Акрыленыя танцам

№ 20 (786) 19.05.2007 - 25.05.2007 г

Сваё 30-годдзе кафедра харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў святкавала ў Канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі — у межах традыцыйнага для гэтай навучальнай установы фестывалю мастацтваў “Арт-мажор”. Юбілейны вечар, сціпла названы (зноў-такі, паводле традыцыі) “справаздачным канцэртам”, пачынаўся нязвыкла рана — а 17-ай гадзіне. Але не дзеля таго, кааб дзве гадзіны запар юбілярам спявалі дыфірамбы ў вершах і прозе, а каб пасля больш як трохгадзіннага канцэрта ў двух аддзяленнях ўсе паспелі на “трэцяе” — фінал “Еўрабачання”, дзе ў “падтанцоўцы” Дзмітрыя Калдуна былі задзейнічаны дзве выхаванкі кафедры.

 /i/content/pi/cult/115/307/Akrylenyja-tanzam1.jpg
Надзвычай лагічна: першае аддзяленне — паказ цяперашніх творчых работ педагогаў і студэнтаў, другое — работ выпускнікоў і трэцяе — выхад “на Еўропу”. А да таго ж, шыкоўная трохчасткавая форма: у пачатку канцэрта — “Фінская полька-жарт”, у фінале “Віцебская полька”, а потым — зноў Фінляндыя, толькі ў тэлеварыянце. Меў канцэрт і “уверцюру”— пластычна-тэатралізаваную “прэзентацыю” педагагічнага складу, што суправаджалася сціслым аповедам пра багатае “гістарычнае мінулае” кафедры.

А якое ж багатае “гістарычнае цяперашняе”! Папраўдзе гістарычнае, без аніякага двукосся, бо што ні нумар — то маленькі шэдэўр, годны паказу на самым высокім міжнародным узроўні. Здавалася б, усяго толькі пастаноўкі студэнтаў розных курсаў, выкананыя пад кіраўніцтвам педагогаў, а ў кожнай — ці то свая філасофская канцэпцыя, ці то спрасаваная “гісторыя жыцця”, расказаная на абвостраным эмацыйна-псіхалагічным узроўні. Не было ні “танца дзеля танца” (нават сярод бальных нумароў), ні “спыненых імгненняў” — паўсюль панавала ўласцівая юнацтву імклівая дынаміка развіцця, жывое пульсаванне не толькі сэрца, але і думкі. Ніводнага лексічна “пустога” нумара, у кожным — свая “разыначка”, прыдумка.

А яшчэ — надзвычай дакладнае прачытанне музыкі, не абавязкова літаральнае, часам асацыятыўнае, але — пападанне такт у такт, нота ў ноту. У “Музычным капяжы” — “дырыжорскія” замашкі, што аб’ядноўваюць самыя простыя “скокі на месцы”. У згаданай “Фінскай польцы” — не падскокі, а мяккія крокі, адчуванне “лялечнасці”, нават батлейкавай. У “Карапеце” — спалучэнне танца з дзіцячай “гульнёй у рызінкі”, а тыя чырвоныя рызінкі — не толькі повязі, што злучаюць ці разлучаюць удзельнікаў, але і своеасаблівыя “лазерныя праменчыкі”. У кампазіцыі “Можа быць?” — іранічны аповед пра цяжкую жаночую долю і няспраўджаныя мары. У “Печках-лавачках” — такія заўзятыя скокі, што нават сама печка да іх далучаецца. У “Вальсочку” — гібрыд вальса з полечкай, вельмі “свойскі” паводле народнай беларускай танцавальнасці. Нават у цыганскім “Сонейку” — асацыятыўныя сувязі з ранняй прозай М.Горкага.

 /i/content/pi/cult/115/307/Akrylenyja-tanzam2.jpg
Тры аддзяленні кафедры — народнае, эстраднае і бальнае — ахопліваюць увесь танцавальна-пластычны спектр сучаснасці. Бо ў канцэрце, акрамя неафольку, была і неакласіка, і мадэрн, і ўсходні танец жывата, і эмацыйна насычаныя “прачытанні” эстрадных песень. Былі і нумары, што ўжо можна лічыць класікай жанру: “Свечка гарэла” Л.Яфрэмавай, “Як я закахаўся” В.Моўчана, “Лібер-танга” Г.Мялешынай. Вядома, была паказана і кампазіцыя “А дзе нота?” Ю.Філіпчука і М.Міхайлавай, уганараваная на Міжнародным фестывалі харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод”.
 /i/content/pi/cult/115/307/Akrylenyja-tanzam3.jpg

Ды ўсё ж, пры ўсіх маіх “гімнічных замілаванасцях”, выкажу і неспакой. Выклікала яго другое аддзяленне, некаторыя нумары якога часам расчароўвалі. Не, з узроўнем прафесіяналізму, набытага ў сценах універсітэта, у былых выпускнікоў “усё ў парадку”. Але куды падзеліся былыя выбухі фантазіі, творчай дзёрзкасці? Можа, яны і не зніклі назаўсёды, але відавочна падпарадкоўваліся той традыцыйнай (а ў некаторых выпадках — і занадта традыцыйнай) эстэтыцы, што пануе ў прызнаных калектывах. Можна, вядома, суцяшаць сябе “пераемнасцю традыцый”, ганарыцца, што студэнты лепей за прафесіяналаў. Але ці ж не шкада, што гэткі багаты патэнцыял, якім валодаюць выпускнікі кафедры, выкарыстоўваецца не на поўную моц? Хаця былі і супрацьлеглыя прыклады — тая ж “Путанка-распутанка” А.Карповіча і народнага ансамбля танца “Белая Русь”, “Падвойны ўдар” Н.Русакевіч і дзіцячай “Раўніцы” і інш.

А калі б на вечары ўручалі “Прыз глядацкіх сімпатый”, дык яго, безумоўна, атрымаў бы Тэатр сучаснай харэаграфіі D.O.Z.S.K.I з фрагментам спектакля “Дэ-Рэ” Дзмітрыя Залескага і Вольгі Скварцовай: некаторыя гледачы ўвогуле ішлі менавіта на гэты калектыў, узрушаныя яго нядаўняй прэм’ерай на “дзень-нараджэнскую” тэму. Вось ён — паказчык запатрабаванасці!

Мела святкаванне і надзвычай моцную “коду” (нават коду-кульмінацыю, а не ціхую пастлюдыю), што адбылася праз тры дні пасля канцэрта. Гэта — два вечары гурта “ТАД” Гродзенскай абласной філармоніі на сцэне сталічнага ДК імя Ф.Дзяржынскага (пры падтрымцы прадзюсерскага цэнтра “Мэджык”). Вось дзе быў палёт ідэй! Філасофскіх, духоўных, відовішчных, тэатральных, мастацкіх, музычных, драматургічных, пластычных, уласна харэаграфічных (прынамсі, з харэаграфічных і трэба пачынаць, бо менавіта мова гнуткага чалавечага цела і становіцца згусткам той творчай энергіі, з якога ўзрастаюць усе астатнія складнікі тадаўскіх мініяцюр і аднаактовых балетаў)…

Ды за аднаго такога выпускніка, як кіраўнік гурта Д.Куракулаў, кафедры трэба “помнік пры жыцці” ставіць.

У выглядзе, зразумела, усё новых сустрэч з гледачом!


Фота Андрэя СПРЫНЧАНА