Скарбы ў аб’ектыве

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

Кніжныя фаліянты ў межах мастацкага праекта “Спадчына Беларусі”, распачатага яшчэ ў 2003 годзе, нязменна прыцягваюць увагу грамадскасці, у тым ліку на прэзентацыях, што за гэты час адбыліся ў Англіі, Арменіі, Італіі, Польшчы, іншых краінах. Усяго за некалькі гадоў агульны тыраж выданняў перавысіў 30 тысяч экземпляраў.

Трэцяя кніга з гэтай серыі - "Скарбы Беларусі" - аб'яднала папярэднія выданні і ўзбагацілася унікальнымі фотаздымкамі, што адлюстроўваюць нацыянальныя скарбы з дзяржаўных музейных збораў і калекцый праваслаўных і каталіцкіх храмаў. Да таго ж, аб'ектыў фатографаў зафіксаваў тэндэнцыі і дынаміку адраджэння архітэктурнай спадчыны краіны. Нельга не адзначыць і вытанчаны дызайн кнігі, яе сучаснае афармленне ды высокую якасць паліграфіі, таму нават пагартаць фаліянт лічым за гонар.
 Не выпадкова пад час прэзентацыі "Скарбаў Беларусі", якая 30 верасня адбылася ў Нацыянальным мастацкім музеі, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка падкрэсліў, што неаднойчы нашы дыпламаты мелі магчымасць дарыць гэтыя кнігі прадстаўнікам розных замежных краін. Таму яму даводзілася бачыць уражанні тых, хто атрымліваў такі падарунак: гэта былі выключна пачуцці захаплення. Менавіта таму, на думку міністра, такі іміджавы праект беларускай культуры неабходна і надалей развіваць і папулярызаваць, што, між іншым, і плануецца.
Ужо сёння, па словах аднаго са стваральнікаў кнігі- рэжысёра і журналіста Нацыянальнай дзяржаўнай телерадыёкампаніі краіны Алега Лукашэвіча, вядзецца праца над новым выданнем з гэтай серыі- "Скарбы Радзівілаў". Яно дазволіць бліжэй пазнаёміцца з каштоўнасцямі, якія стагоддзямі збіраліся і належалі славутаму роду.
К.А.