Са сваім почыркам

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

Не паспеў адшумець ХIV Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа”, а Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі” зноў прымае гасцей: з нагоды святкавання 65годдзя з дня заснавання.

Увесь гэты час калектыў тэатра выпрацоўваў свой, асаблівы, почырк, асвойваў разнастайныя акцёрскія і рэжысёрскія стылі, інтэнсіўнавёў творчы пошук, сведчаннем чаму - каля паўтысячы спектакляў, сярод якіх і тыя, што ўпісалі імя брэсцкага тэатра ў гісторыю беларускага тэатральнага мастацтва.
 З павагай і шанаваннем успамінаюць у тэатры тых, хто ўнёс асаблівы ўклад у яго станаўленне і развіццё: рэжысёраў П.Вінаградава, Г.Волкава, С.Еўдашэнку, У.Караткевіча, А.Міронскага, Ю.Арынянскага, Ю.Рэшымава; мастакоў А.Бузаверава, А.Марозава, Ф.Назарава, П.Расамахіна, М.Смародкіна, А.Ціхановіча; акцёраў М.Абрамава, А.Асторына, Ю.Уласава, Т.Заранок, З.Курдзянок, А.Логінава, П.Маркіна, Б.Уксусава ды іншых. Ідуць гады, змяняюцца пакаленні, але тэатр працягвае жыць, і сёння касцяк трупы тэатра складаюць такія акцёры, як К.Перапяліца, Г.Токараў, В.Давыдзенка, В.Міхайлаў, Т.Ляўчук, Я.Тарасаў, М.Мятліцкі, С.Пяткевіч, А.Шчарбакоў, В.Жук, Н.Лабко, В.Піскун, В.Варанковіч... Дарэчы, за ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва акцёры тэатра Тамара Ляўчук і Міхаіл Мятліцкі сёлета былі ўганараваны медалямі Францыска Скарыны.
 Сёння пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксандра Козака тэатр прапануе сваім гледачам як традыцыйную глыбокую псіхалагічную драму, так і магчымасць акунуцца ў вір тэатральнага эксперыменту. Святочны вечар, пад час якога Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы змогуць павіншаваць усе ахвотныя, адбудзецца 7 кастрычніка.
Ул. інф.