Колькі гукаў у акордзе?

№ 39 (907) 26.09.2009 - 02.10.2009 г

26 — 27 верасня ў Жодзіне пройдзе VII Рэспубліканскі конкурс эстрадных выканаўцаў “Белазаўскі акорд-2009”. Яго адметнасцю сёлета стане ўдзел не толькі салістаў, але і ансамбляў. Журы ўзначаліць народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка.

Са звыш 40 заявак, што паступілі на конкурс з розных куткоў Беларусі і нават з Пскоўскай вобласці, былі адабраны 15 фіналістаў і яшчэ 4 дадатковыя кандыдаты - на выпадак, калі некаторыя канкурсанты асноўнага складу не адрэагуюць на заўвагі і патрабаванні, выказаныя ім арганізатарамі. Такі сур'ёзны падыход да адбору ўдзельнікаў і фарміравання складу прафесійнага журы дазваляе конкурсу штогод запальваць новыя зорачкі, якія потым не губляюцца на нашым эстрадным небасхіле, а ззяюць усё ярчэй.
Сярод тых, хто ў розныя гады ўпрыгожваў конкурсную палітру "Белазаўскага акорда", - Мілана, Віталь Гардзей, фіналісты праекта "Новыя галасы Беларусі" Маргарыта Халатава, Аляксандр Маркевіч, уладальнікі Гран-пры маладзечанскага фестывалю Алеся Кульша(2007 г.), Аляксандр Салаўёў (2009 г.), Міжнароднага конкурсу на "Славянскім базары ў Віцебску" - Дзмітрый Даніленка (2009 г.) і многія іншыя. Арганізатары сочаць за іх творчым лёсам, уключаюць пераможцаў мінулых гадоў у далейшую праграму, выпускаюць кампакт-дыскі з лепшымі конкурснымі выступленнямі. Калі сабраць усё разам, атрымаецца не тое што акорд - цэлая партытура, вядучы голас у якой належыць беларускамоўным песням.
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"