць пахаваны паводле хрысціянскіх традыцый. У наступных археалагічных сезонах, па словах Сяргея Рассадзіна, будзе даследавацца ўжо і эканамічны цэнтр старажытнага горада. Але, у першую чаргу, улетку наступнага года плануецца завяршыць раскопкі на месцы старадаўняга храма.

К.А.  Л.Мурашка ў ролі Капельмайстра. Перад публікай міланскага Ла Скала выступаў наш зямляк.