Парыс у Мінску

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

2 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылася неардынарная падзея — вернісаж адной карціны. Прадстаўлены твор італьянскага жывапісца Парыса Бардоне “Мадонна з немаўлём, святым Энрыка з Упсалы і святым Антоніем Падуанскім” з калекцыі Музея правінцыі Бары “К.Джавінта” (Італія). Гэтая акцыя арганізавана пры садзейнічанні Пасольства Італіі ў Рэспубліцы Беларусь.

/i/content/pi/cult/229/3072/2-1.jpgНа прэс-канферэнцыі, якая адбылася 1 кастрычніка, на пытанні журналістаў адказалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італіі ў Рэспубліцы Беларусь спадар Джуліо Прыджоні, прадстаўнік Асацыяцыі італьянскіх кандытэраў спадар Рэната Кучынота, дырэктар мастацкага музея правінцыі Бары "К.Джаквінта" (Італія) спадарыня Клара Джэлаа, дырэктар Нацыянальнага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў.
Пасля прэс-канферэнцыі адбылася прэзентацыя карціны. На ёй прысутнічалі міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў, міністр культуры краіны Павел Латушка, паслы замежных краін, акрэдытаваныя ў нашай рэспубліцы, іншыя афіцыйныя асобы, а таксама дзеячы культуры і мастацтва. Парыс Бардоне - мастак венецыянскай школы маньерызму. З 1516 па 1518 гг. ён працаваў у майстэрні Тыцыяна. Праз 20 гадоў пайшоў на службу да французскага караля Францыска І у Фантэнбло, дзе маляваў партрэты магутных прадстаўнікоў каралеўскага двара. Потым мастак працаваў у Трэвіза, Вічэнцэ, Генуі, Крэме, Турыне. Прызнаны як выдатны партрэтыст, асабліва - жаночых вобразаў, ён ствараў таксама кампазіцыі на гістарычныя і рэлігійныя сюжэты. Самае цікавае тое, што карціна мае непасрэднае дачыненне да тых глыбокіх сувязей, якія калісьці існавалі паміж Бары, сталіцай герцагства Боны Сфорцы, і землямі Польшчы і ВКЛ.
 Бона Сфорца была каралевай польскай і княгіняй ВКЛ дзякуючы шлюбу з каралём Сігізмундам І (1518). Карціна напісана ў перыяд, калі каралева, тады ўжо ўдава, вярталася ў Бары, і была заказана Парысу Бардоне сям'ёй Танці, якая прыехала ў Апулію следам за Ізабэлай Арагонскай - маці Боны Сфорцы, у гонар дзеда Энрыка Танці, консула Міланцаў у Бары. Першапачаткова твор знаходзіўся ў капліцы Боскага Цела кафедральнага сабора Бары (пазней - капліца Святых Энрыка і Антонія). У 1536 г. капліцу выкупілі браты Габрыэль і Галеаццо Танці, якія потым заказалі алтарную карціну. Адлюстраваны на парцьеры герб, мабыць, з'явіўся ўжо ў XVIII ст. У 1929 г. твор паступіў на захаванне ад Архіепіскапскай курыі, а пазней быў падораны Музею кавалерам Карло Танці дзі Блевіо. Большасць мастацтвазнаўцаў адносяць стварэнне карціны да сярэдзіны XVI ст., бо дакладная дата адсутнічае. Так ці інакш, гэты твор з'яўляецца шэдэўрам сталага Парыса Бардоне - аднаго з самых вытанчаных і элегантных прадстаўнікоў венецыянскага жывапісу XVI ст., якога Джордж Вазары называў вучнем вялікага Тыцыяна.
Арганізатары выстаўкі вельмі спадзяюцца, што гэтае першае сумеснае мерапрыемства правінцыі Бары і Беларусі, якіх звязвае паміж сабою асоба Боны Сфорцы, прынясе ў будучым свае плады на карысць Італіі і Беларусі. Выстаўка прадоўжыцца да канца кастрычніка.

На фота: П.Бардоне. "Мадонна з немаўлём, святым Энрыка з Упсалы і святым Антоніем Падуанскім".

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"