Вярнуць гораду душу

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

1 верасня мост праз Свіслач быў здадзены ў эксплуатацыю. Насуперак задуме архітэктара, інжынерны аб’ект не займеў эстэтычны складнік. Барэльефаў Аляксандра Фінскага або якога-кольвечы іншага мастацкага аздаблення там не ўбачыш. Мост, які злучае два берагі ракі, не стаў мостам паміж Менескам і Мінскам. Адпаведна, новай адметнасці — хай сабе “камернай”, някідкай, але ўсё ж прыцягальнай для вока і розуму — у горадзе не з’явілася. Саму кампазіцыю сёння можна ўбачыць толькі ў памяшканні Скульптурнага камбіната. Барэльефы і ўстаўкі зроблены ў гліне — матэрыяле нетрывалым. Аляксандр Фінскі вельмі баіцца, што яны ў любы момант могуць патрэскацца. Без сумневу, тая шчыліна пройдзе і праз сэрца скульптара.

 

Гэты ліст у нашу рэдакцыю вылучаецца сярод іншай карэспандэнцыі. Яго аўтар - вядомы скульптар, лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дацэнт кафедры скульптуры БДАМ Аляксандр Фінскі. Ён падзяліўся сваёй уласнай праблемай, якая, аднак, тычыцца справы агульнаграмадскай.

 "У гістарычным цэнтры Мінска не так і шмат аб'ектаў, звязаных з яго гісторыяй і культурай. Чатыры гады таму мы з архітэктарам Арменам Сяргеевічам Сардаравым захапіліся ідэяй вярнуць мінскім мастам душу. Архітэктар запрасіў мяне да ўдзелу ў стварэнні праекта капітальнага рамонту моста цераз Свіслач у раёне Траецкага прадмесця, прапанаваўшы зрабіць яго мастацкае аздабленне. Гэты аб'ект мы разглядалі як мост з мінулага ў будучыню. Раскрыць тэму гісторыі Мінска я вырашыў праз мастацкія вобразы Нямігі і Свіслачы. Менавіта ў гэтым месцы дзве рэчкі зліваюцца. Няміга - рака, якой няма, яна цячэ па трубах пад зямлёй. Але ж менавіта з яе "крывавымі берагамі" звязана першая згадка пра старажытны Менеск. Вобраз ракі спалучае трагічнае і патрыятычнае.

Свіслач сёння цячэ праз увесь горад, і ў яе водах адлюстроўваецца хараство Мінска. Гэта душа сталіцы. Наш праект быў падтрыманы на ўсіх узроўнях, зацверджаны ў Камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама, навуковым кіраўніком гістарычнага цэнтра сталіцы Сяргеем Багласавым. Каштарыс на правядзенне работ быў складзены і зацверджаны дзяржэкспертызай. Аднак фінансаванне гэтага праекта распачалося толькі паўтара года таму. Улетку 2008 года я сустрэўся з дырэктарам УП "Гораўтамост" (які выступіў генеральным падрадчыкам) Яраславам Паўлоўскім і ён пераканаў мяне, што можна не спяшацца, бо спярша належыць завяршыць усе будаўнічыя работы, а ўжо потым прыступіць да мастацкіх. Хаця ўжо тады яны былі абавязаны заключыць дагавор, але я на гэтым не настаяў. Праз пэўны час я нагадаў, што пара б ужо было заняцца мастацкай часткай праекта. Галоўны інжынер "Гораўтамоста" Валерый Вараніцкі адзначыў, што неабходна правесці тэндэр.

Сустрэўшыся з Яраславам Паўлоўскім, мы абмеркавалі яго ўмовы. У прыватнасці, тое, што тэндэр можа быць праведзены толькі на выканальніцкуюпрацу, бо аўтарам ідэі скульптурнай кампазіцыі з'яўляюся я. Праз пэўны час "Гораўтамост" паставіў маё аўтарства пад сумнеў. Я прадаставіў ім даведку, якая пацвярджае мае аўтарскія правы. Тэндэр быў праведзены КУП "Тэндэрны цэнтр Мінгарвыканкама". Яго выйграла Мастацкае унітарнае прадпрыемства "Скульптурны камбінат", што пацвярджае паведамленне ад 13.05.2009. Ва ўмовах тэндэра былі пазначаны вельмі сціслыя тэрміны. Была ўказана і дата заключэння дагавора з УП "Гораўтамост". Да 10 чэрвеня работа ў мяккім матэрыяле была выканана і прадстаўлена Рэспубліканскаму мастацка-экспертнаму савету па манументальным мастацтве пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, дзе аднагалосна прынята. Але "Гораўтамост" пад рознымі прычынамі стаў ухіляцца ад заключэння дагавора. Адна з іх - як быццам бы няправільна праведзены тэндэр. Армен Сардараў атрымаў ад заказчыка ліст, дзе паведамлялася, што мастацкія работы выключаны з праекта у сувязі з эканоміяй сродкаў.

На сённяшні дзень творчая частка работы выканана на 100%. Кампазіцыя існуе ў мяккім матэрыяле і ў такім выглядзе доўга захоўвацца не можа. Унікальная работа, выпакутаваная многімі гадамі, можа загінуць. І таму я прашу дапамагчы знайсці сродкі для таго, каб зняць з яе форму, такім чынам захаваўшы работу, і, калі прыйдзе час, рэалізаваць праект. Мастацкі твор паўтарыць немагчыма!

Аляксандр ФІНСКІ"

 /i/content/pi/cult/229/3083/4-2.jpg

Вось і даводзіцца скульптару так ратаваць барэльефы...  

 
У выйгрышы не застаўся ніхто

Сённяшнюю сітуацыю іначай, як патавай, не ахарактарызуеш: у выйгрышы не застаўся ніхто. Доўгі ланцужок падзей, які вядзе ад ідэі манументальнага твора да яго з'яўлення ў трывалым матэрыяле на вуліцы горада, у пэўным месцы аказаўся разарваны.

Паспрабуем прасачыць хаця б яго "відочную" частку. Увасабленне любога манументальнага твора ў грамадскай прасторы пачынаецца з пасяджэння Рэспубліканскага мастацка-экспертнага савета па манументальным мастацтве пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Абысці гэтую браму, не парушаючы заканадаўства, немагчыма. Хаця некаторыя спрабуюць. Бо ведаюць, што брама, насамрэч, - вельмі вузкая. Дагадзіць прафесіяналам, якія складаюць Савет, можа толькі папраўдзе дасканалая работа - і ў ідэйным, і ў мастацкім, і ў "тэхнічным" аспектах. Прыдзірлівыя эксперты не заплюшчваюць вочы нават на самыя дробныя недахопы. Яно і зразумела: манументальнае мастацтва - гэта на вякі! Твор Аляксандра Фінскага на разгляд Савета выносіўся двойчы: 19 мая і 10 чэрвеня гэтага года.

Першы раз - у выглядзе эскізнага праекта, а другі - ужо ў выглядзе мадэлей у мяккім матэрыяле і ў натуральную велічыню. Гартаючы пратаколы гэтых пасяджэнняў Савета, дзівішся таму аднадумству, з якім іх члены паставіліся да задумы скульптара: адмоўных або нават крытычных водгукаў яго работа не атрымала ніводнага - спрэс ухвальныя. Па словах старшыні Савета, прарэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіла Баразны, падобная сітуацыя пад час пасяджэнняў складаецца вельмі рэдка: - Наконт мастацкіх вартасцей гэтага твора і прафесіяналізму яго аўтара ніякіх сумневаў не ўзнікае. Аляксандр Фінскі - адзін з лепшых у нашай краіне майстроў манументальнай пластыкі, творца, без перабольшвання, еўрапейскага маштабу. Яго рэпутацыя бездакорная - і ў плане маральна-этычным, і як прафесіянала, што валодае вялікім досведам і дасканалым густам. Мінск для Аляксандра Міхайлавіча - блізкая тэма, ён любіць гэты горад, ведае яго гісторыю. Асабліва важным для нас было тое, што скульптурная частка праекта распрацоўвалася разам з архітэктурнай. І я, і мае калегі перакананы:твор Аляксандра Фінскага стаў бы сапраўдным упрыгожаннем для нашага горада.

 Пасля аднагалоснага галасавання членаў Савета творчую частку праекта можна было лічыць здзейсненай. Заставалася толькі тэхнічная. За некалькі дзён да першага пасяджэння манументальнага Савета па патрабаванні генпадрадчыка - УП "Гораўтамост" - быў праведзены тэндэр на выкананне скульптурнай кампазіцыі. Яго выйграў МУП "Скульптурны камбінат". Па словах дырэктара ўстановы Таццяны Івановай, ажыццяўленне праекта пачалося яшчэ да падпісання дамовы з генпадрадчыкам.

 - "Гораўтамост" задаў вельмі жорсткія ўмовы па тэрмінах, - кажа яна. - Графік пастаўкі элементаў кампазіцыі быў распісаны літаральна па днях. Да 15 ліпеня мы мусілі ўжо скончыць працу. Удзельнічаючы ў тэндэры, мы разумелі, што выйграўшы яго, адразу трэба брацца за справу, не чакаючы заключэння дагавора. Бо зазвычай гэты працэс зацягваецца, і таму паўстала рызыка не выканаць тэндэрныя абавязкі. Цягам месяца тытанічнай працы мадэль твора была зроблена ў мяккім матэрыяле - 10 чэрвеня члены Савета ўжо маглі яе бачыць на ўласныя вочы. Праца на камбінаце працягвалася. Былі адфармаваны і часткова адліты чатыры элементы аздаблення асвятляльных мачтаў, якія ўваходзілі ў кампазіцыю. Ажыццяўленне праекта спынілася толькі пасля таго, як на камбінаце зразумелі: генпадрадчык не спяшаецца заключаць дагавор. У адказ на пісьмовы запыт ад імя сваёй установы Таццяна Іванова атрымала 27 ліпеня ліст наступнага зместу: "Дзяржаўнае прадпрыемства "Гораўтамост" не можа заключыць дагавор на пастаўку сілумінавых элементаў, асноў мачтаў асвятлення з канелюрамі з прычыны неадпаведнасці рашэння конкурснай камісіі КУП "Тэндэрны цэнтр Мінгарвыканкама" тэхнічнаму заданню Дзяржаўнага прадпрыемства "Гораўтамост", а таксама іншым неадпаведнасцям, якія ўтрымліваюцца ў ПКД і Вашым дагаворы на пастаўку сілумінавых элементаў". Для дырэктара камбіната гэты факс стаў непрыемным сюрпрызам.

 - Такога павароту падзей мы не чакалі, і нават не ведаем, чым ён тлумачыцца, - недаўмявае яна. - Бо ніякіх парушэнняў з нашага боку не было. На просьбу "расшыфраваць" загадкавую фармулёўку, прыведзеную ў лісце, дырэктар камбіната адно паціснула плячыма.

- Гэта агульныя фразы: у іх няма ніякай канкрэтыкі, - адзначыла яна.- Мне болей няма што вам сказаць. Таццяна Іванова бярэ калькулятар і падлічвае страты сваёй установы: заробак супрацоўнікам, матэрыялы... Набягае нешта каля шасці мільёнаў рублёў.

"У цяперашні час гэта для нас вялікія грошы", - кажа яна. Пра свае маральныя выдаткі дырэктар нават і не згадвала. Зазначыла толькі, што з прычыны "аўралу", скульптару давялося працаваць на камбінаце па вельмі напружаным графіку.  

 

Твор або выраб?

 Пытанняў да дырэктара ДП "Гораўтамост" Яраслава Паўлоўскага назбіралася нямала. Ён пагадзіўся адказаць на любое з іх. Кіраўнік прадпрыемства, якое апякуецца 110 аб'ектамі ў Мінску, адразу знайшоў час для сустрэчы з карэспандэнтам "К".

 - Разумееце, я - просты будаўнік, - з гэтых слоў Яраслаў Анатольевіч пачаў нашу гутарку. - У мяне ёсць праектная дакументацыя, і наша прадпрыемства выконвае працы згодна з ёю, асвойваючы не ўласныя грошы, а бюджэтныя. Што да гэтага канкрэтнага выпадку... Я быў згодны аплаціць усе артыкулы каштарыса, апрача аўтарскага ўзнагароджання. Бо на тое, каб выплаціць скульптару ганарар, няма прававой асновы. Сума аўтарскага ўзнагароджання даволі вялікая: яна складае прыкладна палову ад агульнага кошту работы. Але ж гэтая лічба ўзялася не "са столі": як патлумачыла Таццяна Іванова, яна была вызначана згодна з расцэнкамі Беларускага саюза мастакоў.

 - Праца скульптара вельмі складаная, - адзначыў Міхаіл Баразна.- Яна патрабуе не толькі таленту, але і кваліфікацыі: мала якіх спецыялістаў у ВНУ рыхтуюць ажно шэсць гадоў! І таму павінна быць адпаведным чынам ацэнена. Хаця вызначэнне канкрэтных сум ганарару, як вядома, у кампетэнцыю Манументальнага савета не ўваходзіць, таму менавіта гэты выпадак я пракаменціраваць не магу. На думку дырэктара камбіната, для генпадрадчыка агульны каштарыс скульптурнай часткі праекта не павінен быў стаць неспадзяванкай:

 - Тры гады таму я давала папярэдні разлік кошту скульптурнай кампазіцыі, з улікам аўтарскага ганарару. У каштарысе ён быў закладзены адной лічбай: гэта нешта каля 300 мільёнаў рублёў. Але ў выніку праект удалося зрабіць таннейшым - у тым ліку і дзеля таго, каб выйграць тэндэр. Атрымалася меней за 200 мільёнаў. Зрэшты, як адзначыў Яраслаў Паўлоўскі, справа зусім не ў суме аўтарскага ўзнагароджвання:

- Калі б яна была ўнесена ў дакументацыю, калі б праект у гэтым выглядзе прайшоў дзяржэкспертызу, я б з лёгкім сэрцам падпісаў дамову з камбінатам. Але ў праекце капітальнага рамонту моста праз Свіслач пра скульптурную кампазіцыю аўтарства Аляксандра Фінскага ўвогуле нічога не сказана! - агаломшыў ён мяне. На маю просьбу пагартаць гэты дакумент, Яраслаў Паўлоўскі дастае папку з будаўнічым праектам, на якой стаіць "віза" Камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінгарвыканкама, - імя скульптара сярод яго аўтараў сапраўды не згадваецца. Хаця мастацкае аздабленне на рысунку моста добра праглядаецца - менавіта ў выглядзе барэльефаў па яго цэнтры і ўставак па баках. Здавалася б, паводле здаровага сэнсу, наяўнасць у кожнай мастацкай рабоце аўтара павінна вынікаць з самога факту існавання гэтай працы. Тым болей, па словах Аляксандра Фінскага, як толькі паўстала пытанне адносна ягонага аўтарства, ён узяў у праектнай арганізацыі адпаведную даведку. Але... як адзначыў Яраслаў Паўлоўскі, гэтага дакумента яўна недастаткова:

 - Імя аўтара павінна фігураваць у праектнай дакументацыі. Адразу трэба было пазначыць і памер яго ўзнагароджання ў базавых велічынях. Тады гэтыя сродкі былі б закладзены ў каштарыс рамонтных работ. Чаму гэта не было зроблена? Пытанне - не да мяне. Тут узнікае заканамернае пытанне: на выраб чаго тады "Гораўтамост" аб'яўляў тэндэр? Яраслаў Паўлоўскі патлумачыў гэтую казусную, здавалася б, сітуацыю. "Расшыфраваў" ён і ліст з адмовай падпісаць дагавор, дасланы ў Скульптурны камбінат:

- У тэхнічных умовах нічога не сказана пра тое, што сілумінавыя элементы, на стварэнне якіх аб'яўляўся тэндэр, з'яўляюцца творам манументальнага мастацтва, не вядзецца гаворка там і пра іх аўтарства і суму ганарару. Тэндэр быў праведзены на стварэнне індывідуальных вырабаў адпаведных параметраў. Адчуваеце розніцу? Гэтая паняційная "нестыкоўка" выяўляе адну з крыніц непаразумення паміж бакамі. Аўтар лічыць "сілумінавыя элементы" унікальным мастацкім творам, але генпадрадчык перакананы, што дэ-юрэ яны з'яўляюцца ўсяго толькі "вырабам". І прыводзіць свае аргументы. Гэтая розніца мае юрыдычнае і фінансавае вымярэнні. Аплата працы "безыменнага" дызайнера, які стварае праект такога элементу аздаблення, досыць сціплая і не патрабуе асобнай графы ў каштарысе. Іншая справа - твор майстра. - Атрымаць сродкі з бюджэту на выплату аўтарскага ганарару ў дадзеным выпадку я не магу, - працягвае Яраслаў Паўлоўскі.

- Мне іх папросту ніхто не дасць. Траціць грошы сваёй арганізацыі на тое, што не прадугледжана праектам, - гэта парушэнне закону. Заставалася хіба што выкласці іх з уласнай кішэні... У сваім лісце Аляксандр Фінскі сцвярджае: скульптурны праект быў узгоднены з Камітэтам архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама. Яраслаў Паўлоўскі гэта аспрэчвае. У якасці доказу ён прыводзіць той самы дакумент, што і скульптар, пазначаны датай 27 мая 2004 года:

 "Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама, разгледзеўшы прадстаўленыя матэрыялы і з улікам меркавання навуковага кіраўніка гістарычнага цэнтра г. Мінска Багласава С.Г. узгадняе для далейшага праектавання архітэктурнае рашэнне моста праз р. Свіслач па вул. М.Багдановіча (ГАП - Сардараў А.С.): колеравае рашэнне паводле варыянта 2, парэнчавую агароджу паводле варыянта 3. Апоры асвятлення дапрацаваць і прадставіць на ўзгадненне дадаткова. Будаўнічую стадыю праекта ва ўстаноўленым парадку прадставіць на ўзгадненне ў камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва, прадугледзеўшы выкананне патрабаванняў архітэктурна-планіровачнага задання".

- Як вы самі бачыце, пра мастацкае аздабленне тут нічога не сказана, - дадае дырэктар "Гораўтамоста". - Эскізны праект скульптурнай кампазіцыі быў вынесены на разгляд Рэспубліканскага савета па манументальным мастацтве толькі 19 мая гэтага года. Яраслаў Паўлоўскі не адмаўляе таго, што са скульптарам яму даводзілася сустракацца і значна раней: ужо летась імі абмяркоўвалася мастацкая частка праекта капрамонту. Але, як адзначыў дырэктар "Гораўтамоста", гэта былі толькі папярэднія перамовы, ды і тэма ганарару пад час іх не ўзнімалася.

 - Зразумейце мяне правільна: архітэктурнае аблічча роднага горада мне зусім не абыякавае. Але ж я - проста выканаўца, які павінен кіравацца наяўнай дакументацыяй. Напэўна, пад час яе падрыхтоўкі былі дапушчаны пэўныя недапрацоўкі. Іначай ніякіх праблем не ўзнікла б, - рэзюмаваў Яраслаў Паўлоўскі.

/i/content/pi/cult/229/3083/5-1.jpg "Спяшацца не трэба"

 Пошукі адказу на "спрадвечнае" пытанне "Хто вінаваты?" можна было б працягваць. Ды толькі... ці трэба? Бо ясна адно: адбылося непаразуменне.Не ідэйная супярэчнасць, а банальны казус. І таму ў дадзеным выпадку куды больш актуальным падаецца другое "спрадвечнае" пытанне: "Што рабіць?".

 - Пакуль мост пазбаўлены пластыкі, праект цяжка назваць рэалізаваным у поўнай меры, - мяркуе Міхаіл Баразна. - Кампазіцыя Аляксандра Фінскага здатная надаць функцыянальнаму аб'екту ўласнае непаўторнае аблічча. Сёння казаць пра наяўнасць у ёй нейкіх адметных рыс не выпадае, хаця, паводле архітэктурных прапорцый, яна прыгожая. З думкай старшыні Манументальнага савета пагодзяцца многія: мост, размешчаны ў гістарычным цэнтры Мінска, не можа быць проста мостам. Месца, адведзенае на ім для барэльефаў і ўставак, пакуль пустуе. Яно не было занятае ніякімі безаблічнымі "індывідуальнымі вырабамі".

- Капітальны рамонт моста завершаны, але гэта не значыць, што на скульптурнай кампазіцыі можна паставіць крыж, - кажа Яраслаў Паўлоўскі. - Паверце, я толькі за тое, каб яна была ўсталявана. Нічога страшнага, калі гэта адбудзецца праз тры, чатыры месяцы, нават праз год. Спяшацца не трэба. Галоўнае, каб усё было аформлена згодна з заканадаўствам. Мост спрадвеку быў сімвалам паразумення. Можа, і цяпер спрацуе чароўная сіла метафары? У любым выпадку, абодва бакі канфлікту на гэта спадзяюцца.

- У такім выпадку я гатовы ўласнаручна свідраваць дзіркі для барэльефаў Аляксандра Фінскага! - паабяцаў Яраслаў Паўлоўскі. Карэспандэнт "К", у сваю чаргу, выказаў гарачае жаданне стаць сведкам гэтай гістарычнай падзеі.

Фота Юрыя ІВАНОВА