“Залаты” кастрычнік

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

Учора адбылося ўрачыстае адкрыццё ХІ Міжнароднага музычнага фестывалю “Залаты шлягер-2009 у Магілёве”. Але ўжо напярэдадні, акурат у Дзень музыкі, заззяла “Залатое сэрца”: канцэрт памяці Міхаіла Таніча, падрыхтаваны і праведзены Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга.

Сённяшні фестывальны дзень пройдзе пад знакам не толькі шматлікіх канцэртаў (у тым ліку аркестра "Новая Расія" на чале з Юрыем Башметам), але і конкурсу вакальнаінструментальных ансамбляў імя Уладзіміра Мулявіна. У межах фестывалю, які працягнецца да 16 кастрычніка, - шмат цудоўных сустрэч, прычым не толькі музычных. Бо мэта фестывалю - з'яднаць мінуўшчыну, сучаснасць і будучыню ў залаты ланцужок "хітоў" розных відаў мастацтва.