Радзівіліяна і Скарыніяна

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі распрацаваны шэраг новых падбаз электроннага каталога — праграмы па пошуку і заказе літаратуры. Цяпер пагартаць рарытэты, старадрукі і дазнацца пра гістарычныя падзеі і знакамітых людзей зможа кожны карыстальнік НББ.

На прэзентацыі баз унутранай генерацыі прадэманстравалі зборы "Перыядычнага друку Беларусі 2-ой паловы XVIII ст. - 1917 г.", "Крыніц па гісторыі Беларусі канца XVIII - пач. XX стагоддзя", "Палеатыпы і інкунабулы з фондаў НББ", "Скарыніяна" і таямнічая "Radziviliana"- міжнародны праект па падтрымцы духоўнай спадчыны чалавецтва і захоўвання рарытэтных выданняў, якія належалі знакамітаму магнацкаму роду,- усяго 7 новых тэматычных калекцый. Таксама прадэманстраваны 2 базы даных, зробленыя бібліятэкай: "Чарнобыль (звесткі аб дакументах за 1991 - 2005 гг.)" і "Беларусь у асобах і падзеях".
Раней пазнаёміцца з тымі ж старадрукамі мог не кожны карыстальнік НББ: трэба было чакаць заказаную літаратуру або прад'яўляць спецыяльны пісьмовы дазвол. Цяпер "пагартаць" у электронным выглядзе, скажам, "Opera" Anselmus Cantuariensis 1033 - 1109" (XV ст.), "Orbecche Tragedia" Giraldi Cinthio Giovanni Battista (1505 - 1573)", "Кнігу Іова" з прадмовай Францыска Скарыны (1517, Прага) або некаторыя выданні з эксклюзіўнага, старажытнага збору "Biblioteka Ordynacji Nieswieskiej" можа любы ахвотны. Гонарам НББ можа стаць і база "Беларусь у асобах і падзеях", дзе размешчаны звесткі пра розных людзей, што ўнеслі ўклад у развіццё Беларусі. У гэтай электроннай базе можна таксама прачытаць пра падзеі, якія адбываліся ў розныя часы ў гісторыі нашай краіны.
Кацярына БЕЛІКАВА,
бібліятэкар аддзела абслугоўвання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі