Канфлікты — гэта не для “піпла”?

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

Тэатральныя гастролі на сталічнай сцэне — заўважная падзея для любога калектыву. Таму яшчэ з большым імпэтам чакалі сталічныя тэатралы прыезду ў Мінск Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа з Віцебска, які на сцэне горкаўцаў прапанаваў цэлы шэраг спектакляў, пастаўленых ім за апошнія гады: “Васа” М.Горкага, “За двума зайцамі” М.Старыцкага, “Псіхааналітык для псіхааналітыка” Д.Балыкі, “Ветрагоны” У.Галубка, “Крыж Еўфрасінні” І.Масляніцынай, “Прывітанне, Альберт!” Ю.Сохара, “Апошнія сведкі” С.Алексіевіч. Пра некаторыя з гэтых пастановак наша газета пісала адразу ж па прэм’ерным выхадзе іх на сцэну. Іншая справа, што такія буйныя гастролі, як у коласаўцаў, даюць падставы гаварыць не толькі пра асобныя тэатральныя работы, але і пра тую мастацкую палітыку, якую праводзіць у свет канкрэтны калектыў.

 

/i/content/pi/cult/229/3092/8-1.jpgЯк распазнаць драматургію?

 Рэпертуарная палітыка сучасных беларускіх тэатраў - пытанне, якое на працягу апошніх гадоў не страчвае сваёй вастрыні. Неаднойчы гучалі нараканні на адрас калектываў адносна таго, што ў многіх з іх афіша не мае якой-кольвек уласнай адметнасці, аб'ядноўваючы назвы, якія, па вялікім рахунку, маглі б і не фігураваць на сучаснай сцэне. Аднак коласаўцы ніколі не былі аб'ектам падобнай крытыкі: віцябчане старанна шукалі надзённы беларускі рэпертуар, імкнучыся адкрываць новых аўтараў. Урэшце, і гастролі гэта пацвердзілі: з "іншаземцаў" у ёй апынуліся толькі Горкі ды Старыцкі - класікі расійскай і ўкраінскай драматургіі, усе ж астатнія- нашы. Фармальна такі падыход да рэпертуару не можа не радаваць. Але гэта толькі на першы погляд. Бо паглядзеўшы спектаклі, створаныя на аснове беларускага матэрыялу, міжволі прыходзіш да высновы: узровень драматургіі, прынятай да пастаноўкі, часцякомвымагае лепшага. Так, сёння вельмі папулярная тэндэнцыя да імкнення ў драматургію людзей, маючых даволі ўмоўнае ўяўленне пра тое, якім чынам ствараюцца п'есы і чым гэты від літаратуры адрозніваецца ад іншых.

Тэатральная літаратура і так званыя "тэксты" намагаюцца выцесніць з тэатра п'есы. Як вынік- адсутнасць у спектаклях дакладна выбудаванага драматургічнага канфлікту, а гэта, у сваю чаргу, стварае ўражанне, нібыта перад табою - шэраг "замалёвак на тэму". І яны ніякім чынам не складваюцца ў агульную драматургічную дзею. Гэта мацней за ўсё ўразіла ў спектаклі "Крыж Еўфрасінні", пастаўленым па п'есе, напісанай гісторыкам і журналісткай Ірынай Масляніцынай. Безумоўна, увасабленне такой знакавай для Беларусі постаці, як Еўфрасіння Полацкая, не магло не трывожыць думы тэатралаў, і з'яўленне яе на Коласаўскай сцэне выглядае больш чым натуральна. Аднак, як вельмі часта аказваецца, тэатр, звярнуўшыся да такой асобы, папросту не здолеў абняць неабдымнае: уся прырода велічнасці і значнасці асобы Еўфрасінні аказалася не асэнсаванай, а матывы яе ўчынкаў... не адкрыліся людзям свецкім, якія свае сілы скіравалі на тое, каб упісаць гэтую Святую ў сістэму каардынат "мірскіх" інтрыг. Рэжысёрская трактоўка Міхаіла Краснабаева і акцёрскае выкананне Таццяны Ліхачовай падаюць нам Еўфрасінню як моцную валявую жанчыну, якая ў манаскіх строях дбае пра палітычную раўнавагу і мір на полацкіх землях.

Аднак рэжысёрскаму намаганню зрабіць галоўную гераіню адной з сіл драматургічнага канфлікту супраціўляецца сама яе натура, што грунтуецца не на барацьбе, а на служэнні. Служэння ж гэтага на сцэне мы так і не бачым - перад намі праходзіць толькі чарада з'яў-абазначэнняў: Еўфрасіння і людзі, Еўфрасіння і іншыя манашкі, Еўфрасіння і князі, пабудова Сафійскага сабора... Серыяльнасць, заснаваная на чаргаванні "сцэнічных замалёвак", падпарадкоўвае сабе ўсю сцэнічную дзею, пазбаўляючы яе драматычнага напружання і, бадай, адной з галоўных задач, пра якія не павінен забывацца ніводзін рэжысёр, - увасаблення станаўлення характару галоўнага героя спектакля.

/i/content/pi/cult/229/3092/8-3.jpgПаміж мастацтвам і камерцыяй: крызіс рэжысуры

 "Крытыкам чамусьці заўсёды не падабаюцца тыя спектаклі, на якіх тэатр робіць касу", - гэтая фраза, напаўжартам кінутая пасля "Псіхааналітыка для псіхааналітыка", прымусіла паглядзець на гастрольную афішу коласаўцаў яшчэ пад адным вуглом. Сапраўды, які ж фактар так раздражняе крытыкаў у так званых камерцыйных пастаноўках? Няўжо тое, што людзі прыходзяць у тэатр не толькі для таго, каб выхоўвацца, але і каб проста весела правесці вольны час? Думаецца, "канфлікт" гэты - цалкам надуманы, бо крытыка далёкая ад думак, што гледачы ў тэатры за ўласныя грошы жадаюць адно толькі "цяжкіх уражанняў". Ды нават такі "лёгкі" жанр, як камедыя, патрабуе сур'ёзнага да сябе стаўлення і прафесійнай рэжысуры.

 На жаль, "Псіхааналітык для псіхааналітыка" прадэманстраваў адсутнасць разумення таго, кім жа з'яўляецца ў тэатры рэжысёр. Здаецца, Сяргей Кулікоўскі, якога Коласаўскі тэатр запрасіў у гэтай якасці, пераблытаў тэатр з начным клубам, ператварыўшы спектакль у "танцы вакол шаста", што перамяжоўваюцца псеўдапсіхатэрапеўтычнымі дыялогамі. Зрэшты, і драматургія Дзіяны Балыка гэтаму спрыяе: аўтар робіць стаўку на жарты сексуальнага кшталту. Так, героі на сцэне размаўляюць на тэмы маральнай і фізіялагічнай прастытуцыі, вульгарна курчачыся ў нібыта эратычна-стрыптызных танцах, гледачы ж у зале час ад часу пасмейваюцца: ці то з таго, што чуюць і бачаць на сцэне, ці з той нягегласці, з якой усё гэта падаецца. І міжволі прыходзіць у галаву думка: зусім не гэткіх размоў не стае сучаснаму тэатральнаму гледачу, а- культуры любові, у прыватнасці, да тэатральнай творчасці, якую яму прадэманстравалі б са сцэны. Бо, на жаль, спектакль канстатаваў толькі адно: рэжысёр успрымае гледачоў выключна як "піпл", які будзе "есці" адно толькі вульгарныя жарты ніжэй пояса і не здольны да ўспрыняцця "сур'ёзнай" камедыі. Ці, можа, гэтае ўспрыняцце адсутнічае ў самога рэжысёра?..

* * *

Думаецца, вераснёўскія гастролі Коласаўскага тэатра ў Мінску сталіся жорсткім і паказальным урокам новаму мастацкаму кіраўніку Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Рыду Таліпаву: яму ў бліжэйшы час карэкціраваць рэпертуарныі мастацкі курс калектыву. Мусіць, дэкламаваныя ім прынцыпы звароту да якаснай драматургіі і пастаноўкі густоўных спектакляў не застануцца адно толькі на словах і знойдуць сваё годнае ўвасабленне на Коласаўскай сцэне. Балазе акцёрскі склад тэатра знаходзіцца ў выдатнай форме і падаецца здатным увасобіць самыя складаныя творы сусветнага рэпертуару.

На здымках: сцэны са спектакляў "Крыж Еўфрасінні" і "Псіхааналітык для псіхааналітыка".

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА