І.Харламаў. Праект інтэр’ера гасцініцы Савета Міністраў РБ у Белавежскай пушчы. |
Беларуская мэбля, спраектаваная І.Харламавым і выкананая на Бабруйскай фабрыцы, атрымала шырокае прызнанне ў СССР, артыкулы пра наватарскія тэндэнцыі, закладзеныя ў яе канструкцыі, друкаваліся ў грамадскіх і спецыялізаваных выданнях краіны і за яе межамі. Работы мастака былі ўзнагароджаны дыпломамі Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, а таксама творца быў узнагароджаны залатым медалём ВДНГ за ўклад у мастацтва мэблі. Сярод іншых твораў І.Харламава - афармленне інтэр'ераў Палаца культуры тонкасуконнага камбіната, Беларускага таварыства культурных сувязей з замежнымі краінамі, гасцініцы "Юнацтва" на Мінскім моры, рэстарана "Мінск" у Патсдаме, комплексу памяшканняў Авіяцыйнага інстытута ва Уфе.
Ім былі таксама выкананы праекты малых архітэктурных форм, праекты мэблі для гасцініцы Савета Міністраў. Яму належыць і афармленне кнігі "Мастацкая кераміка Савецкай Беларусі" І.Елатамцавай. І.Харламаў займаўся і жывапісам. Напісаў шмат эцюдаў на Беларусі і за яе межамі. Тонкае пачуццё колеру і ўменне перадаць адчуванне высокага ўздыму пачуццяў характарызуюць яго поўныя свету і гармоніі работы. У асноўным, гэта акварэлі, гуашы і тэмперы. Таленавіты рысавальшчык, ён пакінуў цудоўную спадчыну ў выглядзе замалёвак, штудый, накідаў, выкананых на пляжы ці ў горадзе. Усё гэта далёка ад пераймання, зроблена шчыра, ад душы, і вучыць нас разумець, - чым ёсць цудоўнае ў жыцці. Няшмат яго работ захавалася, і толькі некаторыя з іх, на фотаздымках, можна ўбачыць у гэтай экспазіцыі. На жаль, ужо больш за двагады Івана Пятровіча з намі няма, але шматлікія з яго работ і сёння актуальныя, яго справу працягваюць вучні і паслядоўнікі.
Ул. інф.