Найпрыгажэйшае “Cлова пра Беларусь”

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

Дык што такое прыгажосць? Нагода задумацца над гэтым папраўдзе філасофскім пытаннем чарговы раз узнікла пад час правядзення ў Мінску Міжнароднага конкурсу прыгажосці “Міс Інтэркантыненталь-2009”. Тым больш, што трансляцыю з Футбольнага манежа, дзе адбываўся фінал конкурсу, можна было без перабольшвання назваць “прыгажосцю ў кубе”. Яна ўражвала не толькі чароўнасцю дзяўчат з усіх куткоў свету, але і разнастайнасцю канцэртнай праграмы, што ўключала выступленні знаных зорак, відовішчнасцю, прыемнымі сюрпрызамі, сярод якіх была водная феерыя, спалучэннем грандыёзнасці маштабаў і чалавечай цеплыні. А галоўнае — магутнасцю самой арганізацыі гэтага шмат у чым унікальнага шоу. “Па-за кадрам”, як заўсёды, засталася вялікая праца па яго падрыхтоўцы і правядзенні. Яе сакрэты нам прыадкрыла выканаўчы прадзюсер АНТ Анжаліна МІКУЛЬСКАЯ.

 

/i/content/pi/cult/229/3084/6-1.jpg - Праца над праектам распачалася 9 сакавіка, калі была падпісана ліцэнзійная дамова. Не было дня, каб мы не займаліся фарміраваннем праграмы, замовай сувенірнай прадукцыі, афармленнем дакументацыі. Але ж самы актыўны момант наступіў на пачатку верасня, калі канкурсанткі пачалі збірацца ў Мінску.

- Мабыць, без неспадзяванак не абышлося?

 - Праблемы, вядома, узнікалі, але вырашаліся. Чаго толькі ні было! Прыгажуні, здаралася, і візы афармлялі няправільна, і дакументы ў аэрапорце гублялі, і свае чамаданы, і самі раптоўна "знікалі". Добра, што ў АНТ існуе служба спецкараў у розных краінах: яны нам вельмі дапамагалі ў такіх выпадках.

 - Затое ў падарожжы па Беларусі ніхто не згубіўся і, да таго ж, не разгубіўся.

 - Сапраўды: запланаваная паездка па нашай краіне атрымалася вельмі яркай і запамінальнай, прынесла шмат адкрыццяў не толькі тым, хто завітаў да нас упершыню, але і нам самім. Вядома, у нас былі свае задумы: абавязкова паказаць Белавежскую пушчу, салігорскія шахты. Шмат сустрэчных прапаноў паступіла і ад абласцей. А як сустракалі! Нават тут кожны імкнуўся знайсці сваю "разыначку": хтосьці, паводле народных традыцый, сустракаў з караваем, хтосьці - з барабанным шэсцем, хтосьці - з салдатамі МНС, якія праводзілі паказальныя выступленні на плошчы. Кожны рэгіён імкнуўся прадставіць усё самае лепшае, што ў яго ёсць, чымсьці здзівіць, знайсці сваю адметнасць. Канкурсанткі ацанілі нашу гасціннасць: ледзь не ў адзін голас гаварылі, якая ў нас зялёная, чыстая краіна, якія добрыя, ветлівыя людзі

 - Шоу ў Футбольным манежы прадэманстравала яшчэ і добрую тэхнічную аснашчанасць. Нават не верылася, што літаральна "ў чыстым полі" можна размясціць такую вялізную сцэну з дэкарацыямі, светлавой падвескай, люкамі і спецэфектамі, уключаючы каналы для адтоку вады...

 - Падрыхтоўкай праекта займалася каля 500 чалавек. Работы ў манежы пачаліся на пачатку верасня, вяліся вельмі зладжана. З'яднаныя пераносныя сцэны, пазычаныя з Барысава і Палаца Рэспублікі, дабудоўваліся дадатковымі "карабамі", іншым абсталяваннем. Настаў час рэпетыцый: штодзень з 9-ці да 22-х гадзін на працягу тыдня. Адпрацоўвалі і асобныя конкурсныя блокі,і пралог, і ўласна тэхнічны бок усяго відовішча. Давялося пахвалявацца: на адным з прагонаў не так спрацаваў вадаспад. Але на дзень правядзення шоу гатоўнасць была - усе 100 працэнтаў!

 - Падобныя шоу, зразумела, працуюць на імідж краіны. Але наколькі акупіліся ўкладзеныя грошы?

 - Скажу без пафасу: гэта прэстыж краіны не проста на міжнародным - на сусветным узроўні, доказ нашай здольнасці ўдзельнічаць у міжнародных праектах. Для АНТ - яшчэ і рэйтынгавая зацікаўленасць, магчымасць расці надалей.

- З тэлеаўдыторыяй - усё зразумела. З гасцямі- таксама: прыехалі і прадстаўнікі замежных арганізацый, і групы падтрымкі, што меліся ў кожнай канкурсанткі. Але ці выклікаў праект цікавасць турыстаў?

- Упершыню на гэтым праекце была выкарыстана тэхналогія па стварэнні "турпакета": мы заключылі дамову з адной турыстычнай фірмай, і тая прапаноўвала турпаездку ў Беларусь, фіналам якой станавілася наведванне нашага шоу.

- Цудоўнае пачынанне! Думаю, яно павінна быць падхоплена і на далейшых падобных праектах у нашай краіне: не толькі на дзіцячым "Еўрабачанні" ў Мінску ў 2010-м, але і на міжнародных фестывалях. Багата было і рэкламы, і разнастайнай сувенірнай прадукцыі. Увагу прыцягнула і выстаўка кароны пераможцы ў Палацы Рэспублікі. Гэта, здаецца, таксама вашае ноў-хаў?

/i/content/pi/cult/229/3084/6-2.jpg- Так, гэтая акцыя была нашым, калі можна так сказаць, "вынаходніцтвам": цягам усяго дня 24 верасня з ранку да вечара карона дэманстравалася ў холе Палаца Рэспублікі - са спецыяльнай падсветкай, бліскаючы ўсімі сваімі дыяментамі. Каб яе разгледзець, трэба было набыць уваходны квіток, але гэта не спыняла гледачоў: калі яшчэ такое ўбачыш на свае вочы! Добра разыходзіліся і сувеніры: не толькі традыцыйныя майкі, ручкі, блакноты, разнастайныя бірулькі, але і люстэркі з падсветкай, іншыя арыгінальныя вырабы. Свой плён прынесла і рэклама: расцяжкі, бігборды, святлодыёдныя экраны, эмблемы конкурсу на аўтобусах і многае іншае. Дый размеркаваны рэкламныя шчыты былі паўсюль: уздоўж дарог, у метро, на вакзалах...

- Часткай "рэкламнага прамоўшэна" - не толькі ўласна конкурсу, але і самой Беларусі - трэба лічыць і шматлікія паездкі нашай прыгажуні Марыі Есьман,якая атрымала на конкурсе тытулы "Міс Конгеніяльнасць", "Міс Інтэркантыненталь Еўропа", "Віцэ-міс Інтэркантыненталь-2009", і "прэзентацыю" краіны ў адным з блокаў шоупраграмы. Тым больш, што канцэртнае "слова пра Беларусь" знаходзілася ў атачэнні выступленняў прызнаных сусветных зорак.

 - Не хацелася звузіцца ні да класікі, ні да фольку. Мы імкнуліся паказаць нашу краіну маладой, сучаснай, а разам з тым- падкрэсліць, што ў нас шануюцца традыцыі, прычым як нацыянальныя, так і еўрапейскія. Таму "запальваў іскру" ансамбль "Drum Ecstasy". "Песняры" дэманстравалі сучаснае прачытанне класікі: акурат да гэтага выступлення зрабілі "Месяцовую санату" Бетховена, што ўжо была ў іх рэпертуары і на дыску, па-англійску. А разам з "Харошкамі" паставілі клічнік "Лявоніхай".

- "Клічнікам" можна назваць усё шоу!

- Думаю, для нас гэта не мяжа, а толькі адна з вяршынь. Хочацца рушыць да новых!..

Што ж, у гэтым Анжаліна Мікульская рацыю мае. Першая яе адукацыя - эканамічная, другая - мастацкая (рэжысура масавых святаў), атрыманая ў Ленінградзе. Такі сінтэз дапамагае ёй весці любыя перамовы на прафесійным узроўні . Таму няма чаго здзіўляцца, што за яе плячыма ўжо шмат творчых праектаў - і ў Расіі, і ў Беларусі, куды яна пераехала. За 4 гады працы на АНТ яна ажыццяўляла і "Зорны цырк", і "Пасаг для нявесты", і конкурс "Міс Беларусь-2008". Сярод зусім нядаўніх акцый, займеўшых шырокі рэзананс, - "Песні маёй краіны", "Новыя галасы Беларусі". Цікава і тое, што ў большасці праектаў, сярод якіх - і "Міс Інтэркантыненталь-2009", А.Мікульская выступала выканаўчым прадзюсерам, а ў некаторых - рэжысёрам. Гэта менавіта яе рэжысёрскія фантазіі разгуляліся пад час аднаго з колішніх навагодніх "Блакітных агеньчыкаў" на БТ: Жанет выходзіла ў абліччы... баксёра, Іскуі Абалян - каталася на каньках, "Лепрыконсы" выступалі з ротай ганаровай варты, Ганна Шаркунова- з хорам Міністэрства ўнутраных спраў...

- Але ж цяпер, пэўна, вам патрэбны адпачынак?

 - Маленькая перадышка - і наперадзе "Міс Беларусь-2010"!

- Як жа вашы блізкія вытрымліваюць такі пастаянны марафон у тэмпе спрынту?

- Падтрымліваюць.

- Няўжо не крытыкуюць?

- Чаму ж? Асабліва - муж і маці. Але менавіта з крытыкія чэрпаю свае новыя ідэі і натхненне. Таму калі мяне віншуюць з паспяховым завяршэннем чарговага праекта, звычайна прашу: давайце лепей - пра тое, што было дрэнна. Зрабіць можна - усё! Пры адной толькі ўмове: калі людзі маюць жаданне. Мне і муж кажа: "Цябе можа спыніць хіба недахоп тэхнічных магчымасцей". І я вельмі ўдзячная кіраўніцтву АНТ і асабіста старшыні Праўлення Рыгору Кісялю, што дзякуючы яму ўдаецца ажыццяўляць усё задуманае. Галоўнае ва ўсім- чалавечы фактар! Мусіць, гэта стала і нейкай "звышідэяй" самога конкурсу прыгажосці: прыгажосць - гэта сам чалавек...

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"