Невыпадковае супадзенне

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

Вы бачылі, як цвіце дуб? Такім пытаннем задаецца галоўны герой прэм’ернага спектакля Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа “Прывітанне, Альберт!”. У кожнага персанажа (а гэта Зігмунд Фрэйд, Фермі, Марыя Кюры, Эльза Левенталь, Элен Дзюкас) ёсць свой адказ на гэтае пытанне. Легенду ж пра квітнеючы дуб падарыла Эйнштэйну ягоная маці, Паўліна.

/i/content/pi/cult/229/3091/8-4-ann.jpgУсё гэта - факты біяграфіі 130-гадовага юбіляра Альберта Эйнштэйна. А сыграў яго ролю ў спектаклі Коласаўскага тэатра вядучы майстар сцэны Генадзь Гайдук, якому 22 верасня споўнілася 50 гадоў. 24 верасня, пасля прэм'ернага спектакля "Прывітанне, Альберт!", коласаўцы, тэатральная грамадскасць павіншавалі акцёра з юбілеем. Да таго ж, мінула 25 гадоў, як ён сыграў сваю першую ролю на сцэне знакамітага тэатра: Адуванчыка з "Радавых" Аляксея Дударава. Больш за 70 вобразаў стварыў Генадзь Гайдук на Коласаўскай сцэне. Прасачыцьсталенне яго таленту можна па цікавых творчых парах: ад Бураціна да міфалагічнага персанажа Зюзі-Зімавіцы , ад Малодшага да Старэйшага ў "Дацкай гісторыі" паводле Г.Х. Андэрсена, ад Навума і Станіслава Зацнеўскага да Мордкі ў "Залётах" Дуніна-Марцінкевіча...

Сёлета Генадзь Гайдук прыгадвае Шагала са спектакля "Шагал... Шагал.." Уладзіміра Драздова. Дзякуючы мастаку пра Віцебск даведаліся далёка за межамі нашай краіны. Спектакль адзначаны галоўным прызам Эдынбургскага фестывалю мастацтваў, выязджаў на міжнародныя форумы. Мастак Хаім Суцін выйшаў на Коласаўскую сцэну ў спектаклі "Мадам Боншанс" таксама дзякуючы Гайдуку. Сталічныя гледачы першымі пазнаёмяцца з Эйнштэйнам у інтэрпрэтацыі заслужанага дзеяча мастацтваў Віталя Баркоўскага па п'есе Ю.Сохара "Прывітанне, Альберт!". А мы з задавальненнем далучаемся да віншаванняў таленавітаму артысту Генадзю Гайдуку з 50-годдзем з дня нараджэння і 25-годдзем творчай дзейнасці на Коласаўскай сцэне і жадаем яму моцнага здароўя, асабістага шчасця, новых перамог.
Святлана ДАШКЕВІЧ,
загадчык літаратурнадраматычнай часткі НАДТ імя Якуба Коласа
 На здымку: сцэна са спектакля "Прывітанне, Альберт!".
Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА