Сыграем партыю ў...

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

Браць інтэрв’ю ў нечым нагадвае сяброўскую шахматную партыю, калі граеш не на лік: два зацікаўленыя гульцы сядзяць адзін насупраць другога, робяць пэўныя хады насустрач, імкнуцца заняць выгодную пазіцыю, аналізаваць праблемы і прыдумваць для іх віртуозныя рашэнні. Дык вось, я сяджу за падобнай імправізаванай дошкай — за сталом, які займае багата прасторы ў кабінеце дырэкцыі Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Перад вачыма — рабочыя паперы, тоўстыя папкі. Усё сведчыць: да мерапрыемства рыхтуюцца скрупулёзна, унікліва. І адказна, бо перада мной разгортваецца, да ўсяго, і дэбют Аляксандры ЗАХАРЭВІЧ, якая сёлета прызначана дырэктарам кінафоруму. Шматзначнасць слова “дэбют” падштурхнула да некаторых шахматных паралелей…

/i/content/pi/cult/229/3095/13-1.jpgПершы ход

 - Прызначэнне на пасаду дырэктара кінафестывалю "Лістапад" можна назваць другім дэбютам Аляксандры Захарэвіч у рамках форуму. А калі ў вас, Аляксандра, адбыўся першы?

 - Свой першы "Лістапад" памятаю да драбніц. Было тое сем гадоў таму. Мяне прывяла на кінафестываль мая выкладчыца гісторыі сусветнага кіно Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў (Сёлета Аляксандра сканчвае аспірантуру гэтай ВНУ, а таксама з імпэтам вывучае англійскую мову ў Лінгвістычным універсітэце. - Н.Д.)

 Наталля Агафонава. У той час яна ўзначальвала прэс-цэнтр "Лістападзіка", таму пачынала я працаваць якраз там, а потым паступова перайшла на "дарослы" форум: рабіла пераклады кінастужак, фарміравала конкурсную праграму мастацкіх фільмаў... Вось апошняе - гэта тое, што мне больш за ўсё падабалася! Я і цяпер працягваю складаць гэтую ж конкурсную праграму, праўда, у іншым статусе.

Стратэгія конкурсу

 Я мела магчымасць паназіраць за тым, як Аляксандра Захарэвіч працавала над фарміраваннем конкурснай праграмы мастацкіх фільмаў "Лістапада", калі сама летась папрацавала ў фестывальным штабе. За з'яўленнем новых стужак яна сачыла цягам года, пасля адказвала на тэлефонныя званкі, дзесяткі электронных паведамленняў ад прадстаўнікоў кінематаграфічнага свету. А яшчэ адказна праглядала ўсе фільмы, што дасылаліся на "Лістапад" з разлікам трапіць у асноўны конкурс. Гэта за сем гадоў нават не кінаметры, а - кінакіламетры!

- Па якіх крытэрыях вы падбіраеце мастацкія фільмы ў конкурсную праграму "Лістапада"?

 - Іх шмат, ды і не варта выдаваць свае прафесійныя сакрэты (усміхаецца)! Магу адзначыць, што я звяртаю асаблівую ўвагу на паспяховыя кінадэбюты. Мы імкнёмся, каб яны, адзначаныя ўжо іншымі міжнародымі кінафорумамі, абавязкова з'явіліся ў конкурсе "Лістапада": кожнаму фестывалю прыемна адкрываць для сваіх гледачоў новыя імёны! Напрыклад, мяне асабіста "зачапіў" фільм "Кісларод" яшчэ зусім нядаўняга дэбютанта Івана Вырыпаева: па-першае, "прыпавесць у стылі рэп" - надзвычай арыгінальны жанр, а па-другое, рэжысёр у гэтым фільме дакладна і тонка перадае шмат якія акалічнасці нашага жыцця... "Кісларод" будзе паказаны сёлета на "Лістападзе", праўда, па-за конкурсам.

- Дарэчы, а якое ж кіно падабаецца асабіста вам?

 - Тое, якое прымушае задумацца над жыццём. Як у музыцы: нельга сказаць, што вось гэты кампазітар падабаецца, а іншы - не: ты ці яго разумееш, ці не разумееш. Ён можа быць блізкі табе, а можа - і не... Гэтак жа і фільм: у кожнага рэжысёра - свая стылістыка: Кустурыца, Ханэке... І стылістыку тую трэба зразумець. Хаця, часам, бывае наогул адсутнасць усякага стылю...

- Якой сёлета, калі казаць папярэдне, атрымаецца конкурсная праграма мастацкіх фільмаў "Лістапада"?

- Для прыкладу, у конкурснай праграме фестывалю прымуць удзел фільмы "Мелодыя для катрынкі" Кіры Муратавай, "Пятрок па дарозе ў Валадарства нябеснае" Мікалая Досталя, "Іншы бераг" Георгія Авашвілі ды шмат якія іншыя. Знакамітыя госці сёлетняга кінафоруму - Кшыштаф Занусі, Кіра Муратава, Мікалай Хамерыкі, Алег Табакоў - дадуць свае майстар-класы. Будуць Аляксандр Міндадзэ, Таццяна Дароніна, Лідзія Федасеева-Шукшына, Васіль Ланавой ды іншыя. Ужо сёння фестываль атрымлівае заяўкі на наступны год. Узяць, да прыкладу, Нідэрланды: у шаснаццатым па ліку кінафоруме яны не змогуць прыняць удзел, бо рэліз іх фільма канчаткова распісаны, але дасылаюць заяўку адразу на наступны год, каб мець магчымасць прадставіць стужку ў конкурсе "Лістапада-2010"!

 Тактыка "пазаконкурсу"

Паводле задумы Аляксандры Захарэвіч, "Лістапад-2009" атрымаецца насычаным не толькі вялікай колькасцю стужак-удзельніц, але і некаторымі новымі пазаконкурснымі праграмамі.

- Няўжо сёлета "Лістапад", прадоўжыўшы наступаць па ўсіх флангах, здолее чарговы раз пабіць уласныя рэкорды па колькасці краінудзельніц?

- Так, у шаснаццатым кінафоруме ва ўсіх праграмах прымуць удзел больш за 240 фільмаў з 48 краін. Упершыню ўдзельнічаюць Туніс, Філіпіны, Тайланд. Іншая перамога "Лістапада" - не прасторавая, а часавая: напрыклад, прэзентацыя фільма-ўдзельніка сёлетняга Канскага кінафестывалю "Цар" Паўла Лунгіна ў Маскве адбудзецца 4 лістапада, а ў нас - ужо 14-га лістапада, на цырымоніі адкрыцця! Мяркую, гэта сведчыць пра стаўленнеда нашага форуму.

- Значыць, можна чакаць і прадстаўнічую пазаконкурсную праграму?

- З'явілася ідэя, каб гэтак жа, як прадугледжаны, напрыклад, пэўныя градацыі ў кінамастацтве для дзяцей - для самых маленькіх, для юнацтва, для ўсёй сям'і, - прыдумаць і падкрэсліць якое-небудзь адмысловае дзяленне і па-за асноўным конкурсам "Лістапада"... На кожным фестывалі існуе цэлы шэраг разнастайных праграм, і за кожнай з іх замацавана арыгінальная, сталая назва. Гэта і адрознівае галоўныя кінафестывалі, па ім іх і ведаюць: калі згадаеш East of the West, Horisonts, то ўсе ведаюць, што гэта - Карлаварскі фестываль; калі Un Certain Regard - гэта дакладна Канны, і нідзе больш такога няма. Гэтак жа і на "Лістападзе": сёлета каманда кінафестывалю прыдумала адразу некалькі новых праграм і своеасаблівыя назвы для іх, якія задаюць пэўную накіраванасць... Праграма "Кінамэтры" - гэта фільмы сусветна прызнаных майстроў кіно: Джона Ву, Пэдра Альмадовара, Ежы Скалімоўскага. У праграме "Паралелі" будуць прадстаўлены іранскія, індыйскія, аргенцінскія, чылійскія фільмы. Такім чынам, на "Лістападзе" можна будзе прасачыць за рознымі накірункамі ў сучасным кінематографе, рознымі кінематаграфічнымі школамі, і, я мяркую, гэта надасць новае адценне, новы каларыт фестывалю.

- Атрымліваецца, што "Лістапад" рушыць наперад, каб прадстаўляць усё шырэй самыя розныя праявы кінамастацтва, а не спецыялізавацца на пэўнай з іх, што таксама было б магчымым варыянтам?

 - Было вырашана, што варта запоўніць тыя нішы, якія на "Лістападзе" нічым не заняты ні ў конкурсе, ні па-за ім. Напрыклад, у рамках форуму няма конкурсу студэнцкіх і дэбютных работ. Таму такія стужкі будуць прадстаўлены ў прэзентацыі фільмаў студэнтаў ВГИКа, а таксама студэнтаў Ерэванскай акадэміі тэатра і кіно з нагоды 10-годдзя гэтай кінашколы. Кароткаметражныя мастацкія фільмы - ад адной да пяці хвілін - таксама з'явяцца ў рамках "Лістапада" ў праграме-"рэху" кінафестывалю "Кінашок: Short-Shock". Аматарам жа анімацыі, акрамя выбранага з беларускай "Анімаёўкі", можна будзе паглядзець карціны-ўдзельніцы нямецкага фестывалю для дзяцей і юнацтва "Шлінгель".

Фестывальныя камбінацыі

Адна з найбольшых каштоўнасцей мінскага кінафоруму - гэта яго гісторыя, тыя традыцыі і унікальная атмасфера, якія былі вынайдзены, развіты і назапашаны.

- Ці чакаюць сёлетні фестываль значныя змены?

 - Глабальных змен сёлета не будзе. Тыя асноўныя палажэнні рэгламенту, з якімі сам "Лістапад" асацыіруецца ў першую чаргу, а менавіта - канцэпцыя "фестываль фестываляў", гуманістычная накіраванасць фільмаў, я лічу, важна захоўваць. Напрыклад, сёлета спрабуем вынесці анімацыю па-за межы конкурсу, але магчыма, што налета яна вернецца зноўку ў конкурс, - паглядзім. Варта паспрабаваць правесці гэткую камбінацыю хаця б для таго, каб усвядоміць, у якіх рамках быць спаборніцтву анімацыі.

- Ці цяжка было захаваць спецыфічны, цэласны, замацаваны ўжо вобраз "Лістапада" пры такой вялікай колькасці разнастайных новых праграм і іншых фестывальных падзей?

- Наадварот, прынцыпова важным было рэалізаваць памкненне аб'яднаць фестываль стылістычна, зрабіць яго лагічна цэльнай структурай... Можа, і не адбыліся б усе вышэйпералічаныя змены на форуме, каб не была ўсвядомлена неабходнасць грунтоўна папрацаваць над стылем "Лістапада"... Сёлета, напрыклад, з'явіцца новы лагатып "Лістапада", афіцыйны сайт кінафестывалю на беларускай, рускай, англійскай мовах.

- Напрыканцы - пытанне, якое не магу не задаць: наколькі складана вам працаваць на новай - дырэктарскай - пасадзе?

- Складана, але і цікава. Каб усё паспець, даводзіцца часам займацца неадкладнымі справамі "Лістапада" з дзевяці гадзін раніцы да дзесяці вечара. Мне пашанцавала, што многія члены каманды "Лістапада" мяне падтрымалі. Дзейнасць амаль цалкам жаночага калектыву дырэкцыі пабудавана наступным чынам: ёсць канкрэтны чалавек, які адказвае за пэўны абсяг дзейнасці, і для кожнага менавіта праца ў сваім кірунку павінна быць зроблена якасна. Гэта маё адзінае патрабаванне, але прынцыповае.

 Наталля ДАШКЕВІЧ,

студэнтка IV курса Інстытута журналістыкі БДУ