Юбілей на “Царскай паляне”

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

Як паведамляла ўжо наша газета, 3 кастрычніка Нацыянальны парк “Белавежская пушча” адсвяткуе 600-годдзе з часу ўстанаўлення запаведнага рэжыму. Мы звязаліся з арганізатарамі святочнага мерапрыемства, каб даведацца пра апошнія навіны.

Як расказала "К" першы намеснік начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Тамара Паўлюковіч, у Белавежскай пушчы чакаецца кірмаш мастацкай творчасці з удзелам 150 майстроў з Брэсцкай вобласці, а таксама будзе працаваць лагер рыцараў-паляўнічых. Прыкладна а 12 гадзіне распачнецца ўрачысты канцэрт, прымеркаваны да адкрыцця свята. Цягам усяго дня 3 кастрычніка на "Царскай паляне" Нацыянальнага парку запланаваны выступленні шматлікіх вядомых калектываў і выканаўцаў: Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна, Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору краіны імя Г.Цітовіча, артыстаў беларускай эстрады, Заслужанага аматарскага калектыву "Палешукі" (Іванаўскі раён) і іншых творцаў з Брэсцкай вобласці, калектываў з Расіі, Польшчы і Літвы.